Выбрать главу

Але ён жыў зусім іншым жыццём, чым Вольга. Ператвораны ў няньку, ён рыхтаваў сябе да іншага — да выканання прысягі, якую прыняў год назад. Гартаваў сваю перакананасць, свой высокі ідэал, гартаваў так, каб нішто не магло парушыць іх, і сваю волю, каб не адступіць перад любой пагрозай, не пахіснуцца перад смерцю, пад дуламі варожых аўтаматаў, перад шыбеніцай. Для такой загартоўкі выкарыстоўваў усё: паэзію ў першую чаргу, свае ўспаміны, мары, думкі пра маці і нават клопат пра дзіця, бацька якога ў Чырвонай Арміі, сваю любоў да малой; яна, любоў да дзіцяці, неяк матэрыялізавала яго агульную любоў да жыцця, да людзей і нагадвала пра сэнс барацьбы і пра сэнс ахвяравання ў гэтай барацьбе. Адно хіба не памагала ў гэтай душэўнай падрыхтоўцы — супярэчлівасць адносін і пачуццяў да Вольгі. Разумеў, што ў яго не хопіць ні часу, ні ўмення перавыхаваць яе, зрабіць інакшай, адвадзіць ад гандлю, накаплення багацця. Прыватніцтва, сквапнасць — самыя трывалыя перажыткі. Неяк Вольга ў хвіліну шчырасці прагаварылася, што марыць адчыніць сваю крамку — немцы ахвотна даюць дазвол. Як ёй давесці, што за такія дзеянні ёй прыйдзецца адказваць перад савецкім законам? У кожнага спытаюць: што ты рабіў у вайну? Каму памагаў? Каго карміў ці адзяваў — сваіх ці ворага?

У бяссонныя ночы абдумваў дзесяткі… сотні розных варыянтаў свайго ўступлення ў строй змагароў. Спачатку часцей пераходзіў лінію фронту, потым, пасля размовы з Ленай, ішоў у партызаны, дзейнічаў тут, у Мінску. Часам надта ўжо ўзносіўся ўгору, уяўляў сябе вялікім, няўлоўным героем, але тут жа спускаўся на зямлю, бязлітасна высмейваючы марную фантазію. Хіба ваеннае жыццё не даказала яму, што зрабіцца героем у такой вайне вельмі не проста? Ды ўвогуле не пра гераізм і славу трэба думаць — пра сумленнае выкананне свайго воінскага абавязку.

Хоць нічога пэўнага Лена Бароўская яшчэ не сказала, але больш рэальныя думкі аб уступленні ў барацьбу звязваліся з ёй, бо яна расказала пра партызан у навакольных лясах і пра людзей, што арганізуюцца ў Мінску.

Вользіна прызнанне ў каханні і паведамленне, што яна мае радыёпрыёмнік і пісталет, пачало зноў настройваць яго разгарачаную, няўрымслівую фантазію на высокую хвалю. Часам Вольга вырастала ў таямнічую асобу, напрыклад, у пакінутую нашымі разведчыцу высокага класа. Але, разважыўшы, прыходзіў да высновы, што лухту ён думае: не тым жыццём жылі Ляновічы да вайны, каб маладая жанчына з дзіцем, якую ўсе тут ведаюць, магла ўзяцца выконваць такое даручэнне. I не тыя погляды трэба мець, як у яе. I не такой баязліўкай трэба быць. Неяк увечары, калі ўклалі разам Свету, якая разгулялася і доўга капрызнічала, і засталіся ўдваіх, адчуваючы няёмкасць, якой не было да Вользінага прызнання, Алесь спытаў шэптам:

— Ён спраўны?

— Хто?

— Прыёмнік.

— Відаць, спраўны.

— Давай паслухаем Маскву.

У яе зрабіліся круглыя — па яблыку — вочы.

— Ты што, дурань, на шыбеніцу захацеў?

Во якая «разведчыца»!

Пра пісталет не адважыўся спытаць — дзе схаваны, хоць пісталет, як нішто іншае, пазбавіў сну. Думаў пра яго ўдзень і ўначы. Бачыў яго, адчуваў халадок рукаяткі, ласкава гладзіў варанёнае дула. Калі заставаўся адзін з малой, шукаць не адважваўся: лічыў ганебным па-зладзейску абшукваць чужы дом; самае большае — мог заглянуць у шафу ці адчыніць шуфляды камода і сталоў. Нават у пограб, калі не было Вольгі, ні разу не спусціўся. Але хадзіў па доме, спыняўся ў кутках, дзе можна хітра схаваць невялікую рэч, часцей, чым трэба, наступаў на маснічыну, якая рыпела, напэўна, адрывалася. Нейкім невядомым звышчуццём адчуваў блізкасць зброі, і гэта хвалявала. Ведаў, як нечакана проста, недалёка, але хітра ўмеюць хаваць рэчы жанчыны, мужчыны звычайна хаваюць далей, але схованкі іх знаходзяць лягчэй. Вольга схавала недалёка, яна сама сказала пра гэта, калі прызналася, як перадрыжала, пакуль гітлераўцы шукалі золата. Значыцца, пісталет недзе тут, у доме, не дрыжала б, каб закапала недзе ў садзе ці ў хляве.

Чамусьці быў упэўнены, што ў нейкі міг раптоўна, гэтак жа, як нечакана з’яўляюцца паэтычныя вобразы, дэталі, прыйдзе прасвятленне і ён здагадаецца, дзе схаваны пісталет. I ўзброіцца. I заб’е першага фашыста. Скончацца пакуты ад таго, што за тры месяцы на фронце, цяжкага і ганебнага адступлення з арміяй, ён асабіста не забіў ніводнага фашыста; тройчы трапіўшы ў акружэнне, ні разу не страляў ва ўпор, так, каб бачыць ворагаў і што твая куля скасіла хоць аднаго з іх.