Праз хвіліну на велізарнай хуткасьці з сырэнай нас апярэдзіў экіпаж ДАІ і прыціснуў да ўзбочыны. Не прадставіўшыся, супрацоўнік ДАІ адразу ж пачаў раўсьці на нас, каб мы выйшлі з машыны. Пры тым, што я не парушаў правілаў дарожнага руху і не сыгналіў.
Супрацоўнік ДАІ па рацыі з кімсьці зьвязаўся, і праз хвіліну пад’ехаў чалавек у цывільным і пачаў матам абражаць нас і пагражаць. Маўляў, няма чаго тут разьяжджаць па праспэктах, я вас усіх засаджу ў турму на 5 гадоў, будзеце гнісьці у балоце, здохнеце там...
Нам загадалі пакласьці рукі на машыну і стаць тварам уніз. Так затрымліваюць тэрарыстаў.
Далей прыехаў амон і нас завезьлі ў Маскоўскі РУУС. Туды ж загналі і мой аўтамабіль.
У пастарунку нас сустрэлі як сапраўдных злачынцаў, мы перасоўваліся з кабінэта ў кабінэт з рукамі за сьпінай і апушчанай галавой. У нас забралі асабістыя рэчы. На мяне склалі пратакол па частцы ДАІ, што я падаў гудок без патрэбы, і абвясьцілі маю машыну як скрадзеную (нібыта VIN нумар майго аўта выклікаў падазрэньні ў іх), а Паўлу — пратаколы за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі, нібыта ён ішоў па вуліцы, размахваў рукамі, прамаўляў нецэнзурную лаянку, крычаў, дэманстраваў непрыстойныя жэсты, тым самым парушаючы грамадзкі парадак.
Як аказалася, на мяне склалі такія самыя пратаколы, праўда, без майго ўдзелу, падрабіўшы мой подпіс. Усе нашы просьбы зьвязацца з адвакатам або сваякамі ігнаравалі. Мы да апошняга спадзяваліся, што нас проста выпусьцяць. Але гэты абсурд толькі пачынаўся.
Нас і яшчэ некалькі такіх жа „тэрарыстаў“ сабралі ў актавай залі. Асабліва запомніўся момант, калі мы ўбачылі на сьцяне плякат з прысягі міліцыі на вернасьць Радзіме: „… Урачыста клянуся быць адданым свайму народу, сьвята выконваць Канстытуцыю Беларусі, абараняць законныя правы і інтарэсы грамадзян…“. Ага, мы зачытвалі ўголас гэтыя словы і глядзелі ў вочы міліцыянтам, а там — пустата.
На ноч павезлі на Акрэсьціна, дзе нас сустрэлі словамі: „Так, жывёлы! Галаву ўніз, рукі за спіну!“ І ўсё гэта суправаджалася адборнымі мацюкамі. Нас паставілі тварам да сьцяны, з паднятымі на сьцяну рукамі. Папярэдзілі, што нельга шаптацца і наогул варушыцца, інакш яны ўжывуць фізычную сілу.
Раніцай нас загрузілі ў аўтазакі і адправілі ў жодзінскую турму. Мы ехалі некалькі гадзін, было вельмі горача і душна. Потым аўтазак спыніўся, і яшчэ 4 гадзіны мы проста стаялі, не разумеючы, дзе мы і што будзе адбывацца. Аўтазак заглушылі, нам перастаў паступаць кісларод, бо ён трапляў з дапамогай вэнтылятараў, якія працуюць толькі пры заведзеным рухавіку. Праз гадзіну стала настолькі душна, што пачынала кружыцца галава і цямнела ў вачах. Ніколі ня думаў, што мне калісьці будзе страшна памерці ад нястачы паветра.
Пасьля ўсіх гэтых катаваньняў нас нарэшце пачалі выводзіць па адным з аўтазаку, пры гэтым нам пастаянна крычалі, каб мы галаву трымалі яшчэ ніжэй і нікуды не азіраліся. Але там, папраўдзе, і не было куды глядзець. Нас вялі празь вельмі доўгі тунэль у падвале, які, здавалася, ня скончыцца ніколі. Потым мяне разьдзелі дагала і прымусілі прысядаць. Толькі пасьля такога агляду нам дазволілі апрануцца, запісалі зьвесткі і адправілі ў камэру №26. Я першы ўваходзіў і адразу тварам уляпаўся ў вялізнае павуціньне, мабыць, там даўно нікога не было.
А яшчэ вельмі ўразіла, што прасьціны і ручнікі былі вырабленыя ў ліпені 2020-га, быццам яны рыхтаваліся загадзя.
Перш за ўсё мы агледзелі камэру і знайшлі там цікавыя атрыбуты турэмнага жыцьця — два лязы, заточку і нейкія доўгія трубачкі, зробленыя з газэт. Як потым нам расказалі, іх выкарыстоўвалі для перасылкі „малявак“ — паведамленьняў паміж зьняволенымі. З карыснага — мы знайшлі даміно, што хоць неяк дапамагала бавіць час.
Калі ахоўнік даў нам аловак, мы нарысавалі на стале шахматную дошку, а з хлеба зьляпілі шашкі і шахматы. Нагуляўся на ўсё жыцьцё.
У камэры спачатку было 6 чалавек. Хтосьці зь іх быў назіральнікам на выбарчым участку і падаваў скаргу на фальсыфікацыю выбараў, а на іх проста выклікалі амон і затрымлівалі; хтосьці проста выйшаў з крамы з „батонам і кефірам“ або вяртаўся дадому ў той момант, калі амон затрымліваў усіх запар. Але найбольш уразіла гісторыя хлопцаў, якія смажылі шашлыкі ў Лошыцкім парку, і іх таксама затрымалі. Я асабіста бачыў мангал і краткі для шашлыка, якія ляжалі ў кучы рэчаў затрыманых... Усе гэтыя людзі адукаваныя, інтэлігентныя, у якіх ёсьць сям’я, дзеці, прэстыжная праца.