— Гаспадар, — пракаркаў Крычар і нізка пакланіўся, бармочачы кудысьці сабе пад ногі, — вярнуўся ў дом маёй спадарыні разам са здраднікам Уізлі і бруднакроўкай…
Голас дамавіка эльфа дзіўна нагадваў кваканне жабы.
— Я забараняю табе зваць каго-небудзь здраднікам або бруднакроўкай, — прарычаў Гары. Нават калі не ўлічваць тое, што Крычар здрадзіў Сірыюсу, ён і сам па сабе быў крайне агідным суб’ектам з яго кручкаватым носам і сеткай патрэскаўшыхся сасудаў у вачах.
— У мяне ёсць пытанне да цябе, — сэрца Гары забілася часта-часта, — я загадваю гаварыць табе праўду. Ты зразумеў?
— Так, Гаспадар, — адказаў Крычар, і зноў нізка пакланіўся. Гары заўважыў, што яго губы варушацца, бязгучна прамаўляючы словы, якія зараз яму было забаронена гаварыць.
— Два гады таму, — сэрца ўжо не білася, яно гучна барабанілася аб рэбры, — у гасцёўні ляжаў вялікі залаты медальён, мы выкінулі яго, ты прыцягнуў яго назад?
Адказу Крычара папярэднічалі імгненні цішыні, пакуль дамавы эльф выпраміўся, каб паглядзець у твар Гары. Затым ён хутка адказаў:
— Так.
— Дзе ён зараз? — папытаў Гары ўрачыста, а Рон і Герміёна весяліліся.
Крычар зачыніў вочы, нібы ён не мог вынесці выгляду іх твараў, калі даў свой адказ. Зрэшты, так яно і было.
— Знік.
— Знік? — рэхам паўтарыў Гары, усмешка марудна спаўзала з яго твару, — што значыць знік?
Эльф закалаціўся як асінавы ліст. Ён вагаўся.
— Крычар! Я загадваю! — Гары быў раз’юшаны.
— Мундунгус Флетчэр, — праенчыў эльф, яго вочы былі па-ранейшаму зачыненыя.
— Мундунгус Флетчэр забраў усё: партрэты міс Бэлы і місіс Цысі, пальчаткі спадарыні, Ордэн Мэрліна першай ступені, кубкі з фамільным гербам і… і…
Крычар часта глытаў паветра, як рыба выкінутая на бераг, яго грудзі то ўзнімаліся, то апускаліся, затым яго вочы адчыніліся і Крычар выдаў ледзянячы душу ёкат.
-…І медальён! Медальён гаспадара Рэгулуса! Крычар дрэнны! Ён не справіўся! Не выканаў загад!
Гары адрэагаваў інстыктыўна, пакуль Крычар цягнуўся да качаргі, якая стаяла на каміннай рашотцы, ён накінуўся на эльфа і прыціснуў лядашчае цела да падлогі. Крык Герміёны змяшаўся з ёкатам Крычара, але гучней усіх было чутна голас Гары.
-Крычар! Я загадваю табе не рухацца!
Ён адчуў, што эльф замёр, і адпусціў яго. Крычар ляжаў, расцягнуўшыся на халоднай каменнай падлозе, і слёзы цяклі з яго журботных бездапаможных вачэй.
— Гары адпусці яго, калі ласка, — прашаптала Герміёна.
— Каб ён мог забіць сябе да смерці гэтай вось качаргой? — Хмыкнуў Гары, кленчачы ззаду эльфа.
— Я так не думаю, праўда, Крычар? Я жадаю ведаць праўду! Адкуль ты ведаеш, што Мундунгус Флетчэр украў медальён?
— Крычар бачыў яго, — усхліпнуў эльф, і слёзы пацяклі па твары прама ў рот, поўны шэрых зубоў. — Крычар бачыў, як ён выходзіў з жылля Крычара, з поўнымі рукамі скарбаў Крычара! Крычар закрычаў, каб злодзей спыніўся, але ён толькі пасмяяўся і ўцёк.
— Ты сказаў медальён Рэгулуса? Чаму? Як ён да цябе патрапіў? Што з ім зрабіў Рэгулус? Зараз Крычар сядзе і спакойна мне ўсё раскажа.
Эльф сеў, згарнуўся ў клубок, заціснуўшы свой заплаканы твар між ступняў і пачаў разгойдвацца ўзад і наперад. Калі ён гаварыў, яго голас гучаў глуха, але быў выразна адрозніваемы ў цішыні пустой кухні.
— Гаспадар Сірыюс збёг з хаты, так яму і трэба. Ён быў дрэнным чалавекам, разбіў сэрца маёй спадарыні сваёй непаслухмянасцю. Але гаспадар Рэгулус быў не такі, ён ведаў, што трэба рабіць у імя сям’і Блэкаў, у імя чысціні крыві гэтай сям’і. Гадамі ён гаварыў аб Цёмным Лордзе, аб тым што збіраўся навесці ў свеце парадак. Чараўнікам больш не трэба было б хавацца ад маглаў, наадварот сапраўдныя чараўнікі сталі б кіраваць светам людзей і бруднакроўкамі…
Калі яму было шаснаццаць, гаспадар Рэгулус далучыўся да Цёмнага Лорда. Быў такім гордым… такім гордым… такім шчаслівым, служыць… я яго разумею…
А аднойчы, праз год пасля таго як гаспадар Рэгулус далучыўся да Цёмнага Лорда, гаспадар Рэгулус спусціўся сюды, на кухню, каб паразмаўляць з Крычарам. Гаспадар Рэгулус заўсёды любіў Крычара і гаспадар Рэгулус сказаў… да ён сказаў.
Стары эльф стаў гаварыць хутка як ніколі, скарагаворкай выплёўваючы словы.
— …сказаў, што Цёмнаму Лорду патрэбны эльф.
— Вальдэморту спатрэбіўся эльф? — паўтарыў Гары, гледзячы на Рона з Герміёнай, якія былі здзіўлены не менш за яго.