Выбрать главу

Пра гэтае цяпло я, вядома, знарок Міхасю нагаварыў. Не хацелася прызнавацца, што боязна.

Мы прайшлі яшчэ колькі крокаў, спыніліся за кустом. Нечакана пачуўся свіст. Ціхі, быццам хтосьці клікаў каго. Я адразу перастаў дрыжаць. Самі сабою прайшлі дрыжыкі.

— Акрамя чалавека-жабы, тут яшчэ салавей-разбойнік блукае, — кажу, азіраючыся.

Міхась пацягнуў мяне за рукаў.

— Прысядзь.

Мы прыселі, схаваўшыся за куст. Зноў пачуўся свіст.

— Што будзем рабіць?

— Пачакаем, — сказаў Міхась. — Не думаю, што яны нас заўважылі. Між сабою перасвістваюцца. Няхай збяруцца ўсе, і ты тады выскачыш. Не здрэйфіш?

Я не паспеў адказаць, бо ў кустах штосьці трэснула і на невялічкую палянку выйшаў… чалавек-жаба. Ен азірнуўся па баках, спыніўся.

Мы затаілі дыханне.

Чалавек-жаба паднёс рукі да рота і нягучна крыкнуў:

— Не бойцеся. Я чалавек, не бойцеся.

«Няўжо заўважыў? — пранеслася ў галаве. — Няўжо? Не. Калі б заўважыў, то кінуўся б на нас. „Не бойцеся…“ Хоча, каб выйшлі. Пашукай дурняў…»

— Я чалавек. Не бойцеся, — данеслася ў другі раз.

— А мы не баімся. У нас стрэльба, — неспадзявана вырвалася ў мяне.

— Маўчы! — Міхась балюча ўшчыпнуў мяне за плячо.

— Не страляйце. Не трэба страляць. Я чалавек. Глядзіце. На твары ў мяне маска.

Чалавек-жаба сарваў з галавы агідную маску.

Выбліснуў месяц, і мы змаглі разгледзець незнаёмага. Было яму гадоў сорак — сорак пяць. Твар смуглявы, прыгожы. Доўгія, чорныя, як смоль, валасы спадалі на яго плечы.

Ен стукнуў сябе кулаком у грудзі.

— Бачыце? Я чалавек. Я Кока-Кола. Разумееце? Кока-Кола. А вы рускія?

Страх адступіў. Мы бачылі перад сабою чалавека, а не пачвару. Пакуль мы не верылі яму: памяталі, што здарылася з Наташай. Але ранейшага страху ўжо не было. Дый мы былі не на чужой зямлі, а на сваёй, дзе, як кажуць, кожны куст родны. А гэты, мы адчувалі, баіцца нас.

— Мы беларусы, — крыкнуў я. — Савецкі Саюз! Кока-Кола заўсміхаўся:

— Вельмі добра.

— Дзе Наташа? — гукнуў Міхась.

— Наташа? Дзяўчынка? Я раскажу. Я вам усё раскажу. Не страляйце.

— Дзе Наташа?

— Наташа добрая. Наташа прыгожая, — хутка-хутка загаварыў Кока-Кола. — Яе схапілі кепскія людзі.

— А ты добры? — запытаўся Міхась.

— Я слухаў пра Савецкі Саюз. У майго гаспадара Кляйна радыё. Гаспадар Кляйн дазваляў мне радыё слухаць. Кляйн казаў, што Савецкі Саюз кепскі, а я не верыў яму. Я другое чуў. Радыё мне многа расказала.

— Міхась, гэта ён прыслаў запіску, — здагадаўся я. — Ен прасіў, каб дапамаглі жыхарам Эльдарада.

— Ты з Эльдарада? — спытаўся Міхась. — Ты індзеец?

— Эльдарада. Індзеец, — усміхнуўся Кока-Кола.

— Я веру яму. Ен добры. Чаго нам хавацца? Выйдзем з кустоў,— прапанаваў Міхасю.

— Мы выходзім, — крыкнуў Міхась. — Ты не ўцякай. Не бойся нас.

— Я не баюся.

Мы выйшлі на палянку. Міхась, як сапраўдны дарослы, падаў Кока-Колу руку, назваў сваё імя:

— Міхась.

Павітаўся і я, сказаў:

— Андрэй.

— Андрэй… Разумею… Андрэй… — Кока-Кола доўга трос маю руку, не адпускаў.

Пальцы ў яго былі моцныя, а далонь мазолістая. Я спытаўся ў Кока-Колы:

— Чаму ў цябе такое цікавае імя: Кока-Кола? Зусім не індзейскае.

Кока-Кола перастаў усміхацца, спахмурнеў:

— О-о-о, гэта доўгая гісторыя, вельмі доўгая. Калі будзеце слухаць, я вам яе раскажу.

Вось што мы пачулі ад Кока-Колы.

Кока-Кола расказвае

— Пасля таго як краіну інкаў захапілі чужаземцы-іспанцы, жыхары нашага Эльдарада зразумелі, што іспанцы прыйдуць і да іх. Аднойчы разведчыкі паведамілі правадыру: іспанцы ўжо шукаюць Эльдарада, каб забраць яго багацце. А багацця — золата і каштоўных камянёў — было нямала. Стагоддзямі збіралі яго ў нашай краіне. Правадыр загадаў усім назаўсёды пакінуць Эльдарада. Дзень і ноч нашы індзейцы знішчалі ўсё тое, што сваімі рукамі будавалі. Ад гарадоў, дзе нядаўна стаялі белакаменныя гмахі, і каменя не пакінулі. Ніхто не павінен быў ведаць, што існавала Эльдарада. Інакш, разумеў правадыр, прагныя іспанцы трапяць і на край свету, каб знайсці жыхароў нашага Эльдарада. Золата і каштоўныя камяні нашы людзі пакідалі ў цясніны, завалілі каменнем. Рэшту з сабою ўзялі.

Невялікімі атрадамі, па пяцьдзесят — сто чалавек рушылі ў далёкую дарогу. Самыя вопытныя воіны ўзначальвалі такія атрады. Толькі яны ведалі шлях, які выбраў правадыр. Многія не дайшлі, загінулі. Прыходзілася і рэкі адольваць, і балоты, і цясніны.