Выбрать главу

„Дабрацца сюды праблематычна“

— Гэта Паўднёвы гарадок, ён знаходзіцца наводшыбе, ехаць сюды нязручна. У каго няма машыны, дабрацца сюды праблематычна. Яшчэ і пасьля працы, ведаеце, пятніца, ня ўсе такія сьвядомыя, каб адолець гэты шлях. Такую пляцоўку выбралі спэцыяльна, каб адсеяць такіх людзей, хто палянуецца. Мне 25 гадоў, і я такое першы раз бачу, каб палітык зьбіраў столькі людзей. 

„Баюся правакацыяў“

— Адзіны страх — я баюся правакатараў. Якія будуць спэцыяльна, мэтанакіравана нападаць перш за ўсё на нашу міліцыю. Хай агрэсіўную, але нашу міліцыю. Вось як іх абараніць, як абараніць непадрыхтаваных людзей дзейнічаць супраць такіх правакатараў? Я знаёмы зь некаторымі зь іх, якія працавалі ва Ўкраіне. Я там вучыўся. І гэта вельмі добра падрыхтаваныя людзі. Яны ведаюць, у якую частку шчыта біць нагой, каб нанесьці траўму калена. Яны ведаюць, як дзейнічаць лаўкай, як разабраць яе на штакетнік. І напэўна іх наймуць сюды, у Беларусь, каб дзейнічаць супраць нас, супраць міліцыі.

„Такой масавасьці ў Лідзе не было ніколі“

— Я мясцовы журналіст Юрась Дзяшук. Для Ліды гэта гістарычная падзея. І вельмі крыўдна, што тут няма мясцовага тэлебачаньня Ліда ТВ. Ліда ТВ — гэта дзяржаўнае тэлебачаньне, якое фінансуецца мясцовай уладай. І гэта замоўчваньне таго, што людзі ў Лідзе прачынаюцца, што адбываецца не рэвалюцыя, а эвалюцыя людзей. Такой масавасьці ў Лідзе не было ніколі. Вельмі шмат лідзян зьяжджаюць працаваць у Польшчу, і гэта таксама падштурхоўвае людзей, бо яны хочуць жыць тут. Калі чалавек там атрымлівае тысячу эўра, а тут дзьвесьце эўра, а трэба ж неяк жыць, карміць сваю сям’ю. 

„Плітку перад мітынгам мянялі“

— У нас у Лідзе толькі Лідбір зьбіраў такую вялікую колькасьць людзей па факту. А палітычнага такога яшчэ не было. Чалавек натуральна баіцца. Бо я ня ўпэўнены, што я адсюль выйду і там за агароджай усё будзе нармальна, што мяне не арыштуюць і што пасьля вашага інтэрвію ня будзе праблем. Гэта рэальна страшна. А гэтага ня хочацца. Хочацца жыць спакойна. Плітку тут перад мітынгам мянялі. Я тут побач жыву. Хоць чым яна была дрэнная? Для правакацыі. Хто тут жыве, усе ўсё разумеюць.

„За стрым пасадзілі на сем сутак“

— Я фэльчар з „хуткай дапамогі“. Цяпер займаюся валянтэрствам. Паехаў у штаб Сьвятланы Ціханоўскай. Пабыў у Менску, такая атмасфэра была, гэта штосьці! Там столькі людзей, столькі падтрымкі. Пакуль бяз працы. Чакаем жніўня. Думаю, вярнуся на хуткую. Я ніякі не палітык, я звычайны грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Я проста выказваю сваё меркаваньне. За стрым зь Ціханоўскім пасадзілі на сем сутак. Цяпер палова маіх калег з „хуткай дапамогі“ тут знаходзяцца. І дактары, і фэльчары, і вадзіцелі. Ня ўсе, некаторыя баяцца трошкі, але большасьць, нас большасьць.

„Юра, ты ў мяне харошы!“

— Хачу, каб людзі нікога не баяліся. А то едзеш у аўтобусе, людзі: ціха-ціха-ціха, бо арыштуюць. Буду галасаваць за новага прэзыдэнта. Вы гэта не ўключайце, бо на мяне сын надта крычыць. Кажа: куды ты ўсё лезеш. (Але гэта прамая трансьляцыя, можаце перадаць сыну прывітаньне) Юра! Прывітаньне табе. Ты ў мяне харошы. Ты мяне любіш, а я цябе. Каб ты не хваляваўся, усё будзе добра. Тут вельмі шмат людзей сабралася і я ў тым ліку.

„Краіна стала жорсткай“

— Краіна стала жорсткай, беспардоннай, людзей забіраюць з вуліц ні за што, у любы час. Да чаго мы прыйшлі за 26 гадоў? Да бабуляў, якія атрымліваюць пэнсію па 100 эўра і выбіраюць з супавых набораў самыя танныя, да моладзі, якая ня можа сябе рэалізаваць і зьяжджае ў Эўропу, каб неяк больш-менш камфортна існаваць. Я прыйшоў таксама падтрымаць Ціханоўскую зь яе штабам. Але мне трошкі незразумелая пазыцыя, чаму аб’яднаны штаб цяпер усіх кліча на выбары 9 жніўня. Няўжо мы забылі, да чаго заклікаў Сяргей Ціханоўскі, Севярынец, Статкевіч? Яны ўсе казалі, што выбары магчымыя толькі ў адным выпадку — без Лукашэнкі. Змагацца з дыктатурай з дапамогай выбараў, мне здаецца, гэта бескарысна. 26 гадоў галасавалі, няўжо не нагаласаваліся? Таму толькі байкот выбараў і мірныя забастоўкі па ўсёй краіне.

„Так затрымліваюць тэрарыстаў“

Алег:

— Мы — гэта я (займаюся навукова-папулярным праектам „Разумны Менск“, дзе вучым і разьвіваем вашых дзяцей) і Павал (доктар адной з гарадзкіх лякарняў са стажам каля 10 гадоў; дарэчы, нядаўна ён атрымаў Ганаровую грамату за барацьбу зь вірусам COVID-19).

8 жніўня ўвечары мы з Паўлам накіроўваліся ў офіс, каб раздрукаваць дакумэнты для будучага навуковага дзіцячага лягера. Каля плошчы Перамогі я памахаў рукой, каб павітаць людзей, якія стаялі ўздоўж праспэкту Незалежнасьці і выказвалі сваю грамадзянскую пазыцыю.