Выбрать главу

— На Маскоўскую не выхадзі! На Магілёўскую… на Магілёўскую прабівайся! — і памчаў даганяць таварышаў.

Вольгу крануў клопат чырвонаармейца, здрыганулася сэрца, сцяла ў горле: свае, родныя адступаюць. Але праз хвіліну думкі павярнуліся на тое, што баец палічыў яе за бежанку. Лаяла сябе. Як гэта яна раней не дадумалася пайсці з тачкай? Колькі можна было б узяць з гастранома! Накрыць дзяружкай. Ніхто не спыніў бы бежанку.

Муку, безумоўна, раздалі без яе. Але колькі чалавек мужчын і жанчын усё яшчэ шнырылі па складах, па цэхах, па астылых печах. Нейкая старая нагрэбла два чырвоныя пажарныя вядры перакіслага цеста. Цеста Вольгу не спакусіла — на дзень, на два парсюку. Ці варта з-за гэтага рызыкаваць?

Мужчыны разбілі скрынку з сухімі дражджамі. I кінулі. Дрожджы іх не цікавілі — не разумелі іх каштоўнасці. Вольга пачакала, пакуль яны адыдуцца, і сабрала дрожджы. Потым у кутку цэха знайшла забруджаную ботамі соль, высыпаную з разадраных мяшкоў. Прыгадала: калі два гады назад пачаўся паход у Заходнюю Беларусь, маці яе і ўсе камароўцы перш-наперш куплялі соль, мяшкамі цягалі. Солі ў яе дома немалы запас і цяпер, але ўсё адно поўзала на каленях і збірала соль прыгаршчамі, ажно пакуль не спужала яе ды і ўсіх іншых кулямётная страляніна. Стралялі недзе блізка — ці не ў Весялоўцы? Некаторыя і набытак свой кінулі. Вольга не кінула. Уподбег каціла тачку з соллю і дражджамі. Але бадай ужо ля самага дома яе абрабавалі трое бандытаў. Добра апранутыя, у чорных касцюмах, нават культурна гаварылі, не мацюкаліся. Але калі яна паспрабавала па-бабску залямантаваць, адзін паказаў рэвальвер і пагразіў:

— Маўчы, а то разложым пад плотам. Не тое будзе… Скажы дзякуй, што часу не маем.

Пры ўсёй сваёй смеласці і рызыканцтве яна больш за ўсё баялася згвалтавання, смерці так не баялася, як такой ганьбы.

— Навошта ж вам соль з пяском ды дрожджы?

— Нам усё спатрэбіцца, — адказалі бандыты і пакацілі тачку не ў ціхі завулак, не ў двор, а на Савецкую вуліцу. Выходзіць, нікога і нічога не баяліся.

Адбылося гэта, калі не вельмі яшчэ сцямнела, з вокнаў, напэўна, глядзелі людзі. Але Вольга і не спадзявалася, што нехта выйдзе, каб абараніць яе, абараніць мог толькі той казак, што паклапаціўся, куды ёй ісці, на якую дарогу. «А што ж будзе ўначы?» — упершыню падумала, што вельмі страшна, калі горад і людзі застаюцца без улады, калі няма каму паскардзіцца, няма ў каго шукаць абароны і літасці.

На другі дзень у Мінск уступілі немцы. «I тыдня не прайшло, як пачалася вайна», — адзначыла ў думках Вольга ўжо без злосці на армію, у якой служылі муж і брат, з неразуменнем таго, што адбылося. Ёй ад гэтага рабілася страшна ўжо не толькі за сябе, за сваё дзіця, але за нешта значна большае, магчыма, за ўсю краіну і за само жыццё. Аднак пачуццё гэтае было ў яе яшчэ даволі цьмянае, неакрэсленае, асэнсаваць усяго сваім розумам яна не магла. Аб тым, што адбываецца ў краіне, на фронце, у свеце, уяўленне ў яе было прымітыўнае, камароўскае. Як абаранялі Мінск нашы войскі і як захапілі горад гітлераўцы — яна таксама не ведала. Учора яе спалохала безуладдзе, беспарадку яна баялася, хоць разам з тым і не пераставала думаць, што было б нядрэнна ў шуме і тлуме дабрацца яшчэ да якога склада ці гастранома.

Ад бацькі, маці, ад суседзяў — у дні яе маленства гэта было галоўнай тэмай, калі камароўцы збіраліся на бяседу, — яна чула расказы, як у васемнаццатым — дваццатым гадах прыходзілі ў Мінск немцы, пасля палякі. Былі гвалты, здзекі, расстрэлы, але з расказаў нязменна вынікала: просты народ усё можа перажыць. Таму і цяпер у яе не згасла маладая, можа, нават легкадумная вера, што яна, Ляновічыха, як і маці яе, са сваёй учэпістасцю і спрытам таксама ўсё перажыве — і немцаў, і чорта лысага. I перахітруе ўсіх.

Безумоўна, у першы дзень было страшна: якія яны, немцы, і як паводзяць сябе?

У спякотны чэрвеньскі дзень камароўцы не выходзілі з дамоў ці, ва ўсякім разе, са сваіх крэпасцей — двароў і гародаў, упошапкі перагаворваліся праз платы. Чакалі. Вольга таксама не адважвалася выходзіць.

Немцы з’явіліся апоўдні: праехалі матацыклісты ў зялёных касках, з закасанымі рукавамі, з аўтаматамі на шыі. Ехалі ціха, нават пыл не ўзнялі. У канцы вуліцы пастрачылі з аўтамата. Гэта спалохала. Але хутка праз платы дайшло: стралялі па курах, што кешкаліся ў пяску. Навіну гэтую камароўцы перадавалі весела, як бы радуючыся. Вольгу яна таксама развесяліла і супакоіла. Праўда, ноч пасля была неспакойная, больш трывожная, чым перад уступленнем немцаў: некалькі разоў усчыналася страляніна недзе зусім блізка, тут, на Камароўцы, а пад раніцу загарэўся завод «Ударнік». А гэта ж побач, і ўсе не спалі, сядзелі з вёдрамі вады, сачылі за галавешкамі і іскрамі, баючыся, што пажар можа выкаціць увесь іх драўляны раён. I не патушыш, бо пажарная не прыедзе. Але недарма маліліся старыя, Бог быў літасцівы да Камароўкі.