Пра Жодзіна я не магу сказаць нічога, акрамя таго, што гэта былі самыя добрыя, сумленныя і клапатлівыя людзі за ўвесь час „прыгод“. Кармілі, прыносілі паперу, пракладкі нават купілі.
У пятніцу вечарам нас усіх выклікалі, далі падпісаць паперу, што мы абяцаем больш ня ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах. Я не хацела падпісваць. Але праблема ў тым, што паперу падпісаць у кожным выпадку прыйшлося б, нават калі б адсядзела ўсе суткі. А я вельмі перажывала за бацькоў. Таму пагадзілася.
Я ня ведаю ніводнага прозьвішча, але я памятаю ўсе твары. Усе да аднаго. Асабіста кожнага з катаў на Акрэсьціна.
Калі выйшла, хацелася плакаць. Не ад таго, што перажыла, а ад цудоўных валянтэраў. Я ганаруся быць зь імі часткай аднаго народу. Мы вялікі народ, мы выстаім. Усё гэта было недарэмна.
Пры затрыманьні
„Адзін у балаклаве зірнуў такімі шклянымі вачыма, што я скамянела“
„Гранаты кідалі проста ў натоўп“
„Засталася толькі пятка“
„Далі ў калена берцам — нага сагнулася ў адваротны бок“
„Мне да галавы прыставілі пісталет“
„Самы запамінальны ўдар — нагой у вока“
„Душылі сьцягам і называлі яго пракладкай“
„Ня ведаю, як іх назваць, гэта не міліцыя ўжо“
„Лятуць чорныя лебедзі“
— 9 жніўня мы да васьмі гадзін пайшлі на выбарчы ўчастак. За гадзіну сабралася, напэўна, больш за сотню людзей. Усё мірна, спакойна. І хтосьці сказаў, што зь іншых участкаў старшыні ўцякаюць праз запасныя выхады. Сапраўды, ужо машына стаіць заведзеная. Тут выходзіць старшыня з тэчкамі і ў досыць агрэсіўнай манеры пачынае адмаўляцца: яму паступіла ўказаньне з раённай камісіі нічога нікуды не вывешваць, а ехаць адразу туды. Разьвярнуўся і пайшоў назад у школу. Выйшла тры ці чатыры міліцыянты, кажуць нам: „Разыходзьцеся“. На што мы адказалі: „На вашых вачах парушэньне закону адбываецца, калі ласка, рэагуйце“. Старшыня зноў выйшаў, сеў у машыну. Людзі, натуральна, не даюць машыне праехаць. Пад’ехалі два экіпажы ДАІ: „Вызваліце праезную частку“. Прабачце, якая праезная частка? Гэта дваровая тэрыторыя. І літаральна хвілін праз пяць — „Ляжаць! Мордай у зямлю!“ Паварочваюся — ужо лятуць… чорныя лебедзі.
„Папрасіў, каб выйшаў іхны камандзір“
— У нейкі момант я выйшаў да гэтых шчытоў абсалютна адзін, падняўшы рукі ўгору, паказваючы, што ня маю ніякай агрэсіі. І кажу: „Вы проста паглядзіце, што адбываецца перад вамі. Вашы дзеці, бацькі, сёстры, браты… Вы нявечыце мірны народ, такі, як і вы“. І папрасіў, каб выйшаў іхны камандзір. Пасьля гэтага недзе праз хвіліну шчыты расступіліся і група захопу з чатырох чалавек мяне схапіла і зацягнула да сябе туды ў тыл. Пасьля пяць ці восем амонаўцаў павалілі мяне на дол і пачалі біць. Недзе на працягу пяці хвілін зьбівалі дубінкамі, ботамі па галаве, па целе. Далей закінулі ў аўтазак, дзе два амонаўцы дубінкамі сваю справу давяршылі.
„Гэта была найвялікшая дурасьць“
— Мы ехалі ў машыне разам з мэдыкамі-добраахвотнікамі, якія пагадзіліся падвезьці нас дадому. Бліжэй да ўнівэрсаму „Рыга“ ўбачылі вялікую колькасьць міліцыі і людзей, якія ляжаць на зямлі. Кіроўца нашай машыны прыпыніўся, і мы — гэта была найвялікшая дурасьць — запыталіся ў супрацоўнікаў амону, ці не патрэбна мэдычная дапамога? Амонавец нешта рэкнуў у наш бок. У гэты момант іншы амонавец падбег да аўтамабіля, кінуў у бок машыны сьвятлашумавую гранату, наставіў на нас вінтоўку, загадаў выйсьці з машыны і легчы на дол. Я пачуў выбух пад коламі, потым убачыў рулю вінтоўкі перад сваім тварам, і ў наступную сэкунду ўжо даваў нырца рукамі наперад у асфальт: гэта не такая простая задача — выскачыць зь мінівэна і хутка легчы на зямлю.
„Як у фільмах пра рыцараў“
— Людзі сталі хаатычна разьбягацца. Я зразумеў, што зараз пачнуць хапаць усіх запар. Тут воляй-няволяй пабяжыш. Спыніўся на пагорку. Павярнуўся назад і ўбачыў, што на зямлі ляжыць жанчына гадоў пяцідзесяці і два чалавекі ў чорным б’юць яе рукамі і нагамі. І мне сарвала „стоп-кран“. Я закрычаў: „Людзі, на помач!“ І пабег туды. Я разумеў, які можа быць вынік, але ў той момант рашэньне было адно — дапамагчы жанчыне. Убачыў бакавым зрокам, як усьлед за мной кінуліся яшчэ пару хлопцаў. Пакуль мы беглі, я вельмі моцна крычаў, проста як у фільмах пра рыцараў. Гэтая псыхічная атака падзейнічала. Сілавікі пачалі ўцякаць.
„Адчыніла пад’езд, дзе мы хаваліся, і паклікала іх“