Выбрать главу

Карчмар найбольш пакручваўся каля ганаровых людзей. А ix сёння было нямала. За сталом, што быў блізка каля перагародкі, у куце, сядзелі Дзяжко, Гарбуковіч, Чарноў (быў з імі i Лядзяш, але, калі ап'янелы Чарноў аблаяў яго пры ўсіх, дык знік адгэтуль). За другім сталом размясціліся браты Дземідовічы, Гарбацэвіч, Алесь, бацька з братамі.

Ззаду, пасярод залы, сядзеў Мішук з Емельяновічамі, а далей, пры самым парозе, уселіся Чорныя (Пятро, калі карчмар перастаў даваць напавер гарэлку, пашыбаваў услед за Ледзяшом у вёску, на танцы, думаючы там чым-небудзь пажывіцца).

За Алесевым сталом пілі мала — узялі па чарцы, прыкусілі хлебам, скрылікам кілбасы i гурка ды гаманілі. Баяў байкі вясёлы сёння стараста, Дземідовіч; стары Нямкевіч слухаў, зрэдзь устаўляючы i сваё паважