Выбрать главу

— Не захопяць немцы Мінск! Не дойдуць! — закрычала Лена з рашучай перакананасцю. — Рукі кароткія!

— Ой, доўгія ў іх рукі, Леначка! Вельмі доўгія!.. Ды ці не ў склепе ты сядзіш увесь час? Нічога не чуеш, нічога не ведаеш.

— Ды ўжо ж не бегаю магазіны рабаваць.

— А ты мяне не ўпікай! Не ўпікай! Я пра дзіця сваё думаю. Ты пра яго не падумаеш!

Пасварыліся яны моцна, па-бабску. Вольга лаялася груба, мацюкалася, да чаго Лена не прывыкла, хоць і жыла на Камароўцы, і гэта яе моцна абразіла. Выбегшы на вуліцу, яна расплакалася наўзрыд, як малая. Але і ў Вольгі не лягчэй было на душы. «Завяла» яе Лена, развярэдзіла свежыя раны, яшчэ больш раззлавала, але на каго злавала — сама не разумела: на Гітлера, на сваю армію ці на яе, на Лену, а можа, на самую сябе — на свой страх і роспач? Але страх як бы адступіў, і зноў з’явіліся адчайная смеласць, азарт паляўнічага на страшнага звера, жаданне рызыкыуць яшчэ разок. Зноў не сядзелася дома, невядомая сіла, нейкі душэўны пратэст, а можа, праўда, звычайная сквапнасць, за якую людзі ўпікалі яшчэ маці яе, цягнулі на вуліцу — на пошукі дабра ці навін.

Пад вечар, пасля навальнічнага дажджу, яна зноў выйшла на раздабыткі. Ішла насцярожана, як кошка, якая ведае, адчувае, што побач сабакі, бо і навокал усё як бы насцярожылася, нават неба, зацягнутае хмарамі і дымам ад прытушаных чэрвеньскім ліўнем пажараў. Брыдка смярдзела нейкім такім гарам, быццам гарэлі жывёла ці склад воўны. I дым гэты не паднімаўся ўгору, а поўз па зямлі, па вуліцах і завулках. Горад стаіўся, апусцеў, рэдка дзе з’яўляўся такі ж, як яна, насцярожаны прахожы. Нават на Савецкай і Пушкінскай, дзе ніколі не спыняўся рух, дзе з пачатку вайны і ўначы гуло і дрыжала ад танкаў і грузавікоў, цяпер не было ні машын, ні людзей. Гуло недзе далёка за горадам, па Лагойскім тракце. Быццам зноў набліжалася навальніца. Не ведала Вольга, што не на захадзе, не пад Дзяржынскам ці Ракавам, а там, пад Астрашыцкім Гарадком, ішоў апошні цяжкі бой за Мінск, байцы і камандзіры 100-й дывізіі загароджвалі дарогу нямецкай танкавай калоне, што рвалася на Маскоўскую шашу, каб замкнуць кальцо вакол горада.

Бязлюднасць на вуліцах палохала Вольгу, і яна гатовая была ўжо вярнуцца дадому. Але ўзбадзёрылі яе дзеці, хлапчукі: у пясчаным завулку за каталіцкімі могілкамі яны гарадзілі на дажджавым раўчуку плаціну, стараліся спыніць напор імклівай вады, што сцякала з Даўгабродскай вуліцы. Дзеці як бы пацвердзілі. што жыццё ідзе, не спыніцца і нішто яго не можа спыніць — у гэта Вольга цвёрда верыла. А значыцца, і самой трэба жыць, гадаваць дачку. А для гэтага трэба мець хлеб ці на хлеб. Толькі падумала пра хлеб — і ён тут жа ўзнік перад вачамі. Не ўяўны — сапраўдны. Двое, мужчына і жанчына, цягнулі тачку, на ёй — мяшкі з мукой, ды не з жытнёвай — з белай, пшанічнай, відаць было па тым, як гэтыя двое запыліліся, што млынары, мабыць, спачатку неслі мяшкі на плячах; так пыліць толькі мука тонкага памолу.

Вольга адразу кінулася да іх:

— Адкуль?

Яны не таіліся, адказалі проста:

— З хлебазавода. Спяшайся, можа, захопіш.

Вольга ўраз забылася пра ўсе небяспекі, якія маглі напаткаць яе, пра бязлюднасць і пра ўжо добра чутную артылерыйскую кананаду недзе з боку Ждановіч.

Вароты на завод расчыненыя. У цэхах, па якіх Вольга прабегла, бязлюдных, з мёртва застылымі сітамі, мяшалкамі, ёй зрабілася не проста страшна — жудасна. Гульня дзяцей узбадзёрыла яе. А тут дыхнула самым страшным, што несла вайна, бо замерла аснова жыцця — спынілася выпечка хлеба. Пахла мукой, кіслым цестам, гарачыя яшчэ былі печы, пахла хлебам, але хлеба не было, колькі буханак былі кашчунна растаптаныя ботамі, у пыле і гразі. I нідзе ні жывой душы. Вольга падняла дзве такія буханкі, здзьмухнула з іх пясок, выцерла хусцінкай. Цану хлебу ў свае дваццаць гадоў яна ведала, можа, лепш, чым іншы стары, хоць і не помніла, каб у іх доме калі-небудзь не было на стале акрайца, нават на пачатку трыццатых гадоў, калі ўвялі картачкі; бацька атрымліваў на скурзаводзе картачкі, а маці здабывала хлеб з травы, як яна часам жартавала, выносячы гародніну на рынак.

З гэтымі буханкамі яна намервалася кінуцца назад, бо сапраўды-такі было жудасна сярод кафельнай і мучной белі, забруджанай мноствам людзей, якія, відаць, нядаўна, пасля дажджу ўжо, прайшлі тут. Як можна спаганіць такое святое месца! Але потым пачула прыглушаны гул натоўпу недзе ў двары і, узбадзёраная прысутнасцю людзей, пабегла туды. Сапраўды, у далёкім кутку двара, каля склада, стаялі людзі, стаялі амаль ціха, у чарзе, бо склад не рабавалі — хлеб раздавалі чатыры мужчыны, з іх два ў чырвонаармейскай форме. I гэта неяк адразу супакоіла Вольгу і нават патушыла яе злосць на ўладу, бо двое ў цывільным мелі выгляд, паставу, голас начальнікаў, хоць і былі запыленыя мукой. Давалі на чалавека мяшок, не больш. Калі нейкі мужчына пачаў патрабаваць больш, вайсковы саскочыў з пляцоўкі ўніз і павёў яго ў бок паркана. Людзі прыціхлі, чакаючы, што таго расстраляюць. А Вользе хацелася кінуцца на выручку, яна ненавідзела людзей, што моўчкі глядзяць, як забіваюць чалавека. Хто мае права забіваць за тое, што чалавек папрасіў хлеба? Але вайсковец ускінуў вінтоўку на плячо і проста, нават весела, даў скнары каленам пад зад. Натоўп засмяяўся, відаць было, што ў людзей стала яшчэ больш даверу і павагі да тых, што раздавалі муку. Калі падышла Вользіна чарга, яна ўсё яшчэ трымала ў руках, прыціскаючы да грудзей, скамечаныя буханкі, і таму тоўсты начальнік здзіўлена паглядзеў з вышыні на яе занятыя рукі і спытаў: