Выбрать главу

«Ты паслужыш партызанам», — падумала Вольга. Конь ударыў капытом па абледзянелым дашчаным тратуары так, што, мабыць, раструшчыў дошкі, ільдзінкі паляцелі на Вольгу.

— Супакойся, дурань, — сказала яна — Будзеш служыць, каму скажуць.

На кані была адмысловая збруя, раменная, упрыгожаная бляшкамі і званочкамі, якія, аднак, не звінелі.

«У пашане ў свайго начальства Друцька», — падумала Вольга, жадаючы настроіць сябе пэўным чынам; яе бянтэжыла і нават палохала, што не мае яна ўсё яшчэ да паліцая тае нянавісці, каб хацелася забіць яго, хоць і паверыла ўсяму, што расказаў пра гэтага прадажніка Алесь.

Збруя, безумоўна, была нямецкая, а сані нашы, беларускія, бярозавыя, не новыя, але моцныя, толькі задок — драбінка новая і пафарбаваная ў недарэчны колер — у чорны; ніводзін наш чалавек, падумала Вольга, не фарбаваў бы рэч такога ўжытку ў чорнае, толькі немцы могуць. Але тут жа ўсплыў успамін далёкага маленства: у санях, на якіх адвозілі нябожчыкаў на могілкі, таксама нешта было пафарбаванае чорным — не то аглоблі, не то палазы, добра яна не помніла. Ад такога ўспаміну зрабілася неяк няўтульна; апошнім часам яна перастала верыць у многія забабоны, але ўсё адно яе набожнае, камароўскае, дзе верылі ў любыя прыкметы, выхаванне адчувалася.

Рэчы на санях былі накрытыя вялікім кажухом. Вольга ўзняла яго і ўбачыла швейную машыну, разабраны веласіпед, зацярушаны снегам, і ажно тры паўмяшкі, мяккія, з адзеннем, безумоўна.

— Нацягаў, паразіт, — сказала ўголас усё з той жа мэтай — настроіць сябе.

Конь, напэўна, адчуў свайго чалавека, які нічога не возьме з воза, і фыркнуў рахмана, спакойна.

Вольга паляпала яго па загрыўку: з канём трэба падружыць, ён павінен стаць яе памочнікам.

Адчула холад. Здзівілася: гэтак апранутая! Апранулася сапраўды не для паходу з торбамі за плячамі — для паездкі ў санях. Нацягнула старыя лыжныя штаны, якія некаторы час, пасля таго як нарадзіла, былі цесныя, а цяпер зноў нічога — выбегалася, пахудзела, надзела шарсцяную кофтачку, наверх Адасёў летнік, падперазала яго папружкай, а потым ускінула яшчэ матчын кажух стары, зашмальцаваны зверху, але з густой воўнай, цёплы. Холадна, пэўна, ад таго, што толькі ад пліты, разгарачылася. Ды і надвор’е золкае: учора была адліга, капала са стрэх, уначы зашэрхла, мароз слабы, але горад ахутаны туманам, ад якога ажно цяжка дыхаць.

Не падумала, што і холадна, і дыхаецца цяжка — ад хвалявання.

Вярнулася ў дом. Друцька вымакваў хлебам тук на скавародцы. Морда яго блішчала ад тлушчу. А настрой зрабіўся яшчэ больш узнёслы.

— Во гэта заправіўся!

— Шапку хаця б зняў, бязбожнік.

— Мне Бог усё даруе.

Вольга вынесла з залы свой мяшок, старалася несці лёгка. Друцька падхапіўся, каб памагчы. Падняў мяшок — здзівіўся:

— Ух, які цяжкі! Што ты натаптала ў яго?

— Бомбу паклала, — сказала Вольга без усмешкі. — Як думаеш, на бомбу знойдуцца ахвотнікі? Што за яе прасіць? Бульбу, яйкі?..

Паліцай зарагатаў.

— Знойдуцца. Там цяпер усё купяць. Пазаўчора двое танк укралі з завода. Немцы самалёты паднялі, разбамбілі недзе ў лесе за Бараўлянамі гэты танк. Што сабе людзі думаюць? Куды яны гналі гэты танк? У галаве не ўкладваецца. Шалёныя нейкія.

Вольга выйшла следам за ім, прасачыла, як ён прымасціў у санях мяшок. Пасля хутка пайшла ў дом, у сваю спальню, дастала з шуфляды гранату, пакратала чаку — ці моцна трымаецца? — і засунула гранату за пазуху, злева.

Сеўшы ў сані на мяшок з сенам з левага боку, каб на ўхабе не прыціснуцца да Друцькі гранатай, павярнулася да дома і тройчы перахрысцілася.

Друцька, адвязваючы лейцы, убачыў гэтыя яе набожныя рухі і не пасміхнуўся з іх, сам выруліўшы каня на дарогу, з сур’ёзным выразам на твары размашыста і павольна налажыў на сябе крыж.

Прайшоўся крокаў з паўсотні побач з санямі, потым сцёбнуў каня лейцамі і, калі той, фыркнуўшы, пабег, ускочыў у сані, піхнуўшы Вольгу так, што яна хіснулася і прыціснулася гранатай да перакладзіны драбінак, ажно забалела ў баку, спалохалася моцна: ад такіх штуршкоў і ўзарвацца можна!

— Чуць з саней не выбіў, мядзведзь!

— Нічога, не шкляная, не разаб’ешся.

Вользе не спадабалася, што, не паспеўшы яшчэ ад’ехаць, ён загаварыў з ёй, як з абрыдлай жонкай, і, можа, упершыню ў ёй варухнулася тая нянавісць да паліцая, якой не хапала, што і трывожыла яе.

На камароўскіх вуліцах было яшчэ пуста, зрэдку трапляўся пешаход, які спяшаўся на працу на завод ці ва ўстанову нямецкую. Але на Савецкай было ўжо даволі людна, ішло і ехала нямала немцаў, яны ішлі па-гаспадарску, не спяшаючыся, але з надзвычайнай нямецкай пунктуальнасцю: па кожным з тых, хто ішоў на службу, хоць гадзіннікі правярай на любым скрыжаванні. Зрэдку праходзілі легкавыя аўтамашыны, у іх ехалі вышэйшыя акупацыйныя чыны. З-за машын гэтых, пэўна, Друцька трымаўся ля самага тратуара. Праехаць па цэнтральнай вуліцы, каб потым перасекчы яе, трэба было ўсяго нейкія трыста метраў, не больш.