Выбрать главу

Шмат чаго будзе потым, але пакуль - пра згаданую жамярыцу дзiцячага сумневу.

Можа, яна завалтузiлася ў той далёкi Дзень Перамогi, калi я ўпершыню ўбачыў бацьку на моцным падпiтку. Спачатку ён зьняў з свайго пракурорскага кiцелю ордэн Чырвонае Зоркi й дзясятак мэдалёў, а тады ўзяўся нам зь сястрычкаю апавядаць нешта падазрона негераiчнае, што зачапiлася ў маёй памяцi абрыўкамi павучынак з задаўненага бабiнага лета: пра панiчнае адступленьне "нашых" па стэпе да ракi Дон, пра вiнныя скляпы вугорскага графа, дзе ў вiне з расстраляных бочак патанулi колькi дзясяткаў п'яных салдацiкаў i пра нейкага свайго сябра, якога за нейкую Дусю застрэлiў чалавек зь дзiўным прозьвiшчам Сьмершавец... Блытаныя ўспамiны скончылiся тым, што бацька заплакаў i, мабыць, помсьцячы таму Сьмершаўцу, прабiў сваiм пяцiфунтовым кулаком сьценку нашае фанэрнае шафы. Я плакаў ад страху. Малая сястрычка румзала, бо хацела паглядзець салют. Мама таксама плакала, цэлы вечар выцягваючы з разьбiтай бацькавай рукi стрэмкi. Такiм, у сьлязах, i запомнiлася тое сьвята.

А можа, дзiцячая яснасьць успрыманьня мiнулае вайны ўпершыню ўскаламуцiлася, калi на iншы Дзень Перамогi бацькаў брат дзядзька Санька зацягнуў песьню, дзе былi загадкавыя ды зь вiдавочным прысмакам неасэнсаванае брыдкасьцi словы пра савецкага камандзiра, якi спачатку камандаваў ротамi, а потым

В Ленинград пробирался болотами,

Целку ломая вдовы.

А мо вiнаватыя былi асьцярожныя мамiны прыгады пра фольксдойча Паўля зь нямецкага гарнiзону iхнае прыдняпроўскае вёскi, пра Паўля, якi паведамляў вяскоўцам, калi будуць хапаць моладзь на работу ў Нямеччыну або забiраць каровы, якi меў пасьведчаньне нямецкае антыфашыстоўскае арганiзацыi, яўна падабаўся маёй маме i танцаваў зь ёю на вячорках, якi перадаваў патрэбныя партызанам зьвесткi i ў вынiку быў зь нечага загаду застрэлены крыху зьбянтэжанымi хлопцамi зь лесу проста за хатаю, куды прынес iм чарговую паперку зь нейкiмi лiчбамi й малюнкам?

Мая бабуля Аўгiньня, удава расстралянага ў 1933-м "врага народа", наконт тамтэйшых партызанаў выказвалася зь нязвычнай для яе цiхмянага характару экспрэсiўнасьцю. Найбольш запала мне ў памяць гiсторыя з апошняю кармiцелькай вялiкай сям'i маладой кароўкаю Цясюткай, якую хавалi ў адрыне за сенам, але сусед Апанас, колiшнi камбедавец, раскулачвальнiк i даносчык, штосьцi спасьцярог i прывёў у адрыну сябрукоў з карабiнамi, якiя слухалi, цi дыхае сена, ды толькi разумная рагуля, чуючы пагiбель, прытаiла дыханьне i ўратавалася, уратаваўшы гэтым маму зь яе сёстрамi, а маiмi будучымi цёткамi, што праз паўстагодзьдзя, калi мама ўжо будзе ў лепшым сьвеце, запытаюцца ў мяне, куды ж выбралi на самага галоўнага iх зямелю А.Р.Лукашэнку - у Маскву цi ў Менск?

Мне здаецца, сумневы накшталт маiх варушылiся ня толькi ў маёй душы, проста мы старанна хавалi iх, доўжачы сваю "вайнушку" зь яе бясспрэчным падзелам на "нашых" i "немцаў", "вайнушку", у якой клясе ў пятай у шэрагах байцоў нечакана зьявiлiся кулямётчыцы, разьведчыцы й мэдсястрычкi, i iм было наканавана ўжо зусiм хутка ператварыць нас з загрубелых ваякаў у людзей цалкам цывiльных, здатных хiба што на лякальную памежную сутычку з рэваншыстамi з ФРГ, што - па назову аднаго з полацкiх прадмесьцяў - расшыфроўвалася як Фэдэратыўная Рэспублiка Грамы.

А потым прыйшла завiрушная зiма, калi мы перабралiся жыць у Наваполацак i калi на стале ў музэi баявой славы гарэла сьвечка.

Я думаю, што адмовiўся падпiсаць прысягу ня толькi праз боязь крывi цi з гiгiенiчных меркаваньняў. Мне ўсё ж iшоў пятнаццаты год i пры ўсёй тагачаснай iнфантыльнасьцi я мог ужо зьвязаць некаторыя факты ў ня надта артадаксальныя сылягiзмы.

Мне, безумоўна, было яшчэ рана казаць кляснай кiраўнiчцы, што больш страшнай за вайну з гiтлераўцамi была вайна ўлады з уласным народам, а сьмерць у Курапатах, цi ў нашых полацкiх Бельчыцах была нашмат больш жудаснай за гераiчную сьмерць пад Сталiнградам цi ў апэрацыi "Багратыён". Аднак я добра ведаў, што я ўнук пасьмяротна рэабiлiтаванага дзеда Максiма. Ад бацькi я чуў, што сталiнскiя "перегибы" ацэньвалiся (тады) у дзясяткi тысяч жыцьцяў, i аднаго разу на ўгаворы кляснай усё-такi (няхай i бяскроўна) уступiць у сьледапыты, запрапанаваў зьбiраць зьвесткi ня толькi пра герояў Вялiкай Айчыннай, але i пра тых, каго замучылi ў НКВД. Клясная паглядзела на мяне быццам на жыхара паўдзённага паўшар'я Юпiтэру або як на чалавека, што ўцёк з колiшняга бэрнардынскага кляштару ў полацкiм Задзьвiньнi, дзе была вар'ятня i дзе прыкладна ў той час псыхiятарам спатрэбiлася цэгла, пасьля чаго бабiнец кляштарнага касьцёлу разабралi, а косткi з пахавальняў пад iм раскiдалi па двары пад нагамi ў хворых.