Выбрать главу

- А якая дапаможа вярнуцца скрозь пурпурнае полымя?

Герміёна паказала на крайнюю справа круглую бутэлечку.

- Вось ты з яе і глытні, - загадаў Гары. – Сапраўды, вярніся і прывядзі ў пачуццё Рона. Вазьміце мётлы ў тым пакоі, дзе ключы, яны дапамогуць вам хутчэй дабрацца да савятні і дашліце Хэдвіг Дамблдору, ён нам патрэбны. Я, можа, і змагу затрымаць Снэйпа ненадоўга, але, зразумела, я яму не супернік.

- Але, Гары - што, калі з ім Сам-Ведаеш-Хто?...

- Што ж - аднойчы мне пашанцавала, хіба не так? - прагаварыў Гары, паказваючы на шнар. - Можа, і яшчэ раз пашанцуе.

Вусны Герміёны задрыжалі, і яна раптам кінулася да Гары і абвіла яго шыю рукамі.

- Герміёна!

- Гары - ведаеш, ты вялікі вядзьмак!

- Не такі добры, як ты, - вельмі збянтэжана прамармытаў Гары, калі Герміёна яго адпусціла.

- Я? - выклікнула Герміёна. – А што я, кніжкі! Плюс кемлівасць! А ёсць значна больш важныя рэчы - рашучасць і адвага, - Гары! - будзь асцярожны!

- Ты першая, - сказаў Гары. - Ты абсалютна ўпэўненая, што правільна зразумела загадку?

- Абсалютна, - адказала Герміёна. Яна зрабіла вялікі глыток з круглай бутэлечкі і здрыганулася.

- Не атрута? - заклапочана спытаў Гары.

- Не - але гэта як лёд.

- Ідзі хутчэй, пакуль ён дзейнічае.

- Поспехаў - асцярожней…

- ІДЗІ!

Герміёна развярнулася і ўвайшла прама ў пурпурны агонь.

Гары глыбока ўдыхнуў і ўзяў у рукі самую маленькую бутэлечку. Ён звярнуўся тварам да чорных языкоў полымя.

- Я іду, - вымавіў ён і залпам асушыў бутэлечку.

І на самай справе, яму здалося, што цела ператварылася ў лёд. Гары паставіў бутэлечку на месца і пайшоў наперад; ён абхапіў сябе рукамі, убачыў, як языкі полымя ліжуць яго цела, але не адчуў гэтага - нейкае імгненне ён не бачыў нічога, акрамя агню - а затым апынуўся з іншага боку, у апошняй зале.

Там ужо знаходзіўся хтосьці яшчэ - але не Снэйп і нават не Вальдэморт.

 — РАЗДЗЕЛ XVII —

Чалавек з двума тварамі

Гэта быў Квірэл.

- Вы! - уразіўся Гары.

Квірэл усміхнуўся. І твар у яго зусім не дрыжэў.

- Я, - адказаў ён спакойна. - Я усё думаў, ці сустрэнемся мы тут, Потэр.

- Але я думаў… Снэйп…

- Северус? - зарагатаў Квірэл, і гэта быў не звычайны яго нервовы дрыготкі смех, насупраць, у ім чуліся рэзкія, халодныя ноты. - Што і казаць, ён вельмі падыходзіць на гэтую ролю, ці не праўда? Так удала, што ён усё кружыў вакол мяне, як гіганцкі кажан. Побач з ім, хто б стаў падазраваць н-н-н-яшчаснага, бы-бы-беднага з-з-заіку п-п-прафесара К-к-к-в-вірэла?

Гары не верыў сваім вушам. Гэта не можа быць праўдай, проста не можа.

- Але Снэйп спрабаваў забіць мяне!

- Не, не, не. Гэта я спрабаваў забіць цябе. Проста на тым квідытчным матчы твая сяброўка міс Грэнджер так спяшалася падпаліць Снэйпа, што выпадкова збіла мяне з ног і разбурыла мой зрокавы кантакт з табой. Яшчэ б пару секунд, і я сапраўды б скінуў цябе з мятлы. І наогул, гэта атрымалася б значна раней, калі б Снэйп не мармытаў мне пад руку свае контр-заклёны. Ён ратаваў цябе.

- Снэйп ратаваў мяне?

- Ну зразумела! - халодна пацвердзіў Квірэл. - Навошта, як ты думаеш, яму спатрэбілася быць суддзёй на тым матчы? Ён павінен быў прасачыць, каб я не зрабіў другую спробу. Смешна, на самай справе… мог бы не турбавацца. У прысутнасці Дамблдора я не мог... Астатнія настаўнікі палічылі, што Снэйп жадае замінуць Грыфіндорцам выйграць... Гэта вельмі пашкодзіла яго рэпутацыі… а галоўнае, усё было марна, бо я ўсё роўна заб'ю цябе зараз.

Квіррэлл пстрыкнуў пальцамі. Прама з паветра з'явіліся вяроўкі. Яны моцна абвіліся вакол Гары і звязалі яго.

- Ты занадта цікаўны, такіх нельга пакідаць у жывых. Падумаць толькі, швэндацца па школе ў Хэллоуін! Наколькі я разумею, ты бачыў мяне, калі я хадзіў глядзець, якім чынам ахоўваецца камень.

- Гэта вы ўпусцілі троля?

- Зразумела. У мяне адмысловая здольнасць у дачыненні да троляў - ты, пэўна, бачыў, што я зрабіў з тым, які ахоўваў уваход сюды? На жаль, пакуль усе ганяліся за тролем, Снэйп - ён ужо тады падазраваў мяне - адправіўся наўпрост на трэці паверх. Ён апярэдзіў мяне… І што ў выніку? Мала таго, што троль не забіў цябе, так яшчэ і гэты трохгаловы балван не змог як след пакусаць Снэйпа, толькі нагу яму пракусіў…

- А зараз, сядзі ціха, Потэр! Я жадаю як след вывучыць гэтае цікавае люстэрка.

Толькі зараз Гары зразумеў, што стаяла за спінай у Квірэла. Гэта было Запаветнае Люстэрка.

- З дапамогай гэтага люстэрка можна знайсці камень, - прамармытаў Квірэл, планамерна абстукваючы раму. - Чаго яшчэ чакаць ад Дамблдора… але ён у Лондане… а калі вернецца, я буду ўжо далёка…