Выбрать главу

- Ані,- спакойна адказаў Дамблдор.- Хіба досвед працы з часакрутам анічаму цябе не навучыў, Гары? Наступствы нашый дзей настолькі заблытаныя і шматгранныя, што прадказанне будучыні, гэта сапраўды вельмі цяжкая справа... І прафесарка Трэлані, блаславі яе Пан, відавочны гэтаму доказ. Ты зрабіў вельмі шляхетна выратаваўшы жыццё Пэцігру.

- Але, калі ён дапаможа Вальдэморту вярнуць моц..!

- Пэцігру абавязаны табе жыццём. Цяпер Вальдэморт будзе мець сярод сваіх паплечнікаў твайго даўжніка. Калі адзін чараўнік ратуе жыццё другога між імі ствараецца пэўная сувязь... і думаю Вальдэморт ня будзе надта задаволены, калі адзін з яго лёкаяў будзе вінен Гары Потэру.

- Я не жадаю мець аніякай сувязі з Пэцігру,- сказаў Гары,- ён прадаў маіх бацькоў!

- Гэта магія самага глыбіннага, самага неспасцігальнага ўзроўня, Гары. Але вер мне... прыйдзе час, калі ты будзеш шчаслівы з таго, што выратаваў яго жыццё.

Гары было цяжка ўявіць, што гэткі час калі-небудзь надыйдзе. Дамблдор зірнуў на яго так, бы ведаў аб чым ён думае.

- Я добра ведаў твайго бацьку, Гары, як у Хогвартсе, так і пасля яго заканчэння,- мягка прамовіў дырэктар,- і ўпэўнены, што ён бы таксама выратаваў Пітэру жыццё.

Гары паглядзеў на яго. Дамблдор ня будзе смяяцца з гэтага... Гары распавядзе яму...

- Ноччу... Я вырашыў, што гэта мой тата выклікаў Патронуса. То бок, калі я ўбачыў сябе праз возера... я вырашыў, што бачу яго.

- Памыліцца было бы даволі лёгка,- мягка адказаў Дамблдор.- Мяркую ты ўжо стаміўся чуць, як неверагодна ты падобны на Джэйса. За выключэннем вачэй... у цябе вочы тваёй маці.

Гары адказаў ківом.

- Глупствам было думаць, што гэта ён,- прамармытаў хлопец.- У сэнсе... я ведаў што тата памёр.

- Думаеш, тыя каго мы любілі пасля смерці, сапраўды пакідаюць нас? Думаеш у часы самых найгоршых непрыемнасцяў мы не ўваскрашаем іх у нашай памяці яскравей чым калі-небудзь? Твой бацька жыве ў табе, Гары, і ён найвідавочна паказаў сябе, калі ты меў у ім патрэбу. Як яшчэ ты мог вызваць, менавіта гэтага Патронуса? Па Хогвартсе мінулай ноччу зноў праскакаў Рагач.

Гары спатрэбіўся час, каб зразумець аб чым той кажа.

- Ноччу Сірыюс распавёў мне аб тым, што яны сталі анімагамі,- з усмешкаю працягваў Дамблдор.- Неверагоднае дасягненне... і ў першую чаргу тым, што яны ўтоілі яго ад мяня. Больш таго, я прыпомніў незвычайную форму твайго Патронуса, які абрынуў містэра Малфоя, падчас матчу з Рэйвенкло. Такім чынам ты сапраўды ўчора бачыў свайго бацьку... бачыў у самім сабе.

Дамблор выйшаў з кабінэта, пакінуўшы Гары сам насам з блытанінаю ў думках.

***

Ніхто ў Хогвартсе, акрамя Гары, Рона, Герміёны і Дамблдора, ня ведаў таго, што адбылося той ноччу з Сірыюсам, Бакбікам і Пэцігру. Але ўжо да канца сэместра Гары пачуў шмат тэорый аб тым, што адбылося, але аніводная з іх не наблізілася да праўды.

Аб уцёках гіпагрыфа асабліва злаваў Малфой. Ён быў упэўнены, што Хагрыд знайшоў нейкі спосаб употай пераправіць Бакбіка ў бяспечнае месца, таму выглядаў звышабураным з таго, што яго з бацькам абдурыў нейкі палясоўшчык. Між тым, Персі больш выказваўся, наконт уцёкаў Сірыюса.

- Калі я ўладкуюся на працу ў Міністэрства ў мяне будзе шмат прапаноў, наконт пераробкі Законаў аб Магічных Спагнаннях!- казаў ён, але адзіным чалавекам, які слухаў яго... была яго дзяўчына Пенелопа.

Ня гледзячы на цудоўнае надвор’е, атмасферу ўсеагульнай весялосці і ведаючы, што ён зрабіў, амаль што немагчымыя рэчы, каб дапамагчы Сірыюсу вырвацца на свабоду, Гары ніколі яшчэ не адчуваў сябе напрыканцы навучальнага года ў настолькі благім настроі.

Вядома ён не быў адзіным, хто тужыў аб адстаўцы прафесара Люпіна. Усе хто вучыўся ў яго Абароне ад Цёмных Мастацтваў шкадавалі.

- Цікава, каго прызначаць выкладчыкам у наступным годзе?- змрочна спытаўся Шымас Фініган.

- Можа ўпіра?- выказаў надзею Дын Томас.

Але не толькі адстаўка прафесара Люпіна не выходзіла з галавы ў Гары. Ён амаль увесь час разважаў аб прадказанні прафесаркі Трэлані. Хлопчык турбаваўся аб тым, дзе зараз Пэцігру і ці не знайшоў ён ужо прытулак Вальдэморта. Аднак больш за ўсё яго прыгнятала неабходнасць вяртання да Дурслі. Усяго толькі поўгадзіны, хвалебныя поўгадзіны, ён лічыў, што адгэтуль будзе жыць разам з Сірыюсам... лепшым сябрам яго бацькоў... гэта было амаль тое ж самае, калі б яго тата насамрэч павярнуўся назад. Але цяпер адсутнасць якіхсь звестак аб Блэку было самай лепшай навіной, бо значыла тое, што той дастаткова добра схаваўся. Аднак Гары ня мог не маркоціцца аб тым, што яны маглі жыць разам, а цяпер гэта было амаль што немагчыма.

У апошні дзень сэместра яны атрымалі вынікі іспытаў. Гары, Рон і Герміёна атрымалі добрыя адзнакі па ўсіх прадметах. Гары быў надта здзіўлены тым, што здаў Зеллеварства. Ён меў падазрон, што Снэйп не заваліў яко, толькі дзякуючы ўмяшальніцтву Дамблдора. Паводзіны Снэйпа ўвесь мінулы тыдзень моцна турбавалі хлопца. Ён нават не мог уявіць, што той можа зненавідзець яго, больш чым колісь, але ў Снэйпа гэта безумоўна атрымалася. Цяпер кожны раз, калі яны сустракаліся, у вуглах снэйпава рота непрыемна пачыналі тузацца жолвы, а пальцы звесь час сціскаліся, быццам прафесар спрабаваў задушыць Гары.