Выбрать главу

У такіх выпадках песімісты апускаюць рукі, пакідаюць усё на волю лёсу. Аптымісты шукаюць нейкі асэнсаваны выхад і — здараецца — вышэйшая сіла, правільна ацаніўшы і адвагу, і добрыя намеры, працягвае дапаможную далонь.

У Толікавым выпадку нечаканая сіла не спусцілася з высокіх парогаў, можна сказаць — па паходжанні была гэта зусім зямная моц. На трэці дзень Вялікадня нарадзілася фірма “Фрэйс” і, пачынаючы з серады, каб не мантачыць часу, шукала салідных, адказных кааператараў.

Узяўшы пад увагу ўсе ранейшыя сувязі, невялікую прастору мястэчка, а нават і тыя супольна нажытыя мазалі, не магло здарыцца так, каб на шляху ў лепшую будучыню гэтыя дзве фірмы размінуліся.

3

“Сродкі, якія фірма «EXPO-Anatol» атрымала сёння ў рамках рэпрэзентацыйнага фонду, гэта не фінансы, а слёзы”, — падумаў галоўны дырэктар, заглядаючы ва ўручанае афіцыянткай меню. Пры такіх умовах дарма спадзявацца на лёгкасць думкі, на фантазію, на нестандартны план дзеяння, словам — на ўсё тое, што з’яўляецца эсенцыяй кожнай справы. Падобная дылема адбывалася і ў душы старшыні суполкі “Фрэйс”. Так, прынамсі, можна здагадвацца, бо, прагледзеўшы багатае меню, абодва прадпрыемцы затрымаліся згодна на чорнай каве, пяцідзесяці грамах самай таннай, жытняй гарэлкі і закусцы — так паспалітай, што не варта пра яе нават згадваць.

— Значыць, калі добра разумею, фірма разрастаецца? — Ці новы, карычневы пінжак старшыні Барабы быў прычынай такому сцвярджэнню, ці проста дырэктару Рубелю хацелася, асабліва ў прысутнасці маладой, чарнявай афіцыянткі бліснуць магічным словам “фірма” — гэта ўжо яго прыватная таямніца.

— А разрастаецца, разрастаецца. Не забываючы, што ўсё-такі трэба падтрымоўваць і радзімую вытворчасць, — старшыня Бараба пстрыкнуў у шкляначку з айчыннай жытняй, апраўдваючы прысутнасць мала элегантнага напою ў сваіх далонях. — Варочаць мільёнамі і не адракацца ад свайго. Вось яно, маё крэда. Праўда, пані Аня?

Пані Аня кіўнула галавою ў знак, што крэда такое вельмі слушнае і, паслаўшы шаноўным кліентам службовую ўсмешку, аддалілася на сваё месца. У яе быў дэмакратычны абавязак аднолькава пільна сачыць як за мільянерамі, так і менш багатымі спажыўцамі.

— Та-ак, — палавіна змесціва пяцідзесяціграмовай шкляначкі пералілася ў вантробы пана старшыні, ператварылася ў асалоду і ў цеплыню, і старшыня, быццам бы даючы водгук на нутром пастаўлены пароль, глыбока ўздыхнуў.

— Т-так. Прыемнасць ёсць прыемнасць, але абавязак перш за ўсё.

Чарговы ўжо раз даводзілася выпаўняць ім гэты прафесійны абавязак, а калі глянуць на тое, што частотнасць згаданых сустрэч стаяла ў глыбокай залежнасці ад дабрачынных жэстаў пані Барабы і пані Рубель, можна здагадвацца, што справы пасоўваліся са скорасцю, суразмернай да жаночых кампетэнцыяў у бізнесе.

Аднак, каб нічога не рабілася — таксама не скажаш. Думкі і праекты матэрыялізаваліся, увасабляліся, ператвараліся ў складаныя прагнозы, вылічэнні, бізнес-планы. У залежнасці ад актуальнай кан’юнктуры мяняліся аб’екты зацікаўлення, пранікаліся новыя і новыя абшары гаспадарчай рэчаіснасці, аднак думка, каб што-небудзь рабіць, заставалася ў першапачатковым прататыпе.

— Ведаеш, — старшыня апаражніў шкляначку і нахіліўся бліжэй, каб падкрэсліць неабходную ў такіх выпадках патрэбу таямнічасці, працягваў распачатую думку. — І я, і мой штаб аналізавалі за апошні месяц увесь наш, еўрапейскі рынак пісьмовых прыладаў. — Думка, каб заснаваць гэты саноўны “штаб”, з’явілася ў галаве пана старшыні зараз пасля таго, як шкляначка паказала сваё дно, і была яна, можна сказаць, відавочным доказам карыснага ўздзеяння жытняй гарэлкі на творчае мысленне пана старшыні. — Перакінулі, во, такую горбу паперы, — паказаў рукою вышэй галавы. — І высновы атрымаліся цалкам цікавыя. Цалкам-цалкам. Ведаеш, — нахіліўся бліжэй яшчэ, так, што яго вусны дакраналіся амаль да заружавелага ад зацікаўлення дырэктарскага вуха. — Усе нашы ранейшыя планы з бульбінамі, пшаніцамі, аптовымі магазінамі — адно вялікае гаў-но.

— Значыць, што? — Дырэктарскае зацікаўленне пачынала ўжо ступаць на новую, пакуль невядомую сцежку. Цяпер, калі і другая шкляначка апаражнілася ў натурай прадбачаным месцы, ніякая дарога, нават самая таямнічая, не ўяўлялася ні далёкай, ні страшнай.

— Алоўкі, брат. Вось што! Магчымасці — кажу табе! Як адсюль па Уладзівасток. Алоўкі!!

І старшыня, і пан дырэктар падпілі ўжо някепска, пані Аня штораз курсавала з чарговымі пяцідзесяткамі, а кожны яе візіт у вачах пана дырэктара і пана старшыні павялічваў амаль за лінію далягляду бясконцыя радкі каляровых алоўкаў. Аптовыя магазіны адкрываліся ў Маскве і ў Парыжы, запаўняліся алоўкамі ўсіх гатункаў, памераў і колераў.