Выбрать главу

Iван насунуў на ногi тэпцi, пайшоў на кухню, доўга пiў нагбом цеплаватую ваду з чайнiка, потым убiўся ў прыбiральню, гэтак жа доўга выдаляў з нутра вiльгаць, а тузануўшы фаянсавую гiру, пабрыў туды, куды i мусiць брысьцi пiсьменьнiк часiнай ранiшняга одуму - у сваю творчую лябараторыю.

Цяжка (магчыма, нават з вохканьнем) сеў Iван за пiсьмовы стол, абхапiў рукамi скронi i з панылай зацятасьцю агледзеў папяровы сьметнiк, што ляжаў на стале. Тут, у поўным бязладзьдзi, ляжалi расейска-беларускiя i беларуска-расейскiя слоўнiкi, старыя газэты, зашмальцаваныя блякноты, бухгальтарскiя кнiгi, змацаваныя залацiстай сашчэпкай старонкi лiрычнай навэлы "У Заказельлi днее", лiсткi фэналягiчнага дзёньнiка ды iншы хломазд.

Колькi сябе помнiў Iван, на стале ягоным заўсёды панаваў вэрхал. Кожнага ранку, пагалiўшыся i надзеўшы белую кашулю, ён сядаў за стол, ссоўваў убок папяровы сьметнiк i, падрыхтаваўшы такiм чынам пляцдарм дзеля творчага парыву, натхнёна рыпаў старым "паркерам".

Вэрхал, якi панаваў у лябараторыi, ня толькi не раздражняў, але i ствараў своеасаблiвую працоўную атмасфэру. Сёньня ж уся гэтая папяровая брыда цьвялiла нэрвы й нараджала палкае жаданьне ўзяць яе ў ахапак i выкiнуць у сьмецьцеправод. Падуладны такому жаданьню, Iван крэкнуў (магчыма, нават пукнуў), раскрылiў рукi, каб прыбраць з вачэй хломазд, ды нечакана абмяк i зноўку абхапiў далонямi скронi.

За апошнiя пяць, цi нават болей, гадоў у Iвана нiчога не выдавалася. Пiсаць не было сэнсу, i ўсё ж такi нейкая неадольная сiла цягнула яго да стала, i ён пэцкаў неразборлiвымi радкамi старонкi бухгальтарскiх кнiг, сям-там прарываючы ў творчым запале лядашчую паперу. Iван пiсаў аўтабiяграфiчны раман. Сьпiсана было восем гросбухаў (iх прыносiла з працы жонка-бухгальтарка), а жыцьцяпiс толькi-толькi наблiзiўся да таго моманту, калi малады герой, памацаўшы мокры ад матчынай сьлязы штрыфель пiльчака, выправiўся з роднага хутара ў шырокi сьвет.

Звычайна Iван пiсаў да абеду, а па абедзе iшоў у адведкi да сяброў, такiх жа безграшовых i зьнявераных у жыцьцi лiтаратараў. Нейкiм дзiўным чынам яны знаходзiлi грошы, куплялi таннага вiна i ўчынялi сяброўскiя бяседы - цi то ў парку (калi дазваляла надвор'е), цi то ў рэдакцыi часопiсу "Славянская румка".

Была ў Iвана i норма спажываньня "мармытухi": чатыры паўлiтровых пляшкi. Выпiўшы болей, ён шалеў: чапляўся да жанок, лаяў кiраўнiцтва СП, а то, дастаўшы з нутраной кiшэнi пакамечаныя лiсткi, уголас чытаў урыўкi з аўтабiяграфiчнага рамана. Пасьля такiх гулянак у Iвана балела галава, уваччу мiльгацелi чорныя мятлiкi, i ачмурэлая ад перагару Муза кожнага разу вылятала з творчай лябараторыi праз адчыненую фортку. У такiя хвiлiны Iван мераў дробным крокам лябараторыю, здушана аддзiмаўся, а прайшоўшы разоў дваццаць ад пiсьмовага стала да дзьвярэй i наадварот, пацiраў рукi i нясьмела, па-кашэчы насьцярожлiва, падыходзiў да кнiжнай шафы. Там, на сярэдняй палiцы, стаялi радком усе пяць Ягоных кнiжак. Дрогкая рука выцягвала самую тоўстую, з залатымi лiтарамi "Выбранае" на карэньчыку, пальцы мiтусьлiва гарталi старонкi, i масьлянiстыя вочы сьлiзгалi па знаёмых радках.

