Выбрать главу

І нас у гэтыя дні аб’ядноўвала адно — усіх незаконна затрымалі і потым гэтак жа незаконна асудзілі — каго на 5 сутак, каго на 10, а камусьці выпісвалі штраф 40 базавых.

Мяне судзіла судзьдзя Лагойскага раёну. Гэты твар я запомню назаўжды. Суд быў больш падобны на тэатральную пастаноўку, якая доўжылася 5 хвілін, і зыход быў вядомы загадзя. Я ветліва прасіў даць адваката, сьведак, але ўсё гэта было проста праігнаравана. Тут жа я і даведаўся, што на мяне былі складзеныя цэлыя два адміністрацыйныя пратаколы. За якія мне ў суме далі 10 сутак. Мне хацелася крычаць ад несправядлівасьці. Было адчуваньне, што з нас проста зьдзекуюцца... Вы б толькі бачылі, зь якім спакоем і цынізмам судзьдзя агучвала прысуд за тое, чаго я не рабіў. Пасьля суду мяне вярнулі ў камэру адбываць „заслужаны“ тэрмін.

Увечары нам у камэру падсялілі яшчэ 10 чалавек, яны былі настолькі зьбітыя, у бруднай вопратцы, з крывёю, што мы адразу падумалі, што гэта крымінальнікі, якія пабіліся паміж сабой. Шчыра, было крыху страшна. Але ўявіце, як мы зьдзівіліся, калі даведаліся, што гэта былі хлопцы, такія ж палітвязьні, якіх затрымалі ўвечары 10 жніўня. Большасьць зь іх такія ж выпадковыя „пасажыры“, як мы, толькі пару зь іх зьбіраліся правесьці пікет супраць фальсыфікацыяў выбараў, але не дайшлі. Міліцыя і амон трымалі іх амаль суткі на дворыку пастарунку, зьбівалі дубінкамі да паўсьмерці, прымушалі сьпяваць песьні, што наш прэзыдэнт самы лепшы, пагражалі іх застрэліць і згвалціць і казалі, што ім, амону, за гэта нічога ня будзе...

Яшчэ з намі быў Арцём, на выгляд гадоў 20, інвалід 2-й групы, ён ведаў толькі, як завуць яго, яго маму і адрас пражываньня. У астатнім развіцьцё — як 6-гадовага дзіцяці. Мы яго вучылі і кантралявалі штодзённую гігіену, пакідалі лішнюю ежу, бо ён любіў паесьці. Яго, недзеяздольнага чалавека, таксама біў амон, і таксама асудзілі на 10 сутак. Мы доўга шукалі лёгіку ўсяго, што адбываецца, але так і не змаглі знайсьці.

Усяго ў камэры нас было 16 чалавек. Мы спалі па чарзе: хтосьці на падлозе, хтосьці пад сталом, на стале, а хтосьці на ложку. Потым мы мяняліся. І за ўвесь час у нас не было ніводнага канфлікту, мы былі, як адна каманда, дзе кожны падтрымліваў адзін аднаго.

14 жніўня раніцай мне нарэшце дайшла перадачка, якую, як потым высьветлілася, адправілі яшчэ 4 дні таму. Мы разьмеркавалі ежу на некалькі дзён. Асабліва запомніліся бутэрброды з жытняга хлеба і каўбасы, і ў той момант здавалася, што гэта быў самы смачны бутэрброд у маім жыцьці.

Увечары, на шосты дзень зьняволеньня, нас па адным пачалі выводзіць з камэры. Я думаў, што пераводзяць у іншы блёк альбо ў іншую турму, але потым я ўбачыў майго сябра Паўла. Аказалася, нас пачалі адпускаць. Паводле нейкай дзіўнай амністыі.

Трэба было знайсьці свае рэчы. У невялікім пакоі на падлозе проста ўсё валялася ў кучах па калена. Іншыя хлопцы распавядалі, што яны так і не змаглі знайсьці свае мабільнікі, грошы, дакумэнты. У Паўла, напрыклад, зьніклі акуляры і банкаўская картка.

Далей мяне вялі хвілін 10 па доўгіх калідорах. У думках мільгала, што нават калі б і захацеў зьбегчы адсюль, то заблукаў бы ў гэтых бясконцых турэмных лябірынтах.

Выйшаўшы на вуліцу, я па-ранейшаму ішоў рукі за сьпіну і галава ўніз, пакуль не пачуў чыйсьці голас, што ўжо можна падняць галаву, што я на волі. Я падняў галаву, і было так сьветла і сонечна, а вакол вельмі шмат людзей. У той жа момант я ўбачыў сваіх блізкіх і сяброў, якія некалькі дзён і начэй запар чакалі мяне каля турмы.

На гэтым усё ня скончылася, бо мой аўтамабіль заставаўся на тэрыторыі Маскоўскага РУУС. Паводле „закону“ маю машыну маглі ўтрымліваць да 30 дзён, пакуль ня пройдзе экспэртыза. Але нават там ёсьць людзі і нармальнае чалавечае стаўленьне. Супрацоўнік пастарунку Мікалай заняўся вяртаньнем нашых аўтамабіляў. Ён ініцыяваў правесьці экспэртызу як мага хутчэй. Але, як я зразумеў, ён за сваю ініцыятыўнасьць атрымаў па шапцы ад начальніка: „Навошта сьпяшацца, хіба камусьці гэтыя аўто перашкаджаюць? У цябе ёсьць нейкі асабісты інтарэс?“ Усё ж такі праз два з паловаю тыдні з моманту затрыманьня мне і такім самым пацярпелым вярнулі аўто. Але без тэхпашпарту, яго таксама будуць правяраць на сапраўднасьць. Таму да гэтага часу чакаю вяртаньня дакумэнтаў ...

Дарэчы, я склаў скаргу на тую судзьдзю Лагойскага раёну, і днямі ў Менскім абласным судзе разглядалася мая заява. Мой адвакат пракамэнтаваў гэтае дзеяньне так: „Гэта пісец“. Усе парушэньні і нестыкоўкі ў пратаколах проста не былі ўлічаныя, а тры сьведкі, якія бачылі маё затрыманьне і нават зьнялі на відэа, не былі выкліканыя ў суд. Рашэнне суду пакінулі ранейшым, што я вінаваты. Але ёсьць і добрыя навіны: 6 сутак, якія я правёў у турме, залічылі, як дастатковае мне пакараньне. Гэта значыць, 4 сутак у мяне аднялі. А Павал яшчэ не падаваў скаргу, таму яго могуць у кожны момант затрымаць і папрасіць дасядзець гэтыя 4 сутак.