Выбрать главу

Таму, і ня толькі таму, я хаджу на гэтыя маршы пэнсіянэраў, бо я разумею, што іншага шляху няма, толькі вось так пратэставаць. Самае галоўнае, ня трэба баяцца. Яны разьлічваюць на тое, што мы баімся. Гэтая ўлада трымаецца на хлусьні і гвалце. Трэба гэта ператрываць, трэба працягваць мірна.

„Ну як гэта так: за мяне гінуць людзі, а я ўдома сяджу“

Валерыя Сьмірнова, 89 гадоў:

— У панядзелак, 14 сьнежня мы з дачкой дамовіліся пагуляць. Ёй 67 гадоў, Людмілай яе зваць. Яна сказала: „Пойдзем на плошчу Незалежнасьці“. Мы пайшлі. Глядзім — нікога не відаць. Аказалася, усе мітынгоўцы стаялі за ялінкаю.

Быццам зьніадкуль столькі амонаўцаў прыбегла! Я паглядзела — некалькі аўтобусаў стаіць. Нас з усіх бакоў амонаўцы прыціснулі. Ды не ў адзін шэраг яны стаялі, а ў два ці тры. Такога „цуду“ я яшчэ ня бачыла ніколі. Ажно ногі трэсьліся. Думала: „Куды яны зараз нас пагрузяць?“

Страшна было, вядома. Мы трымаліся як маглі. Амонаўцы сплялі рукі паміж сабой. Мы хацелі вырвацца — дык ніяк жа ня вырвесься.

Усе прасілі: „Адпусьціце нас дадому“. Але старшы падышоў і сказаў:„Мы толькі праверым вашы дадзеныя“. А я кажу: „У мяне ўсё з сабою, вось, вазьміце. Глядзіце, я інвалід другой групы. Вось маё пасьведчаньне“. — „Не, нам трэба ўсё запісаць. Так што ідзіце спакойна ў аўтобус“.

Але ніхто не пайшоў. Яны пачалі з чатырох бакоў сьціскаць нас. Увогуле выціснулі нас так, што мы самі заходзілі ў аўтобус. Ён ужо быў поўны, так што мы ехалі стоячы каля гадзіны. Аўтобус ехаў так павольна…

Мы запыталіся ў амонаўцаў: „Куды мы едзем?“ — „Ня ведаем. Куды давязуць, туды і давязуць“.

Усе вокны былі залепленыя цёмнай паперай. Душна. І тыя, хто сядзеў побач, пачалі адрываць гэтую паперу. Амонаўцы сталі крычаць на іх: „Што вы робіце?“ — але людзі ня слухалі іх.

У Серабранцы мы апынуліся. Я ў гэтым раёне ніколі не была. Завялі ў нейкія мэталёвыя бункеры, дзе было шмат дзьвярэй. Нас было 80 чалавек, і нас падзялілі на два бункеры па 40 чалавек. Усе стаялі ў холадзе. Там нешта ўдалечыні ацяплялася ледзь-ледзь, але дзьверы не зачыняліся.

І вось мы прыкладна з 15-й гадзіны стаялі. Прысесьці не было куды. У прыбіральню выходзілі пад канвоем. Дзяўчаткі прасілі пакурыць — ім не дазвалялі нават выйсьці з гэтага бункеру. Вады няма. Цэлы дзень галодныя. Ну галодныя, і добра. Перажылі.

Калі нас рэгістравалі і ўсё забіралі ў асобныя мяшэчкі, у мяне не спыталі пра тэлефон, а я і не сказала. Так тэлефон застаўся ў мяне. Мяне прамацалі трошкі. А мужчыну так прамацвалі! І матузкі зьнялі, і папругу зьнялі, і сьцяг знайшлі. Сказалі: „На поўную, дарагі, будзеш плаціць“.

Усе рэчы апісалі, паклалі ўбок, і на гэты стол мы змаглі сесьці ўтрох. Астатнія стаялі. Шэсьць гадзін стаялі. Потым а 20-й гадзіне нас пачалі выклікаць. Сфатаграфавалі і спыталі, колькі разоў былі на мітынгу. Я сказала, што першы раз. І тое мы не ішлі на мітынг, а проста міма праходзілі. Ніякага мітынгу не было — людзі толькі зьбіраліся. Але ніхто гэтага не ўлічыў.

Напісалі пратакол і сказалі падпісаць. Там дзесьці 10 подпісаў трэба было паставіць. Я спытала: „А што вы напісалі ў пратаколе? За што я буду падпісваць? Вы ж мяне ў турму пасадзіце. За што?“ — „Нічога страшнага, падпісвайце“. — „Акуляраў не ўзяла. Нават ня ведаю, што мне рабіць“. — „Мы пішам, што вы прыйшлі на мітынг“. — „Ды ня выйшла я на мітынг! Міма ішла“. — „Не, усё роўна вы былі на мітынгу. Стаўце подпіс“.

Гэтым і скончылася. Думала, што забяруць мяне на старасьці гадоў у турму, пасадзяць і буду адбываць ні за што… Мы ішлі з дачкою пад ручку і трапілі ў бункер. Лічы, тая ж турма.

І тут нас пачалі выпускаць па тры чалавекі з гэтага бункеру. Мы пачалі выходзіць зь Ленінскага РУУС і думаць, як нам даехаць. Я тут не была ніколі, мы маглі заблукаць, ды і позна ж яшчэ. Дачка кажа: „Зараз дастану тэлефон і патэлефаную“. Спахапілася — і аказалася, што ў яе тэлефон выцягнулі! Сказалі, што аддадуць, але калі, невядома.