„Дачку назвалі Монікай“
— Прыйшлі сям’ёй, каб падыхаць сьвежым паветрам. Я спадзяюся, што ў гэтым ёсьць сэнс. У першую чаргу, гэта як бы размова кожнага з самім сабой, таму вырашылі задэкляраваць сваім удзелам свае адносіны. Ну вось яшчэ і маленькая расьце. Моніка. Называлі так, каб было прасьцей на Захадзе — лацініцай, а ўвогуле хочам, каб і тут было добра. Зразумела, што ўсім усё зразумела, што гэта бессэнсоўна, але калі мы гэта зробім, калі яны адмовяць, то яны адпаведна падпішуцца пад тым, што яны АЗГ, то бок, злачынным спосабам утрымліваюць уладу.
„На працу ня выйшаў“
— Учорашнія падзеі дрэнныя. Бо так зь людзьмі абыходзіцца нельга. На маёй працы аднаго забралі. Ён выходзіў з кавярні. Да жонкі ішоў. Ён удзелу не прымаў. Тых, хто браў удзел, цяжка было выцапіць, яны былі сашчэпленыя. А чаплялі тых, хто проста ішоў, каб паказаць, што так, мы працуем, мы нягоднікаў ловім. А ён быццам бы і не нягоднік, ён проста ішоў да жонкі. Што зь ім, я ня ведаю, але ён сёньня на працу ня выйшаў. Магчыма яшчэ там.
„Калісьці сама галасавала за яго“
— Я ўжо перажыла ўсе выбары, на якіх быў Лукашэнка. Калісьці сама галасавала за яго, таму што лічыла, што гэта той чалавек, які павядзе нашу краіну наперад. Але цяпер я настолькі расчараваная, што ў мяне няма словаў. Калі я бачу тыя кадры, якія паказвалі ўчора, калі я бачу, як абражаюць нашых людзей, маладых, старых, ня важна, дзяўчынак, хлопцаў, мне вельмі балюча, мне горка, што наша краіна падышла з прэзыдэнтам да такіх жахаў.
„Проста выносілі людзей“
— Учора было дрэнна, шумна, з крывёю, так ня робяць. Мы былі на Нямізе, глядзелі, што адбываецца. І як людзі спрабавалі адбіваць і як разварочваліся аўтазакі… Было, што нехта на кагосьці налятаў, але гэта было толькі ў абарону. Яны заляталі проста ў кавярні і проста выносілі адтуль людзей. Проста выносілі. Тыя, хто не хацеў ува ўсё гэта трапляць і зайшлі проста пасядзець, застацца ў баку, па іх проста прыйшлі і выцягнулі. Ну, страшна, вельмі страшна.
„Сумна вельмі“
— Тое, што зараз заклікаюць разысьціся і падагналі аўтазакі — гэта сумна вельмі. Мы стаім, быццам у канцлягеры, а вакол надзірацелі. Мы ня хочам такой будучыні нашай краіне.
„Калі перад табой бабулі руку ламаюць“
— Усе тыя людзі, якія сядзяць у турмах, палітзьняволеныя, гэта ўсё за нас. Наконт учорашняга, вядома, нельга нападаць. Але калі перад табой жанчыну б’юць дубінкай, калі перад табой бабулі руку ламаюць. І чалавек бачыць гэта, і ён ня можа стрымацца, гэта натуральна, гэта ў прыродзе. А ў нас злачынцы тыя, хто дапамагае людзям, а не вось гэтыя, якія гестапа.
„Там хапаюць людзей ужо“
— Скажыце, калі ласка, а што вы сталі разыходзіцца? А дзікасьць якая! А там хапаюць людзей ужо за што? За тое, што мы разыходзімся. Паважаныя, што гэта робіцца? Як гэта балюча ўсё глядзець. Я прыйшла, стаяла ў вочарадзі, цяпер ідзём, я сына за руку трымаю, а яны людзей хапаюць. Проста ідуць людзі дамоў.
— Яны хапаюць толькі мужчын.
— Госпадзі, спасі і сахрані (жагнаецца). Нячыстая сіла.
— Яны бяруць самых здаровых, я заўважыў.
— Адзін вялізны амонавец штурхануў жанчыну і сказаў, што яна карова. „Адыдзі, жырная карова“.
„Пагналі нас праз двары“
— Яны там перакрылі уваход на праспэкт і пагналі нас праз двары. Тут таксама сказалі абходзіць, і мы праз дамы сюды вярталіся, рабілі кола. Цяпер аўтазакі і ўвесь амон пайшлі туды наверх. Там вельмі шмат людзей засталося, яны ўсе там сядзяць на плошчы. Спрабавалі пайсьці на глаўпаштамт і здаць свае заявы, але не атрымалася, усё перакрылі. Мы дварамі прасачыліся.
„Баюся 10 жніўня“
— Больш за ўсё я баюся 10 жніўня. Я амаль ведаю адказ, што будзе 10 жніўня. Але гэта лепш, чым нічога не рабіць. Прынамсі, такія моманты даюць зразумець, што ты не адзінокі. Так 26 гадоў бяз руху, дык здаецца, што ў гэтай дзяржаве ты адзінокі, а гэтае яднаньне — гэта вельмі важна. Ты адчуваеш нацыю.
31 ліпеня на ўскрайку Ліды праходзіў мітынг прыхільнікаў Сьвятланы Ціханоўскай.
„Ёсьць толькі паўчаркі“
— Я пэнсіянэр, чарнобылец, аддаў здароўе на Чарнобылі. Але як я пайшоў на пэнсію, наша справядлівая дзяржава мне толькі 14 рублёў дабавіла да пэнсіі, а я 43 гады адпрацаваў. Дык вось таму я тут, з добрымі сябрамі, якія таксама хочуць лепей жыць. Трэба, як наш вялікі прэзыдэнт кажа, каб была і чарка і скварка на стале. А яе ж няма. Калі ёсьць, дык толькі паўчаркі (паказвае пальцамі памер).