„Адпрацавала... на стале танцавала“
— Я бяз працы з 45-ці гадоў. Мяне проста прыбралі па сканчэньні кантракту, і больш я працы ў горадзе знайсьці не магла. У мяне малодшаму дзіцяці тады было 9 гадоў. Я вымушаная была зьехаць і зарабляць грошы на дзіцёнка дзесьці там — у Польшчы, у Расеі, у Рызе, па ўсім сьвеце. Разумееце? У мяне быў стаж 21 год на адным месцы. І калі я прыйшла ў адну арганізацыю ЖБІ па спэцыяльнасьці, узялі маю працоўную і сказалі: з такімі, як вы, проста так кантракты не разрываюць. Я кажу, дык што, я 21 год адпрацавала, а на 21-ы на стале танцавала? У мяне ні заўвагаў, ні вымоваў. І я кажу гэтай жанчыне: ведаеце, у вас зьменіцца кіраўніцтва і вы, дакладна так, як я, можаце аказацца на вуліцы. Яна кажа: чаму я? Я кажу: рукі потныя, фрызура не спадабаецца, тысяча прычын. Гэта маё дзяцінства, кіно „Цацка“, рукі потныя... Я не запатрабаваная, я не патрэбная радзіме. Павінны быць працоўныя месцы. Плюс. У якую кантору ў Гомелі ні зайдзі, на кожным паверсе сядзяць аднафамільцы. Гэта ні для каго не сакрэт. Ну жаночы пол замуж узялі, яны прозьвішчы памянялі, а так яны ўсе аднафамільцы. У нас павыцягвалі з усіх вёсак, усе свае, радня, дзядзькі-пляменьнікі. А тыя, хто нарадзіўся ў Гомелі, ня маюць вялікай радні, усе беспрацоўныя.
„Як у Эўропе, Амэрыцы“
— Што трэба мяняць? Адносіны да народу, каб былі больш цывілізаваныя, як у Эўропе, Амэрыцы. Каб не было грубасьці, жорсткасьці з боку дзяржавы.
„Нічога не атрымала ад яго праўленьня“
— Буду галасаваць за Лукашэнку. Я ў Расеі працавала, падлогі мыла сем гадоў там. Я бачыла расейскіх дзяцей у Скліфасоўскага, якія бяз ног, бяз рук ляжалі там. А я Лукашэнку дзякую, бо мае дзеці не ваявалі ні ў Чачні, ні ў Афганістане. Я пра іншае не кажу. Я пэнсію зарабіла, мая пэнсія 300 рублёў. І мае дзеці мяне ўтрымліваюць. А мае ўнукі ў Расеі цяпер сядзяць на карантыне і ў школу ня ходзяць ужо тры месяцы. Яго штрафуюць, майго сына, за тое, што ён па хлеб выходзіць у Туле... 26 гадоў, можа быць, і многа. Але нельга вось так агульна вось так. Я асабіста нічога не атрымала ад яго праўленьня. 300 рублёў пэнсіі. Я пэдагог-дашкольнік, што я магла зарабіць? Але ва ўсякім разе мы ходзім цяпер па вуліцы. У Расеі людзей душаць за гэта, а ў нас людзі ходзяць свабодна і дыхаюць.
„Я выплёўваю лёгкія“
— Мяне завуць Валеры, я зваршчык. І ў чым, растлумачце, розьніца. Міліцыянт ідзе на пэнсію ў 45 па шкоднасьці. А я па шкоднасьці — тое, што я выплёўваю лёгкія — павінен ісьці ў 60. Мне на дадзены момант амаль 50 гадоў. Я ўжо павінен у савецкі час ісьці на пэнсію. Па гарачай сетцы. У мяне трое дзяцей, я на дзьвюх працах змагаюся. Шукаю нейкія падпрацоўкі. Тысячы рублёў у нас няма. Я магу пры вас адкрыць інтэрнэт і вось: праца зваршчыка патрабуецца — 300 рублёў, 200 рублёў, 500 рублёў. Нармальна? Дзе наша абяцаная тысяча? Я не магу так, як мае бацькі ў савецкі час, пабудавацца бясплатна. Я беларус, не ўкраінец, не расіянін, я беларус, я родам адсюль, я вясковы хлопец. І я хачу, каб было так, як пры маіх продках. А тое, што ігнаруюць, то бок ламаюць наша грамадзтва, я гэтага не разумею. Прэзыдэнт тое, што кажа народ, ігнаруе. Таму патрэбны новы прэзыдэнт. Гэты ўжо ня здатны. Ён ужо накраўся.
„Ня ведаем суседзяў на лесьвічнай клетцы“
— Трэба аб’ядноўвацца. Ёсьць праблема, на мой погляд, што мы часта ня ведаем суседзяў на лесьвічнай клетцы. Такі час цяпер. Гадоў 15-20 усё было па-іншаму. Павінна быць нешта агульнае, што б усіх аб’ядноўвала, каб людзі не баяліся нават выходзіць подпісы сабраць. Я не баюся. Ну пасадзяць на суткі, адміністратыўку, ну пасяджу.
„Прадпрымальнікі праселі“
— У сувязі з пандэміяй, як вядома, закрытыя межы расейскія. Увезьці тавар немагчыма. Адпаведна ўсе прадпрымальнікі праселі, многія там да істэрыкі. Адабралі ралет, адабралі магазін. Арэнду ніхто ні на капейку ня зьнізіў. Ніхто нічым не дапамагае абсалютна. Вось проста кінулі, выжывайце, як хочаце. Мы хадзілі ў аблвыканкам, мы хадзілі ў гарвыканкам. Нам кажуць: няма каманды зьверху. Што рабіць прадпрымальнікам, калі мяжа закрытая, не ўяўляю.
„Гэта ж не кітайскую вучыць“
— Мяне завуць Сьвятлана. Я тут, бо мне вельмі крыўдна, што мы не размаўляем на сваёй мове. Ведаеце, гэта ж не кітайскую вучыць ці нямецкую, калі хтосьці не вучыў. Гэта ж наша родная мова, мы ўсе яе разумеем. Нават калі мы не гаворым на ёй. Яна ў нас у крыві… Каб людзі пачалі размаўляць на мове, гэта павінна зрабіць дзяржава. Само сабой нічога ня будзе.