Выбрать главу

— Будзе дождж, — сказаў Кока-Кола.

— Дождж? — падалося Наташы, з трывогаю перапытаў Кальмар.

— Будзе, — упэўнена сказаў Кока-Кола. — Перад дажджом заўсёды мазалі баляць. Атмасферны ціск паніжаецца. І расшыраюцца тканкі нагі. А цвёрды мазоль не здольны аднолькава расшырацца з мяккімі часткамі цела. Вось і раздражняюцца нервы.

— Бач ты! — здзіўлена прагаварыў Кальмар. — Залатая галава ў цябе, Кока-Кола. Нездарма сам Кляйн цябе паважае.

Наташа ўспомніла пра запіску. Кляйн, Кляйн… І там было такое прозвішча. Значыць, яны з Эльдарада. Значыць, праляцелі. Кляйн, Кляйн…

«Кляйн» у перакладзе з нямецкай абазначае «маленькі». Нямецкае гэта прозвішча. Але ж Эльдарада ў Лацінскай Амерыцы знаходзіцца. Там жывуць індзейцы, у іх павінна быць свая мова, не нямецкая. Чаму так? А запіска дык на рускай мове напісана. Хіба яны ведаюць рускую мову? Выходзіць, ведаюць. І ў нас дапамогі просяць. Але чаму мяне схапілі? Чаму такія нялюдскія? Чаму?

— Кока-Кола, — соладка пазяхнуў, пацягнуўшыся Кальмар, — значыць, будзе дождж?

— Будзе. Праз сем — дзесяць гадзін.

— Адкуль ты ведаеш? — азваўся Банан.

— Неба вечарам было ружовае. Заўсёды так: калі неба ружовае, чакай з захаду дажджу.

— І далёка хмары ад нас?

— За дзвесце — чатырыста кіламетраў. Перад заходам сонца на небе былі пёрыстыя воблакі. Гэта паказвае, што дождж ідзе за дзвесце — чатырыста кіламетраў ад нас.

— Цікава. А як ты даведаўся, што праз сем — дзесяць гадзін тут дождж пачнецца?

— Воблакі звычайна плывуць з хуткасцю трыццаць — сорак кіламетраў у гадзіну. Адлегласць, дзе ідуць дажджы, нам вядома. Падзелім яе на хуткасць воблакаў. Выходзіць: праз сем — дзесяць гадзін.

— Трэба ляцець. Трэба хутчэй ляцець адгэтуль! — усклікнуў Кальмар. — Мы тут няпрошаныя госці.

«Ляцець… Ен кажа: трэба ляцець, — разважала Наташа. — Значыць, я не памылілася, у іх ёсць нейкі лятальны апарат. І куды яны яго схавалі? Гэта не самалёт. Самалёт у кустах не схаваеш. Тады што? Відаць, лятаючая талерка. Няйначай. Здалёку яны прыляцелі. З Эльдарада. Усё-ткі з Эльдарада. Адтуль. Матэматыку ведаюць, астраномію, геаграфію. Асабліва гэты, Кока-Кола. Ен як сапраўдны прафесар. Няўжо ў далёкім Эльдарада таксама свае прафесары ёсць? Нейкі дзіўны гэты Кока-Кола. Зусім не такі, як Банан і Кальмар. І хусцінку з рота выняў, і вяроўку на руках разрэзаў. Банан, Кальмар… Ну й прозвішчы! Шкура шэрхне, як пачуеш. Яны ляцець збіраюцца… А мяне куды? Няўжо з сабою забяруць?»

На вочы ў Наташы набеглі слёзы. Яна непрыкметна, каб не бачылі гэтыя жабы, выцерла іх рукою.

— Выйду я, — прагаварыў Кока-Кола. — Яшчэ раз на неба зірну.

— Не баўся, — папярэдзіў Кальмар. Кока-Кола выйшаў са скляпення. І толькі цяпер Наташа адчула, што з ім чамусьці не было так страшна.

Хто ты, Кока-Кола?

Вы, напэўна, памятаеце, што мы з Міхасём вырашылі вярнуцца ў Дворны Сад і вызваліць Наташу.

— Марозік, — прапанаваў Міхась, — давай так зробім: знойдзем сховішча, дзе сядзяць людзі-жабы, і адзін з нас з кустоў выскачыць. Яны, канечне, кінуцца даганяць. А другі ў гэты момант выведзе з парка Наташу.

Адзін, другі… Неяк мудрагеліста разважае Міхась. Відаць, хітруе.

— Хто з кустоў выскачыць? — пытаюся. Міхась падумаў і сказаў:

— Выскачыш ты…

Не спадабаўся мне яго план.

— Саломінку выцягнем. У каго карацейшая, той і выскачыць.

Міхась мне:

— А хто з нас хутчэй бегае? Хіба я? Не, ты мяне у Дворным Садзе абагнаў. Ты ляцеў, як ракета.

Сапраўды, абагнаў. Выходзіць, я хутчэй бегаю. Каб ведаў, што такі план у Міхася з’явіцца, то нараўне бег бы. Хоць у мяне на душы кошкі скраблі, ды мусіў згадзіцца:

— Выскачу, калі так. Хай даганяюць.

— Не хвалюйся. На сваіх жабіных нагах яны цябе не дагоняць.

«На жабіных нагах…» Мяне ажно скаланула, як пачуў пра жабіныя ногі. Лепей не напамінаў бы.

Сагнуўшыся, стараючыся ступаць ціха-ціха, мы, як нам здавалася, непрыкметна падышлі да Дворнага Саду. Я ўявіў, як мы падкрадземся да сховішча тых пачвараў, як выскачу перад імі, як усе яны кінуцца за мною — і ногі сталі ватнымі.

Зняможаны, я спыніўся.

— Пайшлі,— тузануў Міхась за плячо. А на мяне яшчэ і дрыжыкі напалі.

— Чаго ты? — запытаўся Міхась. — Баішся?

— Не. Холадна. Грэюся, — кажу.

— Заўтра будзеш жартаваць.

«Заўтра…» Як мне хацелася, каб хутчэй наступіла гэтае «заўтра»!

— Я не жартую. 3-законы механікі п-павінен ты в-ведаць. Д-дрыжыкі — гэта адна з ф-форм абароны арганізма ад х-холаду. К-калі мы д-дрыжым, с-скарачаюцца мышцы. Р-работа мышцаў п-ператвараецца ў арганізме ў ц-цяпло. Р-разумееш?