Выбрать главу

(Выходзіць.)

Фаўст (адзін)

Жыве няшчасны, верыць цуду! Каб запаветны скарб прыдбаць сабе, Рукамі прагнымі ён хлам грабе І рады, чарвяка здабыўшы з бруду.
Як вусны грэшныя адважыцца маглі Блюзнерыць тут, дзе Дух лунаў у позні час? Але, няшчасны сын зямлі, Я дзякую табе на гэты раз. Я тут стаяў, амаль зусім бязрадны,— І вось цяпер мне стала ўсё відней. Дух быў такі магутны і ўсеўладны, А я быў побач з ім, нібы пігмей. Аслеплены лятункамі пазнання, Я, падабенства божае, сябе прыўзнёс, Узняў сябе амаль што да нябёс І не хацеў зямнога існавання. Як херувім святы я быў у марах, Хацеў, як бог, трымаць стырно улады І сілай творчай даць прыродзе рады. І вось цяпер прыняць павінен кару: Зазнаць магутнасць грамавога ўдару. Мне, Дух, з табою не зраўняцца, Бо я слабы; я мог цябе дазвацца, А затрымаць ужо й не мару. Вялікім і малым быў я адначасова. Ты адштурхнуў мяне сурова У чалавечы быт недасканалы І веру падарваў у ідэалы. Ці ж аддавацца марам варта? І хто падкажа, дзе шукаць уцех, Калі мы самі слепа, ўпарта Свайго жыцця затрымліваем бег? Высокіх парыванняў подых свежы Не замяняе рэчавых выгод — Дамогшыся будзённых асалод, Не надта прагнем мы духоўнай ежы. Надзеі, мары, шчырасць пачуцця Гібеюць, чэзнуць у віры жыцця. Фантазію, што кіравала ўгору лёт, Што нашы далягляды пашырала, Прыб’е, задушыць марнасці прыгнёт, Утопіць вечнасці навала. Турбота сэрца точыць і грызе, А мы без сораму і без апаскі, Як твар, хаваем подласць нашу ў маскі І губім непасрэднасць пакрысе. Нас нож палохае, пажар і краты, Дрыжым за жонку, за дзяцей, ачаг І з ціхім сумам у пустых вачах Аплакваем прыдуманыя страты.
Не, з богам не зраўняцца мне ніяк! — Гаротнае стварэнне я, чарвяк, Што брудам корміцца і пад абцасам, Прыціснуты, здыхае часам. Я не ўтаймую свой нікчэмны боль. Хіба не сушыць думку склеп мой цесны? Ці ж не мадзею ў пыле я і ў плесні І мудрасцю тупой ці не пладжу я моль? Хіба павінен я, да ведаў прагны, Карпець над процьмай нудных кніг, Каб ісціну старую вычытаць у іх, Што чалавеку доўга трэба лезці з багны, Што на зямлі няма шчаслівых, Што і цяпер паўсюль, як і спрадвеку, Усе мы пад уладай хцівых Законаў невуцтва, галечы, здзеку?..
…Што з’едліва так, чэрап, шчэрыш зубы? Блукаў упоцемках, як здань, як цень, Як я, шукаючы свой светлы дзень, Твой мудры валадар да дня загубы. І вы, рэторты, колбы, стойкі, рамы, Не насміхайцеся, пакіньце кпіць. Ключы шукаў я да пазнання брамы, Аднак не здолеў браму адчыніць. Калі ўначы пад непраглядным змрокам Схаваных таямніц не выкраў ты Ні розумам сваім, ні сэрцам і ні зрокам, — Навошта тыя рычагі, вінты, Якія бацьку прывялі ў труну, І фаліянтаў закурэлых кучы, Якіх даўно ўжо цвілі дух крануў. Чаму ж не кінуў я абрыдлы свой катух? Не прамантачыў, кінуўшыся ў вір кіпучы, Маёмасці, што ў спадчыну даецца, Каб выпасвіць на старасці трыбух І грэць ва ўцехах бестурботных сэрца? — У крук сагне ашчаджаная тхліна — Жыві лепш тым, што дасць табе хвіліна.
Але чаму, нібы магніт, у змроку ночы Флакон так вабіць мае вочы, І светлым робіцца начны абшар, Нібыта месяц выглянуў з-за хмар. Вітаю я цябе, адзіны мой фіял, Здымаючы з паліцы трапяткой рукою! Цябе, увасабленне міру і спакою, Чый змест глыбокі многім — ідэал, Цябе, плён розуму людскога свету, Крыніцу творчага, смяротнага імпэту — Цябе прашу, не адмаўляйся другу Зрабіць апошнюю паслугу. Цябе пабачыўшы, пакуты забываю, Таймую буру я, калі цябе трымаю. На моры, што ў душы, мне ўжо адліў відзён. Прасторы чыстых сініх вод Мяне завуць, імкнуць і вабяць у паход Да новых берагоў, да новых дзён.
Злятае агнявая калясніца Да ног маіх. І ад зямной хімеры Гатовы я ў эфір на ёй узвіцца У новыя нязведаныя сферы. Высокае жыццё, нябёсаў дух лагодны! Але, чарвяк, ці варт яго, ці годны? Так, варты! Дык рашуча, смела Ад сонца адвярніся, што зямлю прыгрэла, І браму адамкні, адолеўшы свой страх, Якога ўнікнуць кожны быў бы рад, І дакажы, што ты не сцерты ў прах, Што дзейнасць чалавека з божай стане ў рад, Што ты скарыць фантазію нарэшце змог, Што ні агонь пякельны, ні ўяўленні Не скаланулі вусцішна твае калені І ты пераступіў таемнасці парог, Што весела, спакойна робіш гэты крок Перад пагрозай адысці ў адвечны змрок! Пакінь свой футарал, святы сасуд,— Хай спраўдзіцца апошні мой прысуд! Забыў я пра цябе ў сваіх мурах. А некалі ж ты быў лякарствам ад дакукі І ззяў раскошаю на дзедаўскіх пірах, Калі цябе перадавалі з рук у рукі, Дзівосны ўзор мастацкае разьбы — (Па звычаю, хто п’е, павінен на пацеху Тлумачыць так, каб клаліся ад смеху) Напомніў дні юнацкае гульбы. Цяпер цябе не перадам суседу, Дасціпнасцю сваёй не ажыўлю бяседу. Прыму ж пітво смяротнае, якое Абраў я спрагненай душою, І ў полымі яго згару. Апошні раз я п’ю. Вітаю новую зару.