На фотаздымках, якія былі даволі прыкметнымі сярод астатніх чарадзейных плакатаў, каля яго стаяў Сірыюс, бесклапотны, прыгожы, яго малады ледзь пагардлівы твар свяціўся шчасцем. Такім Гары ніколі не бачыў хроснага пры жыцці. Справа ад Сірыюса стаяў Пэцігру, амаль на галаву ніжэйшы за астатніх, пульхны з маленькімі ззяючымі вочкамі. Нават на фотаздымку было бачна, як ён рады, што яго прынялі ў самую лепшую кампанію ў школе, разам з Сірыюсам і Джэймсам, знакамітымі вісусамі, прадметам захаплення і зайздрасці ўсіх іншых вучняў. Злева ад Джэймса стаяў Люпін ужо тады з крыху пацёртым выглядам, але і яго агортвала такая ж атмасфера радасці, што і астатніх, і, можа быць, лёгкай нечаканасці, што яго прынялі ў кампанію, а можа Гары проста ведаў аб гэтым і дадумаў дэталі.
Ён паспрабаваў адляпіць фотаздымак, урэшце рэшт, зараз гэты дом належыў яму, але куды там, Сірыюс падбаў аб тым, каб ніхто не меў магчымасці змяніць інтэр’ер яго спальні. Неба за акном стала трохі святлейшым, палоска свету з-пад заслонаў асвятліла кнігі, зрыўкі паперы і мноства іншых дробных прадметаў, раскінутых па дывану. Гары нахіліўся і падняў некалькі кавалачкаў паперы. Адзін апынуўся старонкай з старога выдання Гісторыі магіі, аўтарства Бацільды Багшот, другі быў абрыўкам інструкцыі па тэхзабеспячэнню матацыклаў. Трэці быў напісаны ад рукі і дужа змяты. Гары асцярожна выпрастаў яго.
Дарагі Мягкалап!
Велізарны дзякуй табе за гасцінец Гары на дзень нараджэння! Пакуль гэта яго найлюбая цацка. Усяго адзін год, а ўжо ўваўсю лётае па кватэры на цацачнай мятле, яму гэта так падабаецца. Да пісьма я прыклала фотаздымак, так што зможаш паглядзець. Мятла ўзнімаецца ўсяго на паўметры, але Гары ўжо ледзь не забіў ката і разбіў вазу, якую Пятуння паслала мне ў гасцінец. (Ваза была жудасная, так што шкадаваць няма аб чым).
Джэймсу таксама вельмі спадабалася, ён ужо вырашыў, што Гары стане вялікім іграком у Квідытч, але нам прыходзіцца прыймаць усе крохкія прадметы і не спускаць з Гары вачэй, пакуль ён бавіцца з мятлой.
Дзень нараджэння выйшаў вельмі сціплы, мы выпілі гарбаты з Бацільдай, яна заўсёды добрая да нас і па-вар’яцку кахае Гары. Так шкада, што ты не змог прыйсці, але справы Ордэна, вядома, важней, а Гары ўсё роўна яшчэ такі малы, што не разумее што гэта яго дзень нараджэння. Джэймс апошнім часам крыху журботны — ён злуецца, што вымушаны сядзець тут пад замком. Да таго ж Дамблдор усё яшчэ не вярнуў яму плашч, так што нават не атрымліваецца выйсці трохі прагуляцца. Калі б ты мог заглянуць хоць ненадоўга, гэта несумненна яго вельмі б узбадзёрыла. Нядаўна заходзіў Пітэр. Мне здалося, ён чымсьці засмучаны, але гэта мусіць з-за таго, што здарылася з сям’ёй Макінан. Я плакала ўсю ноч, калі даведалася аб іх. Бацільда праводзіць з намі амаль кожны дзень, яна чароўная жанчына, часта распавядае дзіўна цікавыя гісторыі аб Дамблдоры…
Рукі Гары нібы знямелі. Ён стаяў нерухома, па-ранейшаму сціскаючы ў руках кавалак ліста, які цудоўным чынам дайшоў да яго праз гэтулькі гадоў, але ўсярэдзіне яго нібы нешта выбухнула і расцяклося па жылах. Пахіснуўшыся, ён сеў на ложак. Гары ізноў прачытаў ліст, але не змог ухапіць больш сэнсу, чым у першы раз. Зараз ён проста глядзеў на рукапісны тэкст. Мама пісала літару "Г" сапраўды гэтак жа, як ён сам. Ён шукаў усе гэтыя літары ў тэксце, і кожная адклікалася кароткім усплескам радасці, нібы на нейкую кароткую секунду ён мог апынуцца побач з мамай. Гэты ліст быў велізарным скарбам, доказам таго, што Лілі Потэр жыла на гэтым свеце і яе цёплыя далікатныя рукі некалі рухаліся па гэтаму аркушыку, выводзячы літары чарніламі. Літары складаліся ў словы, у словы аб ім, аб Гары, яе сыне.
Няўрымсліва змахнуўшы з вока няпрошаныя слёзы, Гары яшчэ раз перачытаў ліст, на гэты раз, сканцэнтраваўшыся на дэталях. Гэта было ўсё роўна, што слухаць напаўзабыты голас.
У іх быў кот… мусіць ён загінуў, як і бацькі ў Годрыкавай Лагчыне… або можа быць проста збег, калі не стала каму яго карміць… Сірыюс падараваў яму яго першую мятлу… Яго бацькі ведалі Бацільду Багшот, можа быць іх пазнаёміў Дамблдор? Дамблдор усё яшчэ не вярнуў Джэймсу яго плашч-нябачнік… пэўна ў гэтым радку нешта было…
Гары спыніўся, абмяркоўваючы словы маці. Навошта Дамблдору спатрэбіўся плашч-нябачнік? Гары выразна прыпомніў яго словы: "Мне не патрэбны плашч, каб быць нябачным". Можа быць, камусьці не гэтак здольнаму з членаў Ордэна запатрабавалася дапамога?
Гары працягнуў…
Пітэр быў тут… Пэцігру, здраднік! Мабыць, ён чымсьці "засмучаны". Ды няўжо! Можа быць, ён ужо ведаў, што бачыць Джэймса і Лілі ў апошні раз?