Выбрать главу

— Доўга ты гуляеш, любы мой. Ці не да дзяўчат ходзіш? Можа, да Ленкі?

Алесю хацелася адказаць ёй сапраўдным жартам, шчырым, каб зняць з сябе яе падазронасць, наладзіць душэўны кантакт, і ў гэтай утульнай хатняй цішыні, дзе так хораша, так мірна пахне сытнай кухняй, дзіцем, свежавымытай бялізнай, што сушыцца на кухні, — увогуле ўсім, чым пахне чалавечае жытло і жыццё, забыцца на тое, што адбылося нейкую гадзіну назад. Выканаў свой абавязак — і забыўся. Як на фронце. Але нічога сказаць не здолеў, не таму, што не знайшоў патрэбных жартаўліва-вясёлых слоў, а таму, што ўвогуле не здолеў вымавіць ніводнага слова: раптам сцяла горла, сціснула ў грудзях, зашумела ў галаве і павяло так убок, што спалохаўся, каб не страціць прытомнасць, не ўпасці. Чаму гэта? Ад хуткай хады? Пятляючы па цёмных вуліцах і завулках, ён не ішоў — бег. Канчаўся запас спакою, упэўненасці, як гаручае ў самалёце. I пасля трывогі ён думаў пра адно: як дацягнуць да базы, тут ён адчуў бы сябе ў бяспецы. I вось, напэўна, «гаручае» скончылася зусім, сіла пакідала яго. Асцярожна, як п’яны, што баіцца нарабіць грукату, ён распрануў паліто, разматаў з шыі шалік, павесіў на вешалку ў зале. Вольга, устрывожаная яго маўчаннем, назірала за ім праз дзверы, хоць разгледзець твар не магла: лямпа гарэла ў кухні, а ў зале было цёмна.

Алесь пайшоў у свой пакой, але тут жа вярнуўся і нешта забраў з кішэні паліто, паклаў у кішэню пінжака. Гэта ўстрывожыла Вольгу; звязаўся ўсё ж з гэтымі, з Ленчынымі сябрамі, і прынёс, дурань, крамолу нейкую, за якую павесіць могуць.

— Свецік, яшчэ адну лыжачку? А вунь, глянь, зайчык у акенца глядзіць, ці з’ела Света кашку.

Сказала малой, каб падмануць, каб тая адкрыла роцік, а сама здрыганулася: здалося, што і праўда чужыя вочы сочаць з цёмнага акна. Ніколі нічога не баялася, а тут пачала баяцца ценю свайго. Пасядзела ў нерухомасці, падумала аб сваім цяжкім лёсе, аб сваёй душэўнай раздвоенасці. От трэба неяк інакш пагаварыць з хлопцам, каб назаўсёды выбіць з яго гарачай галавы гэтыя думкі — аб помсце немцам; ёсць каму помсціць без яго. Трэба праявіць нарэшце характар свой, ляновіцкі. А то і праўда не доўга да бяды. Калі не думае пра сябе, няхай падумае пра яе, пра дзіця. Хоць што яму чужое дзіця? Яму Сталін даражэй, маці не ўспамінае так часта, як Сталіна, загады яго.

Вольга настроіла сябе ваяўніча, на самую суровую размову, хоць зноў не вельмі была ўпэўненая, што размова такая атрымаецца, бо не можа яна нават пагразіць яму, што выганіць з дому.

Накарміла малую, перайшла з ёю ў залу, перанесла туды лямпу і гукнула з той грубасцю, у якой былі і жарт і пагроза:

— Ану, ходзь сюды, даражэнькі. Пагаварыць нам трэба.

Алесь не азваўся. Вольга занепакоілася.

— Саша! Ці не заснуў ты? — з лямпай увайшла ў яго пакойчык. Не, ён не спаў, але ляжаў на ложку, нераздзеты, неразуты, чаго ніколі не дазваляў сабе, толькі звесіў ногі, каб не забрудзіць ботамі бялізну, а на грудзі нацягнуў скамечаную коўдру. Яго моцна калаціла ўсяго, ажно кляцаў зубамі.

Вольга паставіла лямпу на столік і нахілілася над Алесем, спалоханая.

— Саша, што з табой? Захварэў? Казала ж, што рана яшчэ гуляць. Божа мой, як цябе калоціць! Што здарылася?

Што здарылася — ён ведаў, але чаму калаціць пачало так позна, зразумець не мог і таму спалохаўся — ад думкі, што няздатны, напэўна, ён да такой справы; не прыгадваў, каб з кім-небудзь з герояў прачытаных кніг пасля таго, як ён забіў ворага, рабілася такое; на дуэлі забівалі не ворага — былога сябра, і пераможца спакойна ад’язджаў ад месца падзеі… «Слабыя, значыцца, нервы, — але з няздатнасцю сваёй не мог пагадзіцца. — Нічога, загартую! Загартую. Упершыню ўсё цяжка».

Хацеў схаваць сваю «вібрацыю» ад Вольгі, таму залез пад коўдру, спадзеючыся, што, калі сагрэецца, усё пройдзе.

Безумоўна, аб тым, што забіў, ён ні ў якім разе не думаў прызнавацца Вользе, мог прызнацца хіба толькі Лене, ды і то пасля таго, як яна звяжа яго з падпольнай арганізацыяй.

Але, выявіўшы такую дзіцячую слабасць, ён адчуваў сябе прыніжаным перад жанчынай, і яму захацелася неяк узвысіць сябе, сказаць ёй, што не з-за глупства, не ад насмарку, не ад таго, што спалохаўся сабакі ці патруля, яго ліхаманіць, што прычына куды больш сур’ёзная. I ён, заікаючыся. прызнаўся:

— Я…я з-забіў не-емца… аф-фі-цэра…

Дзіўна. Сказаў — і ліхаманка пачала сціхаць, можа, таму, што Вольга трымала яго руку, і яе рука затрымцела пасля яго слоў, зрабілася халодная.

— Дзе? — спытала яна шэптам, як вельмі знясіленая.

— На Карла Маркса. У пад’ездзе дома, дзе яны жывуць, — адказаў ён таксама шэптам, але ўжо зусім інакш, не заікаючыся.