- Магу... магу... - шаптаў Iван, чытаючы ўласныя, немаведама калi напiсаныя тэксты, i свавольнiца Муза, паблукаўшы па навакольлi, лёгкiм ветрыкам залятала ў пакой.

Гэтым разам хадзiць па лябараторыi не было сiл: ён проста сядзеў, абхапiўшы рукамi голаў i невiдушча глядзеў на падрапаны край стала.

Стол, дарэчы сказаць, займаў добрую трацiну пакою, быў куплены гадоў пятнаццаць назад ва ўдавы аднаго клясыка i, падобна, захоўваў у сваiм нутры думкi былога гаспадара. Нездарма ж першы напiсаны за iм твор - аповед "Маня з Заказельля" - сюжэтна нагадваў апошнi раман памерлага клясыка. Вось i цяпер, пазiраючы на завiлыя драпiны, Iван згадаў героя таго рамана - калгаснага мэханiзатара Сьцёпку, якi, пакахаўшы бiблiятэкарку Клаву, кiнуўся зь сякерай на цяжарную жонку. Уваччу - дарэшты выяўна - паўстаў Сьцёпка-мэханiзатар зь сякерай у руках, увушшу - таксама выяўна - прагучаў жончын голас: - Думае, я яго кармiць буду! - i Iван, каб разагнаць чмуру, ускудлацiў валасы на скронях.

Словы, сказаныя жонкаю паўгадзiны таму, пазбавiлi ня толькi творчага натхненьня, але й душэўнай раўнавагi. Душа Iванава ўжо даўно абмiрала ў прадчуваньнi такiх слоў, i вось яны былi сказаны...

Трэба было штосьцi рабiць, шукаць нейкую працу. Пагатоў, многiя лiтаратары ўжо даўно недзе ўладкавалiся, зарабляючы на хлеб з тонкiм слоем "Рамы". Паэт Мiнковiч падаўся ў начныя вартаўнiкi, эсэiст Анкуда зьехаў у родную вёску i гадаваў там трусоў, драматург Шабуня плёў кашы, а празаiк Ганчарык - заўзяты весялун i залётнiк - гандляваў на Камароўскiм рынку цi то шкарпэткамi, цi то бюстгальтарамi, цi то яшчэ нейкай халерай.

Апошняе прозьвiшча захрасла ў мазгах, i Iван прыгадаў, як летась весялун i залётнiк прапанаваў яму ўключыцца ў базарны бiзнэс. Тады ён толькi рагатнуў у адказ, а цяпер, успомнiўшы тую размову, падняўся на ногi i засяроджана пачухаў патылiцу.

III

На выцьвiлым небе не было нi аблачынкi, i сонца палiла як не ў сабе. Пакуль Iван датупаў да Камароўкi, мазгi амаль што расталi, i кропля ядранага поту сьвярблiва кацiлiся па драбах.

Адразу ж ля брамаў яго падхапiў людзкi натоўп, сьцiснуў з усiх чатырох бакоў, пацягнуў за сабой у напрамку павiльёна "Насеньне". Абышоўшы два разы вакол павiльёна, даверху завешанага скуранымi курткамi, i зразумеўшы, што базарны бiзнэс - гэта не для яго, Iван памкнуўся да выхаду i пачуў, як недзе непадалёку пакрыўджана загарлала кабета:

- А чыво эта вы са мной па-беларускi разгаварваеце?

Давялося стаць на дыбкi, выцягнуць шыю.

- Купiла трусы мужыку... палез у ваду i краска ў с... уелася. Нiчым не адмыць, - галёкала кабета, махаючы ў паветры чырвона-зялёнымi трусамi.