Выбрать главу

- І аб дэментарах таксама.- сказаў Дамблдор.- Спадзяюся іх выдаляць са школы.

- А, так, зразумела яны сыйдуць,- адказаў Фадж, разгублена чухаючы галаву.- Нават у кашмарах не сніў, што яны могуць выйсці з-пад кантролю і... паспрабаваць Пацалаваць нявіннага хлапчука... Не, сёння ж да ночы, я адпраўлю іх назад у Азкабан. Нам магчыма мае сэнс абмеркаваць, ці не паставіць дзеля аховы школы драконаў...

- Хагрыду гэта спадабаецца,- прамовіў Дамблдор, з усмешкаю зірнуўшы на Гары і Герміёну. Калі дырэктар і міністр пакінулі палату, мадам Помфры паспяшалася замкнуць дзверы. Нешта злосна мармычучы сабе пад нос, яна вярнулася ў свой кабінэт.

У дальнім кутку палаты нехта ціхінька застагнаў. Гэта прачнуўся Рон. Гары і Герміёна бачылі, як ён падняўся, паціраючы галаву і азіраючыся навокал.

- Што... што здарылася?- прастагнаў ён.- Гары. Чаму мы ляжым тут? Дзе Сірыюс? Дзе прафесар Люпін? Што тут адбываецца?

- Распавядзі яму,- папрасіў Гары ў сяброўкі і ўзяў сабе чарговы кавалак шакаладу.

***

Калі на наступны дзень па апоўдні Гары, Рон і Герміёна пакінулі шпітальнае крыло, яны ўбачылі амаль што цалкам пусты замак. З надворку стаяла спякота, іспыты ўжо прамінулі, таму усе хто меў дазвол, скарысталіся ім, каб апошні раз перад вакацыямі наведаць Хогсмід. Але, ані Рон, ані Герміёна ня мелі жадання туды ісці, таму разам з Гары пусціліся блукаць па фальварку, абмяркоўваючы незвычайныя падзеі мінулай ночы і задаючыся пытаннем дзе зараз Сірыюс і Бакбік. Прысеўшы на беразе возера і назіраючы за Вялізным кальмарам, што гультаявата размахваў па паверхні сваімі шчупальцамі, яны працягнулі размову, але Гары страціў яе ніць, бо зірнуўшы на супрацлеглы бераг ён адразу ж прыпомніў, што яшчэ ўчора ўночы туды да яго, па паверхні возера скакаў срэбны алень...

Ззаду на іх напоўз нечый вялізны цень, Гары, Рон і Герміёна паднялі галовы і ўбачылі Хагрыда, што выціраў свой узапрэлы лоб хусткаю памерам у добры абрус і глядзеў на іх моцна асавелымі, але ззяючымі вачыма.

- Ведаю, што я ня ‘вінен адчуваць с’бе шчаслівым пасля таго што а’былося ўночы,- прароў ён,- я пра то’, што Блэк зноўку ўцёк і таму падобна’... Але веда’це што?

- Што?- спыталіся сябры зрабіўшы выгляд, што іх гэта моцна цікавіць.

- Бікі! Ёе збёг! Ён на волі! Я свят’аваў гэта ўсю ноч!

- Супер!- прамовіла Герміёна, кажучы кулака Рону, які, здавалася, быў ужо гатовы разрагатацца.

- Га... я пэўн’ не пры’язаў яго як трэб’,- працягваў Хагрыд, шчасліва апусціўшы вочы.- Я хвальваўся, ранкам думаў... ці ня стрэў ён у лесе прафесара Люпіна, але той казаў мне, што ў ночы някога ня еў...

- Што?- ціха спытаўся Гары.

- Як? Вы нічог’ ня чулі?- адказаў Хагрыд і ўсмешка на яго твары крыху паменьшылася. Паблізу анікога не было, але Хагрыд сцішыў свой голас і прамовіў.- Эмм... Снэйп сяння ў ранку распавёў слізэрынцам... а тыя пэў’ разняслі па ўсёй школе... прафесар Люпін – ва’калак, вось. І мінулай ноччу ён быў надвор’. Цер ён ужо пэў’ збірае рэчы.

- Збірае рэчы?- трывожка спытаўся Гары.- Чаму?

- С’ходзіць.- адказаў Хагрыд, ён здавалася быў здзіўлены тым, што Гары ўвогуле задаў гэткае глупае пытанне.- Зволіўся, сяння ранкам. Кажа ня можа болей рызыка’ць.

Гары ўскочыў з места.

- Я да яго,- сказаў ён Рону і Герміёне.

- Але ён ўсё роўна звольніўся...

-... і ты ўсё роўна анічым яму не дапаможаш...

- Мне абыякава. Я павінен пабачыць яго. Сустракаемся тут.

***

Дзверы кабінэта прафесара Люпіна былі адчынены. Ён ужо паспеў запакаваць большась рэчаў. Ля яго старой валізы стаяў пусты акварыюм ў якім колісь сядзеў грындзілоў. Валіза была адчынена і амаль што цалкам запоўнена разнастайнымі рэчамі. Прафесар стаяў схіліўшыся над чымсьці, што ляжала на яго стале. Ён падняў вочы, толькі тады, калі Гары пастукаў у дзверы.

- Я бачыў, што ты ідзеш,- усміхнуўшыся прамовіў Люпін. Ён паказаў на скрутак пергаменту, на які ўважліва глядзеў. Гэта была Мапа Паскуднікаў.

- Я бачыў Хагрыда,- сказаў хлопец.- Ён кажа, што вы звальняецесь. Гэта ж не праўда?

- Баюся, што праўда,- адказаў прафесар. Ён пачаў выцягваць шуфляды са свайго стала і вытрахаць іх змесціва.

- Чаму?- спытаўся Гары.- Міністэрства ж ня думае, што вы дапамагалі Сірыюсу?

Люпін падыйшоў да дзвярэй свайго кабінэта і замкнуў іх.

- Не. Прафесар Дамблдор пераканаў Фаджа, што я пайшоў у Халупу, каб выратаваць цябе.- ён уздыхнуў.- Для Северуса гэта было апошняй кропляй. Думаю страта Ордэна Мерліна балюча ўдарыла па яго гонары. Таму ён... ну... выпадкова прагаварыўся падчас сняданку, што я ваўкалак.