„Патрабавалі здаць панчохі“
Натальля Гарачка, праваабаронца:
— Мяне затрымалі 5 чэрвеня каля Камароўскага рынку, дзе я праз тэлефон вяла стрым у інтэрнэт. Затрымалі людзі ў цывільным. Яны назваліся расейскім ФСБ, але адвезьлі мяне ў Цэнтральнае РУУС.
11 дзён я адседзела ў ізалятары часовага ўтрыманьня, а не, як раней, — у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Згодна з пастановай суду аб зьдзейсьненым правапарушэньні — удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі — мяне павінны былі ўтрымліваць у ЦІП.
Фармальна мы лічыліся за ЦІП, але разьмясьцілі мяне ў будынку ІЧУ, казалі, што ЦІП перапоўнены. І гэтак ня толькі мяне. Па маіх зьвестках, Паўла Севярынца, Вольгу Мікалайчык ды некаторых іншых таксама ўтрымліваюць у будынку ІЧУ.
Вольга Мікалайчык да першых 15 сутак атрымала яшчэ сама меней два такія ж тэрміны. Але я не ўяўляю, як там столькі можна вытрымаць, бо ў параўнаньні з былымі часамі там цяпер канцлягер. Да мяне падсадзілі жанчыну з вошамі, і ў выніку, каб засьцерагчыся, я мусіла спаць на голай лаве.
Усе 11 дзён арышту я трымала галадоўку. І я не адна абрала такую форму пратэсту. На паверсе, дзе ўтрымлівалі тых, каго прывезьлі ў ізалятар пасьля 8 чэрвеня, галадоўку абвясьцілі больш за 10 чалавек. Пераважна гэта мужчыны.
9 чэрвеня нас усіх перавялі на першы паверх і адабралі пасьцельныя рэчы. А праз два дні адабралі яшчэ і матрацы. Ноччу было ня проста холадна, а жудасна холадна. Там не адчыняюць вокны, і таму нават калі надвор’е цяплейшае, у камэрах холад і вільгаць. З 11 начэй я не магла спаць 6, мяне ўсю трэсла. У адну ноч суседка паднялася і нейкай прасьцінай мяне накрыла, бо я замярзала ў адной кофтачцы. У мяне падняўся ціск, але два дні мне не давалі лекаў і не выклікалі да мяне лекараў.
Аднойчы, калі я патрабавала, каб мне выклікалі хуткую дапамогу, я пачула такую размову ахоўнікаў: адзін кажа другому, давай выклікаем хуткую, раптам што. А другі адказвае, што не, ня трэба, бо калі выклікаць, дык мяне забяруць у лякарню, а ёсьць загад, каб мы заставаліся тут.
У будынку ІЧУ я бачыла некалькі чалавек у цывільным. Аднойчы я сутыкнулася з такім, калі вырашалася спрэчка пра мае асабістыя рэчы. У мяне склалася ўражаньне, што да думкі гэтага чалавека ўсе прыслухоўваліся.
Ад мяне патрабавалі здаць панчохі, маўляў, я магу на іх павесіцца. Я настойвала, каб пакінулі, бо мне холадна. Казала, што не зьбіраюся вешацца, што ў мяне іншая мэта — ратаваць радзіму. Нават з начальнікам ізалятара Ігарам Васілевічам пра гэта гаварыла, і ў выніку ён узгадняў з тым чалавекам у цывільным тое, што мне ўсё ж можна пакінуць панчохі.
Я абавязкова буду скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары на Акрэсьціна. Гэта сапраўды на мяжы выжываньня.
„Шмат людзей сядзіць цяпер «за палітыку»“
Аляксандар Вянгура, фэрмэр, Мазыр:
— Пра мяне паказваў сюжэт Сяргей Ціханоўскі. І вось да мяне ў вёску Прудок прыехалі рабіць ператрус. Каля 12 ночы прыехалі людзі ў цывільным, ніхто не прадстаўляўся. Іх было 18 чалавек.
Былі і на берасьцейскіх, і на менскіх нумарах. Аказалася, яны шукалі Дзіму Папова — ён працаваў апэратарам у Сяргея Ціханоўскага. Дзіма, праўда, быў у нас, але ён зьбег. Затрымалі мяне, Аляксандра Цуранава — ён адміністратар каналу „Мозырь для Жизни“, і Дзяніса Коласа. Выпытвалі, дзе Дзіма Папоў. Перавярнулі ўвесь дом мой, забралі тэхніку, кампутар, потым уварваліся да маёй маці. Маці выкруцілі палец. У пляменьніцы забралі тэлефон.
5 чэрвеня пасьля ператрусу я пайшоў у Мазырскі РАУС, каб забраць свой ноўтбук. І ня выйшаў з будынку міліцыі. Жонка два дні не магла мяне знайсьці — і ў міліцыі, і ў ІЧУ адказвалі, што нічога ня ведаюць. Пазьней стала вядома, што я арыштаваны на 15 сутак за нібыта дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі. Разам са мной асудзілі Дзяніса Коласа і Аляксандра Цуканава. Нас трох чамусьці завезьлі адбываць пакараньне ў Менск.
Што там рабілася — я такога ніколі ня бачыў. Шмат людзей сядзіць цяпер „за палітыку“. На чатыры месцы ў камэры нас сядзела шасьцёра. На дзень забіралі матрацы, можна было толькі стаяць. Але і ноччу ўрываліся ў камэры, рабілі нейкія праверкі, пыталіся ў нас: „Ну як справы?“. Гэта каб не даваць спаць. Закідалі да нас у камэру бяздомных, вошы пладзіліся... Бррр, страх. Адваката да мяне не дапусьцілі — нібыта праз каранавірус. Пры гэтым мыцца нармальна не давалі. Зьдзек проста быў і беззаконьне.
У мяне ў вёсцы Прудок пад Мазыром вялікая гаспадарка. Маці, пакуль я сядзеў, не магла дапамагаць нявестцы — бо пераламаныя пальцы. Ірына, жонка, сама мусіла даваць рады і палеткам, і жывёлам.