Выбрать главу
Пакуль прымерваў ты карону, падкраўся раптам сталы век. Раман не цягнецца да скону – недасканалы чалавек.
Дзеля гульні з лазы гнуць дугі лягчэй, чым лапці плесці, – факт. Сваволіць проста без папругі, шматкроць цяжэй чаканіць такт.
Але буслянка зноў без птушак, уся ў асоце сенажаць. І застаецца трэсці грушу ці леску за карчагу рваць.
Не торгайся, не мітусіся, не лезь у ружы басанож. І адпаведна апраніся, калі з нябёс пальецца дождж.
Сплаціць хацеў за волю кроўю, а ці набыў хаця б ружжо? Казалі ж: “Беражы здароўе!”, але спажыў-прапіў ужо…
А каб што зверху не зляцела, перачакай ці крок прыспеш. І як бы часам не карцела, старанна мерай – і не рэж.
Калі ж даверыш вывад зроку – пра пошук існасці забудзь! Бо, як зірнеш на ўсё звысоку – вакол бардак і каламуць.
Дзе знойдзеш грош, дзе згубіш долар, там стол халяўны, там – клазет… Змяшаеш фарбы – чорны колер; складзеш палітру – белы свет.
РАКА
Як рака веснавая крыгаход усчынае, так душа мая рвецца са смугі кіпцюроў. Не шкадуй ты Радзіму, ёй шкадоба – не дзіва. Ёй патрэбны трэск пугі, каб з запечку ўспароў.
Мне душу залівалі то крынічныя хвалі, то заводскія сцёкі, то калгасны смурод… Не шкадуй ты прыроду, ты не знойдзеш з ёй згоду. Не шкадуй ты народа – дзе ты бачыш народ?
Плынь душы маёй, рэчкі, – ад пустышкі да свечкі. Дзе ў бязмежжа ўвальецца? Дзе вытокі бярэ? Не шкадуй небараку – ён забудзе, што плакаў. Не шкадуй недалугу – усё роўна памрэ.
ШТО ДАЛЕЙ?
Дзень булькнуў, як у рэчку камень. “Жыць стала лепш і весялей” – “чарніла” жлукціў з мужыкамі. А што далей?
Лёс звыклы – чыгуном гантэляў, а неразважнасць – наўздагон. Відаць святло ў канцы тунэля… І што з таго?
Фартуна блісне – шар у лузе, часцей – не выпадае біць. І сон дурны ідзе па крузе… А што рабіць?
То дасць жыццё пад дых каленам, то смехам абсмяе пустым. І быць, напэўна, пераменам. Але якім?
Анёлы плачуць, скачуць чэрці, чакае да сябе зямля. Калісьці прыйдзецца памерці… А што пасля?
КРЫТЫКУ
Штось не ідзе радок сягоння першы. Адвык ад мовы – слоўнiк пад рукой. Ды ведаю: чакае мае вершы літаратурны хросны бацька мой.
Але прывольней сталі думкі ліцца, спляліся ўсе пачуцці ў цесны рой… Мне будзе чым перад табой хваліцца, літаратурны хросны бацька мой!
…Са мною Муза час размовай бавіць, аб чым – пакуль няўцямна ёй самой. Ну, ні бяды! Як што не так – падправіць літаратурны хросны бацька мой.
ЧАС IДЗЕ
Мой лёс драпежнікам-ваўком наперадзе пільнуе. А час асфальтавым катком мінулае руйнуе.