— Гэта добра, — горача вымавіў Рон. — Як я выглядаю?
— Фантастычна, — абыякава запэўніў Слагхорн, працягваючы Рону шклянку з празрыстай вадкасцю. — Выпі, гэта танізавальнае, умацоўвае нервы… дапаможа супакоіцца перад яе прыходам, ну, сам разумееш.
— Выдатна, — узрадаваўся Рон і шумна праглынуў проціяддзе.
Гары і Слагхорн уважліва назіралі за ім. Імгненне Рон, ззяючы, глядзеў на іх; затым усмешка вельмі павольна сышла з яго твару, саступіўшы месцу крайняму жаху.
— Што, апамятаўся? — усміхнуўся Гары. Слагхорн хіхікнуў. — Дзякуй велізарны, прафесар.
— Няма за што, мой хлопчык, няма за што, — адклікнуўся Слагхорн. Рон з адчайным выглядам паваліўся ў самае блізкае крэсла, а Слагхорн паспяшаўся да століка, які быў застаўлены напоямі, са словамі: — Яму трэба што-небудзь выпіць для ўзняцця настрою. Так, у мяне ёсць слівачнае піва, віно… апошняя бутэлька мёду, які настоены ў дубовых бочках… х-мм… жадаў падарыць Дамблдору на Каляды… а, добра… — Слагхорн паціснуў плячамі, — ён не ведае і не пакрыўдзіцца! Чаму бы нам не адкрыць яе і не адсвяткаваць дзень нараджэння містэра Уізлі? Нішто так не палягчае пакут непадзеленага кахання, як вытанчанае віно…
Ён закурлыкаў ад смеху, і Гары далучыўся да яго. З часу няўдалай спробы выцягнуць праўдзівы ўспамін яны ўпершыню зноў апынуліся практычна сам-насам. Калі добры настрой настаўніка захаваецца… калі яны вып'юць дастатковую колькасць дубовага мёду…
— Прашу, прашу, — Слагхорн працягнуў Гары і Рону куфлі, а пасля падняў свой. — Што ж, віншую, Ральф…
— Рон, — шапнуў Гары.
Той, здавалася, нават не чуў тоста, хутка перакуліў куфель і праглынуў віно.
Праз секунду, праз адзін удар сэрца, Гары ўсвядоміў, што здарылася нешта жудаснае, але Слагхорн пакуль яшчэ нічога не зразумеў.
— …будзь здаровы і…
— Рон!
Рон выпусціў куфель, трохі прыўстаў з крэсла — і паваліўся, канвульсіўна тузаючы канечнасцямі. З рота пацякла пена, вочы вылезлі з арбіт.
— Прафесар! — загарлапаніў Гары. — Зрабіце што-небудзь!
Але Слагхорна нібы паралізавала. Рон уздрыгваў, душыўся; яго скура хутка сінела.
— Што… але… — лепятаў Слагхорн.
Гары пераскочыў праз нізенькі столік, падбег да набору для падрыхтоўкі зелляў і прыняўся выхопліваць розныя слоікі і мяшочкі. Рон выдаваў жудасныя гукі. Нарэшце Гары знайшоў тое, што трэба — зморшчаны, падобны на чалавечую нырку камень, які Слагхорн забраў у яго на зеллеварэнні.
Ён кінуўся да Рона, сілком раскрыў яму рот і саўгануў туды безаар. Рон жахліва здрыгануўся і перарывіста выдыхнуў, потым яго цела змякла і замерла ў нерухомасці.
19. Эльфійская агентура
— Карацей, у цэлым, не самы ўдалы дзень нараджэння, — канстатаваў Фрэд.
Наступіў вечар. У палаце панавала цішыня, вокны былі занавешаны, лямпы запаленыя. Рон ляжаў тут адзін, побач сядзелі Гары, Гермiёна і Джыннi. Яны ўвесь дзень прастаялі за падвойнымі дзвярамі бальнічнага крыла, зазіраючы ўнутр, калі хтосьці ўваходзіў або выходзіў. Толькі ў восем вечара мадам Помфры дазволіла ім увайсці. Праз дзесяць хвілін з'явіліся Фрэд і Джордж.
— Не так мы сабе ўяўлялі ўручэнне падарункаў, — хмурна вымавіў Джордж. Ён паклаў на прыложкавы столік вялікі пакет ў падарункавым пакаванні і сеў побач з Джыннi.
— Сапраўды, у нашым уяўленні ён быў у прытомнасці, — сказаў Фрэд.
— Сядзелi мы ў Хогсміду, збіраліся яго здзівіць… — працягваў Джордж.
— Вы былі ў Хогсміду? — падняўшы вочы, спытала Джыннi.
— Мы падумвалі купіць магазін "Зонка", — маркотна растлумачыў Фрэд. — Адкрыць Хоксмідскае аддзяленне. Толькі ці шмат карысці, калі вас не будуць туды пускаць? Каму тады прадаваць тавар… зрэшты, добра, цяпер не аб гэтым.
Ён прысунуў крэсла блiжэй да Гары і паглядзеў на бледны твар Рона.
— Як жа гэта здарылася?
Гары паўтарыў гісторыю, якую распавядаў ужо раз сто — Дамблдору, МакГонагал, мадам Помфры, Герміёне, Джыннi.
-…і тады я саўгануў яму ў горла безоар, ён задыхаў свабадней, Слагхорн кінуўся за дапамогай, прыбеглі МакГонагал і мадам Помфры і аднеслі Рона сюды. Яны лічаць, ён паправіцца. Мадам Помфры кажа, ён праляжыць тут тыдзень або каля таго, будзе прымаць лекі…
— Божа, якое шчасце, што ты сцяміў наконт безоара, — ціха сказаў Джордж.
— Шчасце, што ён наогул тамака знайшоўся, — адклікаўся Гары, які халаднеў кожны раз, калі думаў аб тым, што магло здарыцца, калі бы гэтага каменьчыка пад рукой не апынулася.
Гермiёна, якая цэлы дзень была на рэдкасць маўклівая, амаль нячутна ўсхліпнула. Раніцай яна, цалкам збялелая, прымчалася да дзвярэй лякарні і запатрабавала ў Гары справаздачы аб тым, што здарылася, але потым практычна не прымала ўдзел у гарачых спрэчках Гары і Джыннi аб атручванні. Яна проста стаяла побач, спалохана сціснуўшы зубы, пакуль нарэшце іх не прапусцілі да хворага.