Выбрать главу

Я двое сутак ня спала, двое сутак бязь ежы і вады, ледзь ня траціла прытомнасьць. Падыходжу да дому і бачу, што там стаяць людзі. Яны падышлі да мяне, пачалі абдымаць: „Лена, мы за цябе, мы на тваім баку“. Зьбегліся людзі з усёй вуліцы, выказвалі словы падтрымкі. Я была вельмі ўражаная. Я купіла гэты дом толькі два гады таму і нават ня ўсіх суседзяў ведала. Я ўсім падзякавала, зайшла ў дом, адразу ўпала і заснула. Не хапіла нават сіл у душ схадзіць.

Аднак на гэтым перасьлед ня скончыўся. 21 ліпеня мяне выклікалі ў Салігорскі РАУС. Патлумачылі, што мне нібыта хочуць вярнуць канфіскаваныя ноўтбукі. Але ў будынку РАУС мяне зноў затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК і павезьлі ў Менск, у Сьледчы камітэт.

Цяпер затрымалі ў межах „справы Ціханоўскага“. Нібыта я „паводле папярэдняй змовы“ зь Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам і іншымі палітвязьнямі 29 траўня падчас пікету для збору подпісаў зладзіла „дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак“.

Насамрэч я з гэтымі людзьмі была не знаёмая, я нават не перапісвалася зь імі ў інтэрнэце. Я ведала, што ёсьць такі палітык Статкевіч, ёсьць блогер Ціханоўскі… Чула імёны астатніх, бо іх тады ўжо прызналі палітвязьнямі. Але я нават ня ведаю, як большасьць зь іх выглядае.

Больш за тое, мяне 29 траўня не было ў Горадні. У той пэрыяд я была на самаізаляцыі і з сакавіка нікуды не хадзіла. А суполка „Армія з народам“ была створана толькі 26 чэрвеня.

21 ліпеня мяне зьмясьцілі ў цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. На наступны дзень, 22 ліпеня, у ЦІП мяне ў прысутнасьці дзяжурнага адваката дапытала сьледчая СК. Яна вяла допыт карэктна, мае паказаньні запісвала дакладна. Аднак ужо пасьля допыту да мяне ў ЦІП зноў прыйшоў супрацоўнік ГУБАЗіК. Цяпер ужо размова ішла без адваката.

Ён зноў прынёс гэтую тэчку з раздрукоўкамі асабістых паведамленьняў, дзе маркерамі вылучаныя асобныя фразы. Напрыклад, ён зачапіўся за паведамленьне, якое я напісала знаёмаму. Я была ў напружаньні і напісала паўжартам, маўляў, вілы ў мяне заточаныя. Вось да гэтага прычапіліся. Але я кажу: даруйце, я жыву ў прыватным сэктары і вілы — гэта проста мой аграрны інструмэнт. Ён зноў сядзеў і паўтары гадзіны мне пагражаў, што мяне пасадзяць, што ў мяне адбяруць дачку.

У канцы ён кажа: ну што, можа нам заўтра прыехаць, ты больш лагодная будзеш? А я кажу: не марнуйце мае падаткі.

24 ліпеня я выйшла на свабоду. Шчыра, калі мяне выклікалі, я была ўпэўненая, што мяне перавядуць у СІЗА. Але мяне адпусьцілі. Я застаюся падазраванай, я абавязана зьяўляцца на допыты па першым выкліку. Хаця падпіскі аб нявыезьдзе ў мяне ня бралі.

Рэвалюцыя вуліц

15 ліпеня беларусы падавалі скаргі на нерэгістрацыю кандадатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Чарга ў ЦВК расьцягнулася больш чым на кілямэтар.

„Па два рублі ніхто не пашкадуе“

— Штаб Віктара Бабарыкі вельмі добра расьпісаў гэтую скаргу. Там ёсьць выдатныя пункты пра тое, каб камэры відэаназіраньня былі пастаўленыя, напрыклад, за кошт выбаршчыкаў. Я думаю, што па два рублі ніхто не пашкадуе скінуцца.

„Мы — сьведкі“

— Я стаю ўжо дзьве гадзіны і хлопцы, якія ўжо выйшлі адтуль, сказалі, што на дадзены момант прымае толькі адна жанчына. Адпаведна такая прапускная здольнасьць. Ці будзе з гэтага карысьць? Я думаю, што ўсё мае сэнс. Мы — сьведкі. А кожны чалавек, з гэтага ці з таго боку, калі ён робіць дрэнны ўчынак і калі за ім сочаць 10-20 чалавек, ён можа адмовіцца ад гэтага, адчуць сумненьні. І гэта мае вельмі вялікі сэнс. Калі скаргі ня будуць задаволеныя, а я ўпэўнены, што яны ня будуць задаволеныя, тым ня менш, мы атрымаем яшчэ адзін вялікі доказ адносінаў улады да нас.

„Мы вас ня бачым, мы вас ня чуем“

— Вось глядзіце, людзі хочуць быць назіральнікамі на ўчастках. Яны сумленна зьбіраюць подпісы ў сваіх суседзяў і знаёмых. Іх не рэгіструюць, ім адмаўляюць. Мы ставім свае подпісы за кандыдата, нам кажуць, што тры чвэрці подпісаў несапраўдныя. Мы прыходзім, кажам вось, гэта я, мой подпіс. Нам кажуць, не, няма. Мы вас ня бачым, мы вас ня чуем, у нас свае людзі падпісалі, усё, нам дастаткова. 

„Гэта ня траты, гэта інвэстыцыі“

— Раздаю людзям ваду, бо сонейка, а чарга доўгая. Набыў ваду і прынес ужо другі раз. Мы павінны дапамагаць адзін аднаму. Скаргу буду падаваць таксама. Трэба рабіць сумленныя выбары. Колькі я патраціў? Ай, лухту. Тыя людзі, якія цяпер сядзяць на Валадарцы і на Акрэсьціна, яны патрацілі значна больш. Так што гэта ня траты, гэта інвэстыцыі.