Выбрать главу

ЭПІЛОГ

Праз дзевятнаццаць гадоў

Восень, здавалася, прыйшла ў той год знячэўку. Раніца першага верасня была свежая, як яблык, і калі маленькая сям’я перабягала праз шумную дарогу ў бок вялікага цёмнага вакзала, выхлапныя газы машын і дыханне пешаходаў зіхацелі ў халодным паветры, нібыта павуцінне. Дзве вялізныя клеткі бразгацелі наверсе нагружаных калясак, якія штурхалі бацькі, совы ўнутры клетак абурана крычалі. Рудая дзяўчынка са слёзамі цягнулася следам за сваімі братамі, сціснуўшы бацькаву руку.

— Гэта не будзе занадта доўга, і хутка ты таксама паедзеш, — сказаў ёй Гары.

— Два гады, — шморгала носам Лілі. — Я хачу ехаць зараз!

Пасажыры здзіўлена глядзелі на соў, у той час як сям’я накіроўвалася да бар’ера паміж дзевятай і дзесятай платформамі. Голас Альбуса вярнуў Гары да навакольнага гоману: яго сыны ўзнавілі спрэчку, якую яны пачалі ў машыне.

— Я не буду, я не буду слізэрынцам!

— Джэймс, хопіць! — сказала Джыні.

— Я толькі сказаў, што ён можа быць, — адказаў Джэймс, усміхаючыся малодшаму брату. — Няма нічога дзіўнага, што ён можа трапіць у Слізэрын.

Але тут хлопчык злавіў позірк маці і заціх. Пяць Потэраў наблізіліся да бар’ера. Крыху самаўпэўнена зірнуўшы цераз плячо на малодшага брата, Джэймс узяў сваю каляску ў маці і пабег. Праз момант ён знік.

— Вы ж будзеце мне пісаць? — адразу ж запытаўся ў бацькоў Альбус, карыстаючыся часовай адсутнасцю свайго брата.

— Кожны дзень, калі ты хочаш, — запэўніла яго Джыні.

— Не кожны дзень, — хуценька вымавіў Альбус. — Джэймс кажа, што большасць людзей атрымліваюць лісты з дому прыкладна раз у месяц.

— У мінулым годзе мы пісалі Джэймсу тры разы на тыдзень, — сказала Джыні.

— І не вер усяму, што ён кажа пра Хогвартс, — дадаў Гары. — Ён любіць пажартаваць, твой брат.

Ідучы поруч, яны пакацілі другую каляску наперад, набіраючы хуткасць. Калі яны дасягнулі бар’ера, Альбус уздрыгнуў, але сутыкнення не адбылося. Замест гэтага сям’я апынулася на платформе дзевяць і тры чвэрці, напоўненай густой белай парай, якая валіла з пунсовага Хогвартс Экспрэсу. Невыразныя фігуры тоўпіліся ў тумане, у якім ужо знік Джэймс.

— Дзе яны? — трывожна спытаў Альбус, прыглядаючыся да засмужаных сілуэтаў, якіх яны міналі на сваім шляху ўздоўж платформы.

— Мы знойдзем іх, — упэўнена адказала Джыні.

Але пара была вельмі густая, і таму пазнаць чые-небудзь твары было цяжка.

Аддзялёныя ад уласнікаў галасы гучалі ненатуральна моцна. Гары, здаецца, пачуў, як Персі голасна абмяркоўвае правілы палётаў на мятле, і быў задаволены адгаворкай, каб не спыняцца і не вітацца…

— Я думаю, гэта яны, Ал, — раптам сказала Джыні.

Група з чатырох чалавек, якая віднелася скрозь туман, стаяла каля самага апошняга вагона. Твары людзей сталі бачнымі толькі калі Гары, Джыні, Лілі і Альбус падышлі да іх.

— Прывітанне, — надзвычай ціха прамовіў Альбус.

Роза, якая ўжо была апранута ў навюсенькую мантыю Хогвартса, усміхнулася яму.

— Ну як, прыпаркаваўся добра? — спытаў Рон у Гары. — Я здолеў. Герміёна не верыла, што ў мяне атрымаецца здаць тэст на маглаўскія правы, ці не так? Яна мяркуе, што я зачараваў экзаменатара Канфундусам.

— Зусім не, — адказала Герміёна. — Я была поўнасцю ўпэўнена ў табе.

— Кажучы шчыра, я зачараваў яго, — прашаптаў Рон да Гары, калі яны разам падымалі куфар і саву Альбуса ў цягнік. — Я ўсяго толькі забыўся зірнуць у бакавое люстэрка, і давай паглядзім праўдзе ў вочы — я магу выкарыстоўваць дзеля гэтага Звышадчувальныя Чары.

Вярнуўшыся на платформу, яны ўбычылі, што Лілі і Х’юга, малодшы брацік Розы, вядуць ажыўленую дыскусію пра тое, на які факультэт яны трапяць, калі нарэшце прыедуць у Хогвартс.

— Калі ты будзешь не ў Грыфіндоры, мы пазбавім цябе спадчыны, — сказаў Рон. — але ніякага прымусу.

— Рон!

Лілі і Х’юга засмяяліся, але Альбус і Роза выглядалі сур’ёзна.

— Ён не меў гэтага на ўвазе, — сказалі Герміёна і Джыні, але Рон больш не зважаў на гэта. Злавіўшы позірк Гары, ён прыхавана кіўнуў галавой на месца, якое знаходзілася за пяцьдзесят ярдаў. Смуга на нейкі момант парадзела, і яны ўбачылі трох чалавек, чые фігуры вельмі выразна вымалёўваліся сярод туману, які рассеяўся.

— Глядзі, хто гэта.

Там стаяў Драка Малфой з жонкай і сынам. Яго цёмная вопратка была зашпілена да горла, валасы крыху парадзелі і падкрэслівалі вострае падбароддзе. Хлопчык гэтаксама нагадваў Драка, як Альбус нагадваў Гары. Драка заўважыў Гары, Рона, Герміёну і Джыні, якія пільна глядзелі на яго, коратка кіўнуў і зноў адвярнуўся.