Выбрать главу

Мяне адвялі ў камэру разам з той другой дзяўчынай. Калі за намі зачыніліся дзверы, нам сказалі: „Добро пожаловать в страну толерантности, животные“. Нас было 12. У камэры на шэсьць чалавек. Амаль усе там былі назіральніцамі на выбарах, якіх затрымалі ў 18-20 гадзін. Ніхто зь іх ня быў на мітынгу. Усе інтэлігентныя і разумныя. Мікрабіёляг, настаўніцы, музыкі. У загадчыцы катэдры БДУІР узялі сына, мужа і бацьку (72 гады). Яна сама ўлезла за імі ў аўтазак. Адну ўзялі на ўчастку падчас галасаваньня, яна нават не была назіральніцай. Астатнія — на ўчастках. На іх проста выклікалі амон старшыні камісій.

У камэры не было туалетнай паперы. Вада з крана, і ўсё. У суседняй камэры была дзяўчына з Расеі. Мы чулі, як яна патрабавала пасла, казала, што яе затрымалі незаконна. Ёй адказалі: „Нах... тваю Расею і твайго пасла“. Нікога не паклікалі. Яе імя Стогава Алеся Віктараўна, 1986 году нараджэньня. Гуляла з хлопцам каля гатэлю „Вікторыя“. Яе білі па твары кожны раз, калі яна прасіла пасла (гэта мы дазналіся потым, калі нас пасадзілі разам). Усю ноч мы чулі, як прыяжджалі аўтазакі. Адзін за адным. Як крычалі на хлопцаў. Чулі, як іх білі дубінкамі.

Потым, мабыць, стала няма дзе разьмяшчаць людзей. Па нас прыйшлі і павялі на чацвёрты паверх. Адчынілі дзверы, і я зразумела, што, напэўна, тут і будзе канец. Камэра на чатыры чалавекі. Там ужо сядзелі 23 жанчыны! А нас было 13. Разам стала 36. Паветра не было. Паперы не было. Ежы не было. Да нас пасадзілі дзвюх жанчын-алькагалічак. Ад іх страшна сьмярдзела. Жанчыны прасілі адчыніць дзверы, у нейкі момант дзьверы адчыніліся і канвойны выліў на падлогу вядро вады і зачыніў дзверы. У вільготным памяшканьні дыхаць увогуле не было чым. У Юлі з нашай папярэдняй камэры пачалася панічная атака. Яе пачало ванітаваць. Мы папрасілі доктара. Нуль рэакцыі. Празь некаторы час мы пачалі крычаць. Адчыніліся дзьверы, і на нас зноў вылілі вядро халоднай вады. Але потым гэтыя каты зразумелі, што дзяўчына можа памерці, яны яе вывелі на пару хвілін падыхаць. І запусьцілі зноў. Яна маліла іх, прасіла, адказ: „Не прымушайце нас ужываць сілу“.

Нашым адзіным выратаваньнем было адчыненае вакно і кармушка (у якую даюць ежу), яны стваралі мікраскразьняк, але гэта ня вельмі дапамагала. У пэўны момант кармушку зачынілі. Мы пачалі крычаць, але праз хвіліну ўсё зразумелі. Мы пачулі, як з камэры насупраць вывелі хлопца і пачалі малаціць дубінай. Было страшна слухаць. Пасьля трох-чатырох удараў фраза: „А цяпер бяры і выцірай сваё гаўно. Як табе вось такая ануча?“ Я ня ведаю, што там дакладна адбылося. Але чуць гэта было невыносна. У паловы дзяўчат у суседніх камэрах сядзелі іхныя хлопцы, мужчыны і нават бацькі.

Ноччу ў адной з алькагалічак пачаўся панос. 37 чалавек у камэры на чатырох. Адкрыты туалет. Паперы няма. Аб адным мы не пашкадавалі: ішлі другія суткі безь яды. Бо нас званітавала б там усіх.

На наступны дзень пачаліся суды. Маразм быў у тым, што спачатку дзяўчат выклікалі да судзьдзяў Маскоўскага раёну (яны прыехалі да нас), а потым тых жа дзяўчат — да судзьдзяў Фрунзэнскага раёну. У некаторых атрымалася па два рашэньні з рознымі зьвесткамі. Мой судзьдзя даў мне 10 сутак, хоць за пяць хвілін да мяне судзьдзя ў адным зь ім кабінэце дала хлопцу, які быў разам са мной, 10 базавых. Я спыталася — чаму? Ён сьцепануў плячыма: „Ня я выносіў рашэньне аб вашым хлопцу“. Я цудам пасьпела пагутарыць з хлопцам у калідоры. Толькі так мае бацькі нарэшце дазналіся, дзе я і што са мной.

Яшчэ ноч у душагубцы. Нас стала 33. Каля 22 гадзін да нас завялі яшчэ чатырох. Сярод іх жанчына гадоў 50. Яна проста ў свой адзіны выходны выйшла ў краму, каб купіць ежы бацьку-інваліду, і ішла міма школы. Ёй далі 12 сутак. На нашы крыкі быў адказ: „Вы яшчэ пабачыце, што такое шмат людзей“. Потым мы дазналіся, што ў іншай камэры на чацьвярых былі 53 жанчыны.

Наступнай раніцай нам прынесьлі хлеб. Першы раз з ночы затрыманьня мы паелі. Нас пашыхтавалі на вуліцы. Некаторыя засталіся ў камэры (тыя, каго не пасьпелі асудзіць). Дзяўчаты проста тварам да сьцяны стаялі ў двары. Хлопцы — на каленях тварам у зямлю. Некаторыя толькі ў майтках. Мы бачылі, якія ў іх гематомы на нагах. Некаторыя дзяўчаты плакалі. Некаторым стала блага, адна страціла прытомнасьць. На яе палілі ваду, далі пасядзець, доктара не выклікалі. 

Пачалі заводзіць у аўтазак. Па дарозе амонавец расказваў, што адбываецца, што ён ня верыць ні таму боку, ні другому. І што мы ніколі не дамо рады ў поглядах адзін аднаму.