Выбрать главу

Потым праз кожныя тры хвіліны ў цір стаў прыходзіць нейкі ротэнфюрэр. Ён зачытваў прозьвішча і адводзіў затрыманых на допыт. Калі на зачытанае прозьвішча ніхто не адгукнуўся, я пажартаваў: „Яго ўжо расстралялі“. Усе засьмяяліся. Ротэнфюрэру жарт таксама спадабаўся, ён усьміхнуўся і з баварска-шклоўскім акцэнтам сказаў: „Вельмі добра, што расстралялі“.

Наогул, забягаючы наперад, скажу, што карнікі гэтым разам абыходзіліся з намі надзіва добра. Думаю, быў проста такі загад мясцовага брыгадэнфюрэра — ня біць. Быў бы загад забіць — забілі б, там жа, у ціры, або ў момант затрыманьня. Забілі б нават маці родную, бо мазгоў і сэрца ў гэтых хлопцаў, па-мойму, ужо не засталося. Іх даўно ўжо замянілі загады і службовыя інструкцыі.

Праз паўгадзіны мяне ўжо дапытваў нейкі унтэрштурмфюрэр. (Так, забыўся сказаць, амаль усе карнікі былі альбо ў масках, альбо ў балаклавах.) Утойваць свой удзел у акцыі я ня стаў, а проста сказаў, што прыйшоў на яе для таго, каб ушанаваць памяць забітага супрацоўнікамі МУС Рамана Бандарэнкі. Унтэрштурмфюрэр не паверыў сваім вушам. Ён абурыўся і пачаў даказваць мне адваротнае, што міліцыя тут ні пры чым. Не даказаў. І словы пра „забітага супрацоўнікамі МУС“ у мае паказаньні ён чамусьці не запісаў. Забыўся, напэўна. Напісаў проста — „прыйшоў ушанаваць памяць Бандарэнкі“.

У невялікай актавай залі, куды мяне прывялі пасьля допыту, за вялікім белым сталом сядзелі два ротэнфюрэры ў балаклавах і з нашыўкамі амону на грудзях. Мне загадалі сесьці і чакаць. У залі нас сабралася чалавек 30. Ротэнфюрэры не зьвярталі на нас амаль ніякай увагі, яны захоплена глядзелі на смартфоне відэа пра рыбалку. Тады я спытаў: „Таварышы фашысты (закрэсьлена) міліцыянты, можна пытаньне?“ — „Ну, — сказаў ротэнфюрэр зь дзіўным нямецкім імем Андрэй (прозьвішча і сваё званьне ён чамусьці не назваў, пасаромеўся, напэўна)“. — „А можаце растлумачыць, чаму нас затрымалі?“ — „Вам павінны былі ўжо растлумачыць“, — не адрываючыся ад экрану смартфону, сказаў ротэнфюрэр Андрэй.

Ну а далей, як той казаў, слова за слова, і завязалася гарачая дыскусія на прадмет любові да радзімы. Ротэнфюрэр Андрэй даказваў нам, што ён абараняе радзіму ад такіх, як мы. Расказваў нам, што мы, змагары, хочам забіць яго маленькую дачушку, што траціна тых, хто выходзіць на акцыі пратэсту, атрымліваюць за гэта грошы. Так-так, хлопцы, яны шчыра вераць ва ўсё гэтае трызьненьне! Гэтыя бараны вераць у тое, што мы хочам забіць іхных дзяцей. Уяўляеце, як ім засралі мазгі?! Дакладней, мазгоў у гэтых дзяцей амаль няма, таму што, калі я сказаў ім: „Хлопцы, зразумейце, галакост таксама быў законны“, — ротэнфюрэр Андрэй перапыніў мяне і спытаўся: „Што такое галакост?“

Уяўляеце іх інтэлектуальны ўзровень?! Я не скажу, што там усе такія. Па вачах некаторых карнікаў было відаць, што ім сорамна і няёмка за тое, што яны робяць. Яны, напэўна, ведалі пра галакост і разумелі, што імі цяпер пагарджае ўвесь беларускі народ, што ў вачах беларускага народу ўсе яны цяпер — фашысты.

Пасьля цікавай і ажыўленай дыскусіі, якая доўжылася каля гадзіны, нас пагрузілі ў аўтазакі і адвезьлі ў турму, дзе я ў мярзотных умовах з ванітнай ежай і з цудоўнымі сукамэрнікамі правёў суткі.

На наступны дзень мяне паднялі з нараў і павялі ў мясцовы турэмны тэатар. Тэатар уяўляў зь сябе малюсенькі пакой. Замест сцэны — стол. За ім ужо сядзелі два акторы: мужчына ў чорнай мантыі і бляндынка ў ахоўнай масцы. Актор у мантыі абвясьціў, што цяпер яны зь дзяўчынай згуляюць асабіста для мяне пацешную кароткую сцэнку вядомага беларускага рэжысэра А.Р.Лукашэску пад назвай „Беларускі суд“. Сцэнка мне спадабалася. Яна доўжылася хвілін сем. Я нават сьмяяўся адзін раз, а менавіта ў той момант, калі актор у мантыі спытаў у мяне: „Ці давяраю я суду?“ Падыскутаваць з „судзьдзём“ не атрымалася, бо ён прафэсійны актор і ня стаў адказваць на мае пытаньні пра скрадзеныя Лукашэнкам выбары, забітага Бандарэнку і іншых ахвяраў рэжыму.

Віны сваёй я не прызнаў. Мне далі 10 базавых. Прызнаў бы, як потым я высьветліў у тых, хто выйшаў пасьля мяне, далі б наогул пяць. Чаму так мала? Думаю, мясцовы брыгадэнфюрэр загадаў „судзьдзям“ не злаваць пакуль народ. Але я не шкадую, што не прызнаў, бо лічу, што ня трэба прыніжацца перад вылюдкамі. А самае галоўнае, — бегаць ад іх ня трэба. Гэта, сябры мае, наша самая вялікая памылка за апошнія тры месяцы. Навалачы падабаецца, што мы бегаем ад іх, яны атрымліваюць ад гэтага кайф.