Выбрать главу

— Гэта маленькі Скорпіюс, — прашаптаў Рон, — Я ўпэўнены, што ты пераможаш яго ў любым практыкаванні, Розі. Дзякуй Богу, розумам ты пайшла ў маці.

— Рон, на міласць Бога, — сказала Герміёна напалову строга, напалову вясёла. — Не трэба нацкоўваць іх адзін на аднаго яшчэ да таго, як яны пачалі вучыцца ў школе!

— Твая праўда, прабач, — сказаў Рон, але, не здолеўшы стрымацца, дадаў: — Не будзь з ім занадта прыветнай, Розі. Дзядуля Уізлі ніколі не прабачыць табе, калі ты выйдзеш замуж за чыстакроўнага.

— Гэй!

Джэймс з’явіўся зноў, ён пазбавіўся куфара, савы і каляскі, і проста разрываўся ад навінаў.

— Там Тэдзі, — сказаў ён засопшыся, паказваючы праз плячо назад, у клубы пары. — Толькі заўважыў яго! І здагадайцеся, што ён робіць! Цалуе Вікторыю!

Ён пільна глядзеў на дарослых, відавочна расчараваны адсутнасцю рэакцыі.

— Наш Тэдзі! Тэдзі Люпін! Цалуе нашу Вікторыю! Нашу кузіну! І я спытаў Тэдзі, што ён рабіў...

— Ты перашкодзіў ім? — спытала Джыні. — Ты такі ж, як Рон...

— І ён сказаў, што прыехаў, каб правесці яе! А потым ён сказаў, каб я адышоў. Ён цалуе яе! — дадаў Джэймс, як быццам турбуючыся, што не высветліў усяго.

— О, было б цудоўна, калі б яны пажаніліся, — у захапленні прашаптала Лілі. — Тэдзі тады сапраўды стане членам сям’і!

— Ён ужо заходзіць паабедаць па чатыры разы на тыдзень, — сказаў Гары. — Чаму б нам не запрасіць яго жыць з намі і не здаволіцца гэтым?

— Так! — з энтузіязмам усклікнуў Джэймс. — Я не супраць жыць з Алам — а Тэдзі можа заняць мой пакой!

— Не, — цверда сказаў Гары. — Вы з Алам будзеце жыць разам толькі ў тым выпадку, калі я захачу знесці дом.

Ён зірнуў на стары зношаны гадзіннік, які калісьці належаў Фабіяну Прывіту.

— Ужо амаль адзінаццаць, вам лепш сесці ў цягнік.

Не забудзь сказаць Нэвілу, як мы яго любім — сказала Джыні Джэймсу, абдымаючы яго.

— Мам! Я не магу сказаць прафесару, што яго любяць!

— Але ж ты ведаеш: Нэвіл....

Джэймс закаціў вочы.

— Па-за школай — так, але ж у школе ён прафесар Лонгбатам, ці не праўда? Я не магу прыйсці на травалогію і перадаць яму, што яго любяць...

Абураны матчынай неразумнасцю, ён спагнаў свае пачуцці на тым, каб піхнуць Альбуса:

— Пабачымся, Ал. Асцярожней з фестраламі.

— Я думаў, яны нябачныя. Ты казаў яны нябачныя!

Але Джэймс толькі засмяяўся, дазволіў маці пацалаваць яго, хуценька абняў бацьку і ўскочыў у цягнік, які імкліва напаўняўся. Хлопчык махнуў рукой бацькам і пабег у калідор шукаць сваіх сяброў.

— Наконт фестралаў няма чаго хвалявацца, — сказаў Гары Альбусу. — Яны лагодныя істоты, і ў іх няма нічога страшнага. Ува ўсякім разе, ты не паедзеш у школу ў брычцы, ты паплывеш у чоўне.

Джыні пацалавала Альбуса на развітанне.

— Убачымся на Каляды.

— Бывай, Ал, — сказаў Гары, калі сын абдымаў яго. — Не забудзься, што Хагрыд запрашае цябе на гарбату ў наступную пятніцу. Не дурэй з Піўзам. Не выклікай нікога на дуэль, пакуль не навучышся гэтаму. І не дазваляй Джэймсу нерваваць цябе.

— А што, калі я буду ў Слізэрыне?

Ціхія словы прызначаліся адзінаму бацьку, і Гары ведаў, што толькі момант ад’езду мог прымусіць Альбуса паказаць, якім моцным і шчырым быў яго страх. Гары схіліўся так, што твар Альбуса быў крыху вышэйшы за ягоны. У адзінага з траіх дзяцей Гары ў Альбуса былі вочы Лілі.

— Альбус Сэверус, — ціха сказаў Гары, каб не пачуў ніхто, акрамя Джыні, але яна была дастаткова тактоўнай, каб рабіць выгляд, што махае рукой Розе, якая была ў цягніку. — Табе далі імя ў гонар двух дырэктараў Хогвартса. Адзін з іх быў слізэрынцам, і, магчыма, ён быў самым мужным чалавекам з усіх, каго я ведаў.

— Але скажы толькі…

— І Слізэрын атрымае выдатнага студэнта, ці не так? Гэта не мае значэння для нас, Ал. Але калі гэта важна для цябе, ты зможаш выбраць Грыфіндор ці Слізэрын. Капялюш-размеркавальнік дазволіць табе выбраць.

— Сапраўды?

— Ён даў выбар мне, — сказаў Гары.

Ён ніколі не казаў гэтага сваім дзецям, і таму ўбачыў здзіўленне на твары Альбуса. Але паколькі ва ўсім пунсовым цягніку пачалі бразгаць дзверы, і затуманеныя абрысы бацькоў зтоўпіліся для апошніх пацалункаў і напамінаў, Альбус ўскочыў у вагон, а Джыні зачыніла за ім дзверы. З бліжэйшых вокнаў звешваліся студэнты. Вельмі шмат твараў і ў цягніку, і на вуліцы, здавалася, былі павернуты да Гары.

— Чаму яны ўсе ўтаропіліся? — выпытваў Альбус, калі яны з Розай выцягвалі шыі,