Выбрать главу

Пры гэтым, паводле пратаколу, я ўдзельнічаў у маршы, выкрыкваў палітычныя лёзунгі. Сьведка на судзе паблытаў і дату майго затрыманьня, і месца, і час — усё адно далі 15 сутак. Не зьмякчыла прысуд нават тое, што ў мяне інваліднасьць зроку.

Чатыры дні я правёў на Акрэсьціна. Адзін зь іх — з сукамэрнікам, у якога пацьвердзіўся каранавірус; яго пасьля забралі. У сераду нас перавезьлі ў Жодзіна. Перадачы ніхто атрымаць ужо не пасьпеў.

Пашанцавала, што валянтэры далі хаця б зубныя шчоткі, туалетную паперу і крыху печыва.

Перадача ад сваякоў прыйшла акурат перад Новым годам — 30 сьнежня, але яе чамусьці ўвесь дзень і ноч трымалі пад дзьвярыма і аддалі толькі 31-га.

Сваякі паклалі нам сыр, каўбасу. З навагодняга — крыху мандарынаў і сурвэткі зь зімовымі ўзорамі. Лісты мне ўсе 15 дзён не аддавалі, хоць ведаю, што іх пісалі. Мы самі 31 сьнежня перадалі на волю віншаваньні для сваіх — з тымі, хто выходзіў з турмы раней.

31 сьнежня бліжэй да адбою хлопцы — у камэры было 10 чалавек — селі за стол, упрыгожылі яго сурвэткамі, расклалі сваё „багацьце“.

У перадачы аказаліся аднаразовыя кубачкі. Мы налілі ў іх вады з-пад крана і „чаркаваліся“, прамаўляючы тосты: „Каб новы год быў лепшы за стары“, „За перамены“, „Каб не сустракацца больш у падобных месцах“… Дзяўчаты з суседняй камэры пачалі сьпяваць „Муры“ і Jingle Bells. А недзе ў 23:34 (відаць, у адной з камэр змаглі даведацца пра час) у СІЗА пачуўся крык: „Сыходзь! З Новым годам! Ура!“ Ахоўнікі, канечне, афігелі ад такога нахабства. Пачалі рабіць заўвагі, усіх супакойваць. Адзін супрацоўнік папрасіў: „Давайце хаця б Новы год сустрэнем па-за палітыкай“.

Пасьля 00:00 грымелі салюты. У нейкі момант нават здалося, што пару залпаў было зусім побач зь СІЗА. Мы вырашылі, што гэта каб падтрымаць нас.

1 студзеня ніякіх паслабленьняў для асуджаных не было — пад’ём у 6:00 і ўсё паводле раскладу. Праўда, ежа была нашмат лепшай, чым звычайна: на сьняданак далі рыс, на абед быў смачны боршч, мяса далі нетрадыцыйна шмат. Складвалася ўражаньне, што кухар спэцыяльна пастараўся.

На волі мяне сустракалі ня толькі сваякі, але і суседзі з двара. З фаервэркамі і шампанскім. Так што сьвята для мяне працягнулася. Праўда, большым сьвятам было зноў спаць на сваёй канапе з выключаным сьвятлом. Ведаеце, адно з маіх хобі — гістарычная рэканструкцыя. І я актыўна зьбіраў старую форму міліцыянэраў, яшчэ савецкую нават. А цяпер і ня ведаю, што з гэтым рабіць. Апранаць яе пасьля выбараў дакладна ня хочацца.

Уладзімер, 38 гадоў, распрацоўнік інтэрнэт-крам:

Мяне схапілі недалёка ад станцыі мэтро „Партызанская“ 20 сьнежня, у родным раёне, калі я адзін ішоў дадому.Асноўную частку сваіх сутак я адбыў у Жодзіне.

Ніякіх паслабленьняў у гонар сьвята нам не рабілі. Нават не выводзілі пагуляць, хоць мы вельмі прасілі — за 13 дзён я дыхаў сьвежым паветрам толькі адзін раз. Але вось душу мы, нарэшце, дачакаліся 31 сьнежня. А так усё, як звычайна: прыбіральня безь дзьвярэй, адпаведныя пахі і ахоўнікі, якія сьвяцілі лазэрам у вочы, каб мы не сядзелі на ложках (на лаўцы на ўсіх месца не хапала, даводзілася стаяць).

Падняць сабе настрой атрымалася толькі перадачамі, зь якіх і склаўся сьвяточны стол.

Бліжэй да паўночы мы чулі, як нейкія людзі крычалі пад турмой: „З Новым годам!“ Было вельмі прыемна. Раніцай 1 студзеня мы зноў разбавілі традыцыйны рацыён нашымі перадачкамі: было крыху мандарынаў і нават кавалак чырвонай рыбы. Павіншавалі адзін аднаго. Незвычайныя ў мяне эмоцыі ад сустрэчы Новага году ў турме — будзе што ўспомніць. Такое дакладна не забудзеш.

2 студзеня на свабодзе мяне сустракаў натоўп з блізкіх. Было вельмi прыемна, што столькi чалавек прыехалі мяне сустрэць. І з падарункамi! А дома мяне чакаў сьвяточны стол i яшчэ порцыя падарункаў пад ялінкай.

Астатнія сьвяты правяду дома, бо захварэў за кратамі на каранавірус.

Максім, 33 гады, дырэктар рэстаўрацыйнай фірмы:

— Забралі 20 сьнежня проста каля пад’езду ў Менску. Пакуль я вёў размову з бабуляй, якая падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, невядомыя выбеглі з буса і мяне забралі: на 12 сутак па вядомым артыкуле 23.34.

У камэры са мной былі некалькі айцішнікаў, выкладчык вышэйшай матэматыкі, навуковец, інжынэр, спартовец, а таксама адзін мужчына, які сядзеў за крадзеж.

Самым цяжкім для мяне было спаць з уключаным сьвятлом. На пытаньне, чаму так, нам адказалі: „Каб вам не было тут салодка“. У камэры была антысанітарыя, паўсюль — цьвіль і жудасны смурод. Праўда, празь некалькі дзён знаходжаньня ў Жодзіне мы атрымалі мыла і ўжо вымылі ўсё, да чаго дацягнуліся. Акрамя гэтага, нам не аказвалі мэдычнай дапамогі — у некаторых сукамэрнікаў была тэмпэратура, мы прасілі лекі ці хаця б кіпеню, але некалькі дзён нас ігнаравалі. Толькі пад самы Новы год далі дзьве таблеткі парацэтамолу на дзесяць чалавек.