Выбрать главу

Ён павітаўся, але Крэз не адказаў. Шэрыф, разбураючы між тым напружаную паўзу, пасунуўся да старога ўсутыч і паклаў таму руку на плячо.

«А мы да вас, дзядуля», — усміхнуўся ён, паказаўшы рэдкія, жоўтыя ад нікаціну зубы.

«Мне цяпер збірацца? — адразу спытаў Крэз. — Ці спачатку будзеце па хаце шманаць?»

Ён рашуча скінуў з пляча руку ўчастковага, але той не пакрыўдзіўся, а наадварот, засмяяўся ўжо па-сапраўднаму — гучна і хрыпата.

«Не ў тэму вы каціце, Крэз, — урэшце сказаў ён, абарваўшы разам смех. — Мы не збіраемся вас арыштоўваць, а потым упакоўваць на нары. Я прывёў вам на пастой чалавека з Мегаполіса. На пару-тройку дзён. У яго тут, дарэчы, справы».

«Я заплачу вам колькі скажаце», — дадаў і Слядак, звяртаючыся да старога ветліва, хоць і не паддобрываючыся.

Зноў запанавала паўза. Было бачна, што Крэз вагаўся, але яго падганяла спёка: клятчастая зношаная і брудная яго кашуля ўзмакрэла, і дыхаў ён цяжка.

«Заходзьце, — урэшце азваўся ён. — Згода. Але не больш як на тры дні. Плату гатоўкай і наперад».

* * *

Слядак крочыў да вады. Па дарозе ён высвеціў на дысплеі свайго надалонніка даныя пра возера, скачаныя з камп’ютэрнай сеткі яшчэ раней. Цяпер ён чытаў:

«Скруды, возера ў бас. р. Гуда. Уваходзіць у паўночна-ўсходнюю групу азёр. Пл. люстра 44 км2, найб. глыб. 30,5 м, сярэдняя 7,9 м. Аб’ём вады 210 млн м3. Вадазбор 213 км2 буйна- і сярэдняўзгорысты, з участкамі забалочаных нізін, складзены з марэнных суглінкаў, быў раней значна разараны, 13 працэнтаў пл. пад лесам. Схілы выш. да 30 м, стромкія (на 3 м спадзістыя) сугліністыя і пясчаныя. На У і ПдУ блізка абрываюцца каля ўрэзу вады. Уздоўж усх. берага цягнецца озавая града, парослая лесам. Берагавая лінія (даўж. 68,4 км) моцна зрэзана, асабліва на 3. Берагі нізкія, пясчана-галечныя, пераўвільготненыя. Шырыня поймы ад 15 да 200 м. Востраў (агульная пл. 2,6 км2). У малаводныя гады колькасць астравоў можа павялічвацца да 3. Найбольшая глыбіня ў паўднёвым плёсе. Мелкаводдзе пясчанае, пясчана-галечнае і камяністае. Празрыстасць да 8 м. Мезатрофнае. Упадаюць больш за 17 ручаёў. Уздоўж берага паласа трыснягу і чароту шырынёй да 300 м. Урэчнік, рагаліснік, эладэя, харавыя водарасці растуць да глыбіні 8 м…»

Слядак пакінуў чытаць і пстрыкнуў кнопкай. Тэкст на дысплеі знік. Урэшце, зусім не гэта «проза» яго цікавіла цяпер, калі ён набліжаўся да вады. Паскараючы міжволі крокі, ён падумаў пра тое, што заўсёды любіў ваду, аж з дзяцінства, калі яшчэ да Катастрофы бацькі вадзілі яго ў басейн, а потым ён амаль кожнае лета з’язджаў на вялікае вадасховішча, штучна створанае колькі год назад у сувязі з будаўніцтвам даўно спыненай цяпер атамнай электрастанцыі.

Мінуўшы раён смеццевых звалак, Слядак агледзеўся. Узбярэжная паласа возера была пакрыта рэдкім хмызняком, вольхай, якая месцамі ўтварыла цэлыя гушчары, а таксама маларослымі, гузаватымі дубамі. Тут жа расло многа ляшчыны. Чорная глеба і вільгаць, якая раз-пораз чвякала пад нагамі, пэўна, давалі магчымасць сяліцца і расці тут пралесцы, макрыцы, кісліцы, чартапалоху, аеру, падбелу, малачаю і яшчэ шмат якім раслінам, назваў якіх ён не ведаў. Ён пакрочыў далей, выбіраючы месца, дзе можна было спыніцца, але ўсюды было аднастайна задушліва і вільготна, пакуль урэшце ён не знайшоў адносна чысты і пясчаны кавалак берага.

Некалькі кнігавак з істэрычнымі крыкамі пачалі лётаць у яго над галавой, але неўзабаве сцішыліся і адляцелі ў бакі. Шэрая варона нязграбна прайшлася па ўзгорку непадалёк, з цікавасцю пазіраючы на чалавека цёмнымі пацеркамі вачэй.

Слядак удыхнуў у грудзі паветра і знерухомеў, аддаючыся незнаёмым дагэтуль пачуццям. Пакрыты смогам Мегаполіс, які ён часова пакінуў, быццам адышоў у мінулае, выпаў з жыцця, як разам выпадае згнілы і аджылы сваё хворы зуб.

Ён скінуў красоўкі і застаўся басанож. Калі ён вось так ступаў нагамі па зямлі? Колькі часу прайшло з той пары?

Ён распрануўся і зайшоў у ваду. Грунт быў цвёрды, пясчаны і без прыкмет глею. Па меры руху наперад вада дасягнула яму каленяў, пояса, паднялася да грудзей, і тады ён набраў у лёгкія паветра і адштурхнуўся ад дна. Далёкі востраў наперадзе, на які Слядак зрэдку кідаў позірк, быў яму арыенцірам. Але да вострава ён не паплыў, вырашыў зрабіць гэта пасля, напрыклад, заўтра ці пазней. Ён перакуліўся на спіну і застаўся так ляжаць на вадзе, углядаючыся ў неба, па якім зрэдку паўзлі белыя празрыстыя аблокі. На кароткі міг пачуццё шчасця цалкам ахапіла яго.