— Не крычы! Вар’ят! — прашаптала Вольга, але без гневу і страху, прымірэнча, і гэта астудзіла Алеся, ён змоўк, зноў знясілена прытуліўся да грубкі, зноў яму зрабілася холадна, цеплыня расплавіла волю і сілу. Даводзіць Вользе тое, пра што неаднойчы гаварыў, калі яна ахвотна слухала, больш не хацелася. Ён заплюшчваў вочы і… правальваўся ў бездань — засынаў. Пахіснуўся, расплюшчыў вочы і не адразу сцяміў, што змянілася: Вольга стаяла распранутая і расхутвала малую. Панесла дачку, каб пакласці спаць.
Спявала малой калыханку. З песняй гэтай усё вярнулася на сваё месца, бо так паўтаралася кожны вечар. Так будзе паўтарацца адвечна — калыханка і сон дзіцяці. I ён не думаў ужо, што трэба адарвацца ад грубкі і пайсці ў холад, у невядомасць, у небяспеку. Ён зноў засынаў пад словы любімага паэта, якія сам спяваў малой, — Вольга навучылася ад яго:
Магчыма, Вольга не вымаўляла словы песні, толькі напявала матыў, магчыма, ён сам паўтараў іх, закалыхваў сябе. Хіснуўшыся, прачынаўся, дакараў сябе, лічачы і сон свой слабасцю: усё ў яго не як у людзей, не як у герояў прачытаных кніг — то ліхаманіць, то хіліць на сон.
Вольга паклікала гучна — загадала, як узлаваная жонка мужу:
— Хадзі сюды! На, пакалышы гэтую караду!
Каб канчаткова супакоіцца, Вользе патрэбна было нешта рабіць, дзейнічаць. Не пакідала трывожнае адчуванне, што нешта змянілася, хоць што канкрэтна — гэтага яна растлумачыць не магла. I яе пацягнула праверыць, ці не адбылося чагосьці незвычайнага ў наваколлі, ці не перавярнуўся ўвесь свет.
Алесь спытаў услед:
— Куды ты?
Яна не адказала і не спынілася. Толькі пастаяла, стоеная, у цёмным калідоры, слухаючы, што робіцца на двары. Разумела, што каб яны прыйшлі, то загрымелі б, загрукацелі б на ўсю Камароўку, аднак усё адно выглянула з дзвярэй асцярожна, быццам вораг мог пільнаваць за вуглом. Гэтак жа асцярожна абышла двор, праверыла, ці няма на свежым снезе слядоў. У цёмны хлеў заглянуць пабаялася, толькі памацала завалу. Паслухала вячэрні горад. Ён не бьгў мёртвы, ён жыў стоеным жыццём. Тут, на Камароўцы, дзесьці на суседняй вуліцы мірна рыпелі сані і бадзёра фыркаў конь. А недзе там, у цэнтры, на Савецкай, гучна іграла нямецкая музыка. Заваёўнікі весяліліся. Магчыма, праўда, у іх свята? Крычалі ж нядаўна ў гучнагаварыцель на рынку, што доблесныя войскі фюрэра ўступілі ў бальшавіцкую сталіцу. Вольга не была ў Маскве, але ад думкі, што ў Маскве — немцы, у яе балюча сціснулася сэрца, ні за адзін горад так не сціскалася. I раптам яна амаль узрадавалася ад думкі, што не хто іншы, а ён, яе Алесь, сапсаваў немцам свята, калі не ўсім, то некаторым, пэўна. Няхай жонка таго, каго няма ўжо, бацькі яго прачытаюць жалобнае паведамленне пад пераможную музыку. Як яна прагучыць для іх — гэтая музыка! Падумаўшы так, яна і сябе адчула як бы пераможцай. Адчыніла брамку і ўжо смела выйшла на вуліцу. Захацелася гаспадыняй прагуляцца па Камароўцы. Праверыць сваю раптоўную смеласць. Калі ён, Алесь, мог зрабіць такое, то чаму яна не можа прайсціся па вулщы, на якой нарадзілася, вырасла? Напляваць ей на каменданцкі час, на патрулёў! Ёй трэба агледзець не толькі свой двор, ёй трэба агледзець усю Камароўку! Няхай ведаюць, што Ляновічыха ніколі баязліўкай не была і не будзе. Калі ўжо рызыкаваць, то да канца!
Мабыць, сапраўды яна мела выгляд гаспадыні, бо нават паліцай у чорным шынялі пачціва саступіў са сцежкі ў снег і павітаўся; яна яго не пазнала, а ён, відаць, яе ведаў па рынку. Хто тут не ведае Ляновічыхі?
Дайшоўшы да завулка, дзе жылі Бароўскія, Вольга адчула моцнае жаданне зайсці да іх. Яна ж даўно не была, спачатку з-за сваёй дурной рэўнасці, а пасля невядома з-за чаго. А дарэмна. Яна ж увесь час перакананая, што Бароўскія ведаюць больш, чым усе астатнія камароўцы і ўвогуле мінчане, а таму і жывуць інакш — бедна, але ўпэўнена. I цяпер ёй здалося, што толькі ад Бароўскіх яна можа пачуць нешта такое, ад чаго шмат што прасвятліцца, бо ў галаве ў яе ўсё яшчэ каламуць. Нават здавалася, што і пра сённяшняе здарэнне ў горадзе Бароўскія ўжо нешта ведаюць, хоць разумела недарэчнасць такога адчування: як, адкуль, якім чынам? Прайшло ж усяго нейкія дзве гадзіны, не больш.
Здзівілася, што ў Бароўскіх не зачыненыя ні брамка, ні дзверы: заходзь хто хочаш, нікога не баяцца — ні зладзеяў, ні ўлады. Вольга ў сенцах пастукала ботам у сцяну, але ніхто не азваўся, хоць у хаце гудзелі галасы і зрэдку гучаў малады смех: смяяўся Ленін брат — Косця, вучань дзевятага класа, хадзіў бы ў дзесяты гэтай зімой.