У мяне тэлефон застаўся. Думала, што зь яго патэлефаную. Але мы выйшлі, а там і валянтэры стаяць, і сваякі ўсе мае. Божа, я не чакала! Стаю, рот разявіўшы.
Унучка Наташа прыбегла, плакала. Праўнучка Даша таксама там была. Радыя былі, што мы вызваліліся. Валянтэры далі гарачай гарбаты папіць. І піражок далі нейкі. Паела, папіла, сказала „вялікі дзякуй“. І загулі аўтамабілі!
Я ніколі не была ў турме і нават ня думала, што на пэнсіі апынуся там. Здавалася б, сядзі ўдома ды сядзі. Але як гэта так: за мяне гінуць людзі, а я ўдома сяджу? Вось я ўстала і пайшла. І пайшла, як на вайну.
Мы ўсе за новае жыцьцё, а то 26 гадоў адно і тое ж. Лукашэнка езьдзіць па палях, па лугах, да скаціны пад хвост зазірае. Цяпер, праўда, пераключыўся на мэдыцыну. Езьдзіць па лякарнях, размаўляе з усімі, да хворых садзіцца.
Я б хацела бачыць новую Беларусь без Лукашэнкі. Толькі б яго не пакінулі тут кімсьці працаваць, таму што ён усё сапсуе. Цяпер будуць выбары — ды ніхто за яго галасаваць ня будзе, як мне здаецца. Калі Лукашэнкі ня будзе, то жыцьцё станецца зусім іншым. Усё пераменіцца.
У мяне ёсьць смартфон. У Telegram я чытаю ўсё цікавае пра палітыку. YouTube гляджу. Tut.by чытаю. Там увесь час пішуць: „Дашліце камэнтар“. Я яшчэ ня цямлю, як гэта рабіць. Я б даслала камэнтар, але мяне б зноў пасадзілі.
„Мама, там нехта ў дзьверы моцна грукае“
Кацярына, маці траіх дзяцей:
— У мінулую пятніцу, 18 сьнежня, да мяне прыйшла ўчастковая інспэктарка. Я займалася сваімі справамі на кухні. Тут забягае старэйшая дачка і кажа: „Мама, там нехта ў дзьверы моцна грукае“. Час вячэрні. Я адна дома зь дзецьмі, муж у ад’езьдзе. Спачатку вырашыла нікога не пускаць. Але калі жанчына паведаміла, што на мяне будзе заведзеная справа, я дзьверы адчыніла.
Госьця прадставілася ўчастковым інспэктарам. Сказала, што прычына візыту — сьцяг, які вісеў у вакне.
Я запярэчыла: у мяне нічога не вісіць у вакне. Прапанавала прайсьці ў пакоі і пераканацца. Але інспэктарка сказала, што і так усё ведае. Яна жыве насупраць майго дому, назірала сьцяг даўно і нават ведае час, калі яго зьнялі. Фота вакна мне паказала са словамі: „Заўтра я гэтую справу закрыю“.
Сваіх дакумэнтаў інспэктарка не прад’явіла. Як пайшла, давялося тэлефанаваць у міліцыю і ўдакладняць, ці сапраўды гэта была супрацоўніца міліцыі. Там гэта пацьвердзілі.
На наступны дзень я вырашыла схадзіць у пастарунак і высьветліць сытуацыю. Трохгадовага сына давялося ўзяць з сабой.
У пастарунку я зноў сустрэлася з інспэктаркай. Яна сказала, што ў маім пытаньні ўжо ўсё вырашана: да суду мяне затрымаюць. Мне прапанавалі зьвязацца з блізкімі, каб тыя забралі сына. А калі няма з кім пакінуць, тады яго забярэ інспэктар у справах непаўналетніх, якога тады ж і выклікалі. Вядома, я патэлефанавала маме.
Мама перадала мне сьпехам сабраныя рэчы, забрала з рук заснулае дзіця і зьехала. А мяне ў той жа вечар адправілі на Акрэсьціна.
Мне пашанцавала. Я трапіла ў камэру да дзяўчат, якія сядзелі ўжо тыдзень. Яны ў чымсьці мяне супакоілі. Кніжкай, арэшкамі падзяліліся. У панядзелак адбыўся суд, пасьля мне вярнулі рэчы і я паехала дадому.
Ужо праз пару гадзін я была ў дзіцячым садзе — забірала малодшага сына. Ён, вядома, кінуўся мне на шыю. Сказаў, што вельмі сумаваў. Ноччу спаць лёг са мной у абдымку. Старэйшая дачка кажа, што хвалявалася, але ня моцна. І ўсё ж я за ёй пільна назіраю, каб гэтае „хвалявалася ня моцна“ ня вылілася ў псыхалягічныя праблемы. А сярэдні сын, яму 7 гадоў, нічога ня ведае: ён усе выходныя гасьцяваў у сьвякрухі.
Тое, што адбылося, для мяне стала шокам і каштоўным жыцьцёвым досьведам адначасова. Я не разумею, навошта было мяне ў гэтай сытуацыі затрымліваць. Як быццам гаворка ідзе пра нейкую злачынку... Я ў жыцьці ні за што і ніколі не прыцягвалася. А тут — проста сьцяг, які быў зьняты з вакна за некалькі дзён да пачатку падзей.
На Акрэсьціна я прабыла амаль двое сутак: з суботы да абеду панядзелка. Рашэньнем суду мяне пакаралі штрафам на 30 базавых велічынь за ўдзел у „адзіночным пікеце“ і адпусьцілі дадому.
Ёсьць у гэтай гісторыі і прыемны момант. Я прыйшла ў захапленьне ад таго, колькі людзей мяне падтрымалі. Пра маё затрыманьне стала вядома ў сацыяльных сетках. І вельмі многія, знаёмыя і незнаёмыя людзі, прыйшлі мяне сустракаць з ізалятару, прапаноўвалі дапамогу. Я заўсёды ведала, што беларусы выдатныя.
„З сурвэтак мы зрабілі навагоднюю ялінку“
Антон, 19 гадоў, студэнт:
— Я трапіў за краты за тое, што сфатаграфаваўся з суседзямі па Малінаўцы на фоне бел-чырвона-белага сьцяга.