Выбрать главу

Цяпер ня маю пэўнасьці, ці не затрымаюць зноў. Ведаеце, у чым мяне абвінавацілі? Нібыта я, калі быў у міліцыі, недзе ня там памачыўся і нібыта аказаў супраціў міліцыі! Гэта калі прыйшоў забраць ноўтбук. Проста ня ведаю, што робіцца цяпер у Беларусі.

„Я была 13-й арыштаванай“

Алена, 41 год, Салігорск:

— Я індывідуальная прадпрымальніца. Мой бізнэс — кватэры ў арэнду. Палітычнай дзейнасьцю ніколі не займалася, у акцыях пратэсту ня ўдзельнічала. Салігорск наагул не пратэставы горад. У нас горад шахтароў, усе добра зарабляюць.

У канцы чэрвеня я далучылася да тэлеграм-каналу „Армія з народам“, які якраз тады толькі зьявіўся. Хто стваральнік каналу — ня ведаю, ні з кім з адміністратараў у рэальным жыцьці не сустракалася.

Спасылкі-запрашэньні ў гэты канал былі рассыпаныя па ўсіх чатах і каналах. Я зацікавілася і спачатку была проста падпісчыцай. Але празь некалькі дзён мяне прызначылі адмінам. Каб вы разумелі: адмінаў там выбіралі абсалютна выпадкова. Натуральна, хто кажа нейкія радыкальныя рэчы, — яго не абяруць адмінам. А хто піша здаровыя рэчы — тых маглі прызначыць.

Колькасьць падпісчыкаў у канале хутка расла, і ў канцы чэрвеня пачаліся затрыманьні адміністратараў і ўдзельнікаў каналу. Калі я даведалася пра гэта, я абвесьціла ў канале „эвакуацыю“ — заклікала людзей адпісвацца. На наступны дзень, 9 ліпеня, да мяне прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Я была 13-й арыштаванай у межах перасьледу ТГ-каналу „Армія з народам“.

Я жыву ў прыватным сэктары. Раніцай мне патэлефанаваў мужчына, які нібыта хацеў наняць у мяне кватэру. Калі я выйшла з хаты перадаць ключы, то ўбачыла, што да мяне бягуць восем апэратыўнікаў ГУБАЗіК у цывільным. У пастанове на ператрус фігуравалі чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу, у тым ліку арт. 342 (дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Маральна я была гатовая. Калі з чату пачалі зьнікаць людзі, я зразумела, што наступнай буду я. Калі апэратыўнікі трапілі ў двор, з дому выйшла мая трохгадовая дачка. Дзіця выбегла ў майточках і майцы, басанож. Ну, вы разумееце: ранішняя прахалода, а яна без адзеньня. Я аўтаматычна кідаюся да яе, каб завесьці ў дом, а губазікаўцы кідаюцца да мяне, крычаць, каб кайданкі на мяне надзелі.

Мяне адвезьлі ў Менск, у будынак ГУБАЗіК. Перад мною на стол кінулі тэчку з раздрукоўкамі, махалі ёю перад маім носам. Крычалі, каб аддала пароль ад ноўтбуку і ад тэлефону, каб расказала пра іншых адмінаў.

Паколькі я не згаджалася, мяне адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну, дзе склалі адміністрацыйны пратакол за „дробнае хуліганства“ (арт. 17.1 КаАП). Згодна з пратаколам, у будынку ГУБАЗіК я нібыта „паводзіла сябе неадэкватна“: лаялася, крычала, размахвала рукамі.

Калі міліцыянт афармляў пратакол, яму падсунулі маленькую запіску. Ён паглядзеў на мяне і закрычаў: „О, палітота! Тварам у сьцяну, рукі за сьпіну“. На мяне надзелі кайданкі і вывелі ва ўнутраны дворык чакаць аўтазак.

Ноч я правяла на Акрэсьціна. У камэры адмыслова былі створаныя невыносныя ўмовы: было холадна, падушкі, матрац і коўдру мне ня выдалі. Я сядзела на голых нарах, абхапіўшы пальцы ног, бо пальцы замерзьлі настолькі, што былі быццам шкляныя, і ўткнуўшыся галавой у калені, каб сагравацца ўласным дыханьнем. Ежу і ваду не давалі. У мяне была з сабою маленькая бутэлька вады 0,5 літра, і я расьцягнула яе на ўвесь дзень. 

На наступны дзень суд Цэнтральнага раёну пакараў мяне штрафам 15 базавых велічыняў (405 рублёў). Аднак на выхадзе з суду мяне зноў затрымалі і адвезьлі ў ГУБАЗіК. Там мяне дапытвалі, пагражалі і абражалі, патрабуючы пайсьці на супрацу і расказаць пра іншых адміністратараў каналу.

Там быў маленькі пакой, можа 3 на 6 мэтраў, а іх было чалавек 10. Яны згрупаваліся вакол мяне, раўлі на мяне, мацюкаліся. Для мяне гэта было шокам! Пагражалі забраць дзіця, абяцалі, што дачка трапіць у дзіцячы дом і ня будзе ведаць, хто маці. Былі і такія абразьлівыя выказваньні: маўляў, мужыка б табе, каб ты з-пад яго выпаўзала, тады ў цябе не было б часу лезьці ў палітыку…

Губазікаўцы ў тым ліку выкарыстоўвалі сілавыя прыёмы. Апэратыўнік Валеры Высоцкі націснуў мне на шыйныя хрыбеткі і некалькі разоў біў далоньню па сьпіне, патрабуючы паролі ад акаўнтаў. Але я зноў адмовілася.

У выніку я напісала тлумачальную пра тое, што нікога ня ведаю, ні ў чым ня ўдзельнічала і ні да чога не заклікала. Мяне адпусьцілі ўвечары 10 ліпеня. На разьвітаньне яны мне сказалі: ня дай бог твой твар усплыве дзесьці на „Вясьне“ або на „Белсаце“ — тады наступны раз да цябе прыедзем ня мы, а амон. І яны ўжо адразу будуць біць.

У той жа вечар я вярнулася ў Салігорск. Нечакана для сябе даведалася, што суседзі па вуліцы вельмі за мяне турбаваліся і нават зладзілі дзяжурства каля майго дому, каб туды нічога не падкінулі.