Выбрать главу

— Пасьля нашага затрыманьня я часьцей успамінаю не сілавікоў, РУУС, наглядчыкаў і камэру. Успамінаю чамусьці тую пажылую жыхарку дому №62 на вуліцы Арлоўскай, якая здала нас, прыкладна 25 чалавек, людзям у чорным. Спусьцілася, адчыніла пад’езд, дзе мы хаваліся, і паклікала іх. І, мяркуючы па тым, як яна нас называла, зь якой нянавісьцю казала нам вымятацца, спала яна потым ня тое што спакойна, але і з пачуцьцём глыбокага задавальненьня ад свайго „подзьвігу“.

„Далі адпор“

— Калёна спынілася. У нейкі момант кардон „супрацоўнікаў“ пачаў грукаць у шчыты, рушыў у бок людзей і нас паспрабавалі выцесьніць. Мы ўзяліся ў счэпку і далі адпор. Байцы разгубіліся і сталі адступаць. Па меры адступленьня яны распылялі сьлезацечны газ: кожны раз, калі мы набліжаліся да іх, мы апыналіся ў газавым воблаку. Я адчуў непрыемны смак у роце і смыленьне ў вачах. Людзі пачалі разьбягацца, я пабачыў, як уцякае мой сын, і пабег за ім. 

„І прыцэльна стрэліў у мяне“

— 10 жніўня на Кальварыйскай зьявіліся дзясяткі байцоў, як мяркуецца, з атраду „Алмаз“. Адзін зь іх спыніўся прыкладна за 10 мэтраў ад групы журналістаў у сініх камізэльках з надпісам „Прэса“ і прыцэльна стрэліў у мяне. Цяпер я другі месяц у шпіталі. 

„Прапанаваў згуляць у шахматы“

— Калі я ехаў на чарговы пратэст, у тралейбус уварваўся амон. Мяне выцягнулі з салёну і завалаклі ў мікрааўтобус. Рукі заламалі сьпераду і скулі іх плястмасавай сьцяжкай. Трое міліцыянтаў білі мяне нагамі і рукамі па рэбрах, нырках, галаве. Аднаго зь іх раззлавала, што гляджу яму ў вочы. Ён зароў: „Давай выйдзем сам-насам“. На гэта я яму прапанаваў згуляць у шахматы. Вочы ў міліцыянта наліліся чырваньню, але больш мяне ня білі.

„Мы проста ідзём па вуліцы“

— Калі сілавікі пачалі затрыманьне, мы нават не ўцякалі. Я зыходзіў з таго, што мы ж проста ідзём па вуліцы. У выніку атрымалася так — уцяклі тыя, хто ўдзельнічаў у пратэсьце, а затрымалі тых, хто ў краму ішоў. Вядома, я супраць таго, каб затрымлівалі і білі мірных удзельнікаў акцый, але калі такое адбываецца, калі ты проста ідзеш зь дзяўчынай каля крамы...

„І распылілі газ“

— Я спакойна стаяла сярод іншых людзей, як раптам на нас нечакана наляцелі амонаўцы. У нейкі момант яны падышлі да нашай групы амаль ушчыльную і распылілі газ. Я якраз у гэты момант удыхнула, каб крыкнуць: „Што вы робіце?“ І газ трапіў мне ў вочы, нос і рот... Раніцай я выклікала „хуткую“. У выніку правяла тыдзень у лякарні з апёкам рагавіцы і дыхальных шляхоў. 

„Зьняў іх на відэа. І паехаў далей“

— Пасьля дзесяці вечара я рухаўся на сваім аўтамабілі па вуліцы Прытыцкага. Праяжджаючы чарговую калёну амонаўцаў, якія стаялі на прыпынку, я зьняў іх на відэа. І паехаў далей. Уся вуліца рухалася з хуткасьцю 30 км у гадзіну. Празь нейкі час яны мяне абагналі, падрэзалі, выскачылі дзесяць чалавек з дубінамі ў чорных строях. Разьбілі шыбу мне ў машыне, выцягнулі, пачалі біць. Празь пяць хвілін я страціў прытомнасьць.

„Схапіў мяне за руку і шпурнуў на зямлю“

— Амон пачаў затрымліваць людзей. Да іх жанчыны падышлі, крычалі ім, каб адпусьцілі. Я таксама падышла. Амонавец схапіў мяне за руку і шпурнуў на зямлю. Па адчуваньнях, ён так схапіў, што адразу ж і зламаў. Рука імгненна абвісла. Шпурнуў мяне, як кацяня. Я паднялася; думала спачатку, што вывіх. Але прыехала „хуткая“, мяне забралі ў лякарню. Зрабілі здымак, дыягназ: пералом са зьмяшчэньнем і аскепкамі. Доктар сказаў: гэта крымінальная справа, да вас прыйдзе міліцыя. Калі пакараюць — ну што ж зробіш. Я нарадзілася ў вайну, таму магу нават пагаладаць, калі прыйдзецца выплачваць нейкія штрафы. Пасяджу на хлебе і вадзе, хай толькі жыве Беларусь.

„Адцягнулі ззаду штаны і залілі з балёнчыка“

— Мяне затрымалі ў парку імя Янкі Купалы. Не спадабалася сілавіку, як я на яго гляджу. Мне залілі пярцовікам з балёнчыка спачатку ў твар, пастаялі, паглядзелі, што я не супраціўляюся, адцягнулі ззаду штаны і залілі з балёнчыка яшчэ ў раёне хвастца. Таму ў бусіку я ехаў з „разагрэтым“ адчуваньнем, пярцовік сьцякаў па нагах, потым ногі гарэлі яшчэ двое сутак.

„Дзіма адважыўся па-беларуску адказаць“

— У турме я пазнаёміўся з пратэстоўцам Дзьмітрыем, якому пасьля затрыманьня амонаўцы зламалі два рабры. Яго зь сябрам схапілі каля маршу, калі яны выходзілі з крамы, на ім быў наш сьцяг. А тут амон. Нешта запыталі, а Дзіма адважыўся па-беларуску адказаць. За мову іх гэтак у бусе аддубасілі, што зламалі яму два рабры. Нават праз колькі дзён ён гаварыў ціха-ціха, доўга набіраючы паветра, бо дыхаць нармальна было балюча.