Выбрать главу

Удзень зноў было ціха. З’явілася новая ўлада — паліцэйскі з чорнай павязкай на рукаве светлага цывільнага касцюма. Прайшоў — як на пахаванне. I павесіў загад, у якім на беларускай мове нямецкія ўлады гарантавалі ўсім жыхарам бяспеку, розныя правы, але загадвалі здаць зброю, радыёпрыёмнікі, аўтамашыны, матацыклы і вярнуцца ўсім на месца сваёй працы, пагражалі расстрэлам, калі хто не выканае гэты загад.

У многія параграфы Вольга ўчытвалася не вельмі ўважліва. але адзін запомніла — давалася права на гандаль. I яна вырашыла выкарыстаць гэтае права — не з прагнасці. бо ведала, разумела. што заробіць яна ў такі час, як Заблоцкі на мыле, — з цікаўнасці, каб хутчэй даведацца, што і як яно, якая яна, новая ўлада.

Нарвала цыбулі, радыскі, салаты, нарэзала бэзу і півоняў і… падалася на рынак, праўда, ледзь пераадольваючы страх, ішла. і ногі трымцелі. Суседзі, што ў той дзень не адыходзілі ад вокнаў і шчылін у парканах, моцна здзівіліся, убачыўшы яе з пукам зеляніны, з кветкамі. Перадавалі праз платы гэтую навіну ўсё адно як тое, што немцы ўступілі ў Мінск: «Ляновічыха на рынак пайшла!» Адны хвалілі яе смеласць. Другія лаялі: «Курва! Да фашыстаў падлізацца хоча. Бач, кветачкі панесла. Такія заўсёды, як дзярмо, на паверхні, пры любой уладзе…»

Вольга прыйшла на рынак і… трохі здзівілася і расчаравалася, што не яна першая: на пустой рыначнай плошчы было ўжо колькі чалавек. I што асабліва здзівіла — не яе даўнія сяброўкі, а людзі, якія раней нічым не гандлявалі, але большасць якіх яна ведала — тутэйшыя, камароўскія, часта швэндаліся па рынку, па крамах. Людзей гэтых яна ўміг зненавідзела — не як сваіх канкурэнтаў, а як тайных ворагаў, за тое, што тады яны сядзелі ціха, а цяпер вылезлі першыя. Іншая справа яна сама — якая была, такая і засталася, як гандлявала ў мінулую нядзелю, калі пачалася вайна, так гандлюе і цяпер, калі свет, як сказала цётка Марыля, перавярнуўся дагары нагамі. I яны, клапы гэтыя, што вылезлі са шчылін, пацягнуліся да яе, бо прызнавалі яе рыначны аўтарытэт. Ад іх яна даведалася: можна добра пажывіцца ў кватэрах тых, што ўцяклі з горада, што, маўляў, немцы глядзяць на гэта праз пальцы. Пра ўсё ведалі сівы дзядок, апрануты ў чысценькі палатняны гарнітур, і яго дачка ці нявестка, худая, як шчупак, баба гадоў пад сорак. Яны прынеслі на продаж прыгожыя кветкі, у Ляновічаў ніколі такія не раслі, маці Вользіна ўсё ўмела вырошчваць — кветкі не ўмела.

Вольга некалі чула, яшчэ, здаецца, ад бацькі, што дзядок гэты — з немцаў. Яна здагадвалася, што самі яны, гэтыя абруселыя немцы, баяцца пайсці шнырыць па кватэрах, таму хочуць падбухторыць яе — няхай яна стрэне няшчасную кулю. Кіпела супроць іх гневам, але змаўчала, разумела, што з такімі лепш не заядацца.

Пакупнікоў, безумоўна, не было. Якому дурню прыйдзе ў галаву пайсці на рынак у такі час! Па вуліцах людзі баяцца хадзіць. Але Вольга такі дачакалася тых, каго чакала са страхам, цікавасцю, — немцаў. Іх прыйшло адразу шасцёра ў незнаёмай чорнай форме, пасля Вольга даведалася, што гэта — ваенная жандармерыя, эсэсаўцы. Яны адразу абкружылі прылавак, на якім размясціліся першыя гандляры. Сівы, як з іконы, дзядок залапатаў па-нямецку, пэўна, прывітаў і падарыў высокаму, у фуражцы з кукардай, па ўсім відаць афіцэру, кветкі.

Двое падышлі да Вольгі. Пахвалілі:

— Хандаль? Гут!

Вольга натужліва ўсміхнулася — выціскала з сябе ўсмешку. Адзін з немцаў белай хусцінкай выцер радыску і смачна захрумстаў. Другі аглядаў не радыску — яе, Вольгу, аглядаў абразліва — як цыган кабылу, якую хоча купіць, здавалася, вось-вось схопіць за храпу і прымусіць ашчэрыць зубы, каб палічыць гады. Той, што хрумстаў радыску, зноў пахваліў:

— Гут!

Другі засмяяўся, відаць, сказаў, што не радыска гут, а фрау гут, бо лёгка паляпаў Вольгу па шчацэ, потым па плячы, каб не прылавак, то, напэўна, паляпаў бы і ніжэй. О, каб гэта зрабіў хто са сваіх, якую аплявуху зарабіў бы! Вольга магла пажартаваць, магла на гулянцы знаёмаму хлопцу дазволіць абняць сябе, за што Адась неаднойчы раўнаваў. Але каб хто яе ляпаў, як кабылу па крыжы… Ну не!

Падышоў афіцэр і сказаў нешта строга, бо салдат паклаў радыску назад і адступіў. За афіцэрам падбег дзядок «з іконы». Пераклаў:

— Пан афіцэр хацеў бы, каб пані падарыла яму кветкі.

— Пан афіцэр можа купіць, пан багаты, а пані бедная, ёй дзяцей трэба карміць, — сур’ёзна, без усмешкі сказала Вольга.