Выбрать главу
Кампраміснасць дабро знойдзе нават у зле. Пройдзе рупнасць, і з’явіцца млявасць. Бесклапотнасць дзяцiнства ў нябыт адашле абыякава-мудрая сталасць.
Суцяшаем сябе беспадстаўнай маной, абнадзейлівай і неадступнай: што бязглуздая жорсткасць эпохі адной прадугледжвае ўзнёсласць наступнай.
Пэўна быццам бы ўсё, як гарох у стручку! Ды бянтэжыць душа-верхаглядка… Ёй здаецца: Сусвет – пругкі мяч з каўчуку, што сціскае ў руцэ немаўлятка…
БАГІ
Навошта вам бераг другі і безліч гадоў немаркотных? А дзесьці сядзяць багі і слухаюць енкі гаротных.
Ды глушыць іх веку спакон свой гімн урачыста-хвалебны, бо ўжо надакучыў ім стогн – ліслівы, тупы, рабалепны.
“Чаго вам, стварэнні, яшчэ?! Жыццё ж – немалы падарунак. А Лета няспынна цячэ – вы знойдзеце ў ёй паратунак!
Навошта ж душою крывіць – і тузаць з-за дробязяў Бога?” …І, каб яшчэ горш не зрабіць, не робяць наогул нічога…
ШПАЦЫР
Цямнее. Сыра, як у склепе. Няма надзей, што будзе лепей. І вецер цягне, бы ў трубе… Ну што рабiць? – іду сабе!
Мне лістапад прастудай грозіць, імжысты дождж схінае позірк. Дрыготкі, слотны сквер маўчыць… Ох, як бы ног не замачыць!
А мімаходзь пачую маты падпітага “электарату”: “Во, блін, пагода! Як жыццё!…”
…Ідзе прырода ў забыццё…
СКАВЫТАННЕ НАЦЫЯНАЛІСТА
Мне кажуць, што сягоння свята, што гістарычны гэты год… А я крычу табе зацята: “Ты памыляешся, народ!”
Былыя ўспомнiўшы грахі, ты скажаш: “То ж быў час такі…”
Ляскочуць аб двухмоўі словы – і ты цураешся нібы сваёй сялянскай хатняй мовы, што стала сродкам барацьбы.
Якое там двухмоўе, годзе! Прадаў ты мову, мой народзе…
Ты кажаш: “Лепей разам будзе, саюзна з братняю сям’ёй…” У шматнароднай халабудзе хто, апроч рускіх, родзіч твой?
Ці мо парадку ў інтэрнаце больш будзе, чым ва ўласнай хаце?
І як жа так, разваж нас, Божа, што самы люты вораг твой той, хто чаўпе табе, што можаш
ты жыць сваёю галавой?!
А тых, хто нацкаваў ОМОНцаў, прымаеш ты за абаронцаў…
Відаць, традыцыя такая: ты дзелішся спакон вякоў на тых, хто “панскі розум мае”, і на “тутэйшых” мужыкоў.
Ты ўзяў удзел у барацьбе – пазбавіў голасу сябе…
Калі ў сабе ты ўбачыш выйсце і ачмурэння час міне? Ці здолееш ты з багны выйсці? Ці зможаш вольным стаць?… Ці не?
І я пытаю, сцяўшы рот: “Дык ты народ ці не народ?!”
КАЛАМУЦЬ
Прашамацела шчасце міма… Шкада, бо змарнаваны час. І зноў далей усё магчыма. А што? – пытанне не для нас.
Між хамамі і халуямі пачуцці згінуць задарма. Са рва з азызлымі краямі жадання вылезці няма.