Гэта быў голас Белатрысы, яна размаўляла нібыта з каханым. Гары не асмельваўся расплюшчыць вочы, але дазволіў іншым органам пачуцця аналізаваць сітуацыю, у якую ён трапіў. Ён ведаў, што яго чароўная палачка ўсё яшчэ знаходзіцца ў складках яго мантыі, таму што ен адчуваў яе сціснутай паміж грудзямі і зямлёй. Нязначны эфект скажэння каля яго жывата казаў яму, што нябачны плашч таксама быў тут, схаваны ад вачэй.
— Мой лорд…
— Хопіць, — сказаў голас Вальдэморта.
Больш крокаў. Некалькі людзей падаліся назад ад таго месца. Адчайна жадаючы ўбачыць, што здарылася і чаму, Гары расплюшчыў вочы на міліметр. Здавалася, што Вальдэморт трымаўся за сваю нагу. Іншыя Пажыральнікі Смерці, спяшаючыся, беглі ад яго, вяртаючыся ў натоўп, выраўніваючыся на паляне. Белатрыса адзіная заставалася побач, стоячы на каленях каля Вальдэморта. Гары зноў заплюшчыў вочы і абдумваў тое, што пабачыў. Пажыральнікі Смерці сабраліся вакол Вальдэморта, які нібыта паваліўся на зямлю. Нешта здарылася, калі ён ўдарыў Гары Забіваючым. Вальдэморт таксама знясілеў? Здавалася, што гэта так. І абодва яны на некаторы момант страцілі прытомнасць, і абодва яны зараз вярнуліся…
— Мой лорд, дазвольце мне…
— Мне не патрэбныя памочнікі — суха сказаў Вальдэморт, і хаця Гары не мог гэтага бачыць, ён уявіў Белатрысу, якая адымае руку, якую працягнула для дапамогі.
— Хлопчык… Ён памёр?
На паляне стаяла поўная цішыня. Ніхто не набліжаўся да Гары, але ён адчуваў іхнія пільныя позіркі, якія, здавалася, яшчэ больш уціскалі яго ў зямлю, і ён вельмі баяўся, што яго палец ці павека могуць торгнуцца.
— Ты, — сказаў Вальдэморт, пачуліся ўдар і ўскрык ад болю. — Правер яго. Скажы мне, ці памёр ён.
Гары не ведаў, каго паслалі праверыць. Ён мог толькі ляжаць там, а яго сэрца здрадніцкі калацілася. Ён чакаў праверкі, але ў той жа час быў крыху суцешаны тым, што Вальдэморт асцерагаўся набліжацца да яго, што Вальдэморт падазраваў, што ўсё ідзе не па плану…
Рукі, больш далікатна, чым ён чакаў, дакрануліся да твару Гары, і ён адчуў сваё сэрца. Ён чуў хуткае жаночае дыханне, стук яе сэрца насупраць сваіх рэбраў.
— Драка жывы? Ён у замку?
Шэпт быў ледзь чутны, яе губы былі на цалю ад яго шрама, яе галава схілілася так нізка, што яе доўгія валасы засланялі яго твар ад наглядальнікаў.
— Так, — выдыхнуў ён у адказ.
Гары адчуў, як рука сціснулася на яго грудзях, пакалоўшы пазногцямі. Потым яна адняла руку і села.
— Ён мёртвы! — крыкнула Нарцыса Малфой да гледачоў.
І тады ўжо яны закрычалі, тады яны пераможна загарлапанілі, затупацелі, і Гары скрозь павекі ўбачыў выбухі чырвонага і срэбранага святла, запушчыныя ў неба ў знак святкавання.
Усё яшчэ прыкідваючыся мёртвым на зямлі, ён зразумеў. Нарцыса ведала, што адзіны шлях, які б дазволіў ёй увайсці ў Хогвартс і знайсці свайго сына, гэта быць часткай арміі захопнікаў. Яна больш не турбавалася аб перамозе Вальдэморта.
— Бачыце? — вішчаў Вальдэморт па-над вэрхалам, — Гары Потэр забіты маёй рукой, і ні адзіны жывы чалавек зараз не можа мне пагражаць! Глядзіце! Круцыё!
Гары чакаў гэтага, ведаючы, што яго целу не будзе дазволена заставацца незаплямленым на лясным покрыве, яно павінна падвергнуцца знявазе, каб спраўдзіць перамогу Вальдэморта. Ён быў падняты ў паветра і з усяе сілы намагаўся заставацца бязвольным, пакуль не з’явіцца боль, якога ён чакаў. Гары быў кінуты ў паветра адзін раз, другі, трэці. Акуляры зляцелі, і ён адчуваў, як чароўная палачка крыху выслізгвала з-пад мантыі, але ён стараўся матляцца, нібыта мёртвы, і калі ён быў падняты апошні раз, паляна поўнілася водгаласамі насмешлівага і пранізлівага рогату.
— А цяпер, — сказаў Вальдэморт, — мы пойдзем у замак і пакажам ім, што здарылася з іх героем. Хто пацягне цела? Не… Чакайце!
Пачуўся новы выбух рогату, і праз некалькі імгненняў Гары адчуў, як зямля задрыжала пад ім.
— Ты панясеш яго, — працягваў Вальдэморт. — Ён будзе бачны здалёк у тваіх руках, ці не так? Падымі свайго маленькага сябра, Хагрыд. І акуляры… Надзень на яго акуляры, каб яго пазналі.
Нехта моцна напхнуў акуляры на яго твар, але агромністыя рукі вельмі пяшчотна паднялі Гары ў паветра. Ён адчуваў, як рукі Хагрыда калаціліся ад гаротных усхліпаў, і велізарныя слязіны падалі на яго, калі Хагрыд калыхаў яго ў сваіх руках, а Гары не асмельваўся рухам ці словам паказаць Хагрыду, што яшчэ не ўсё згублена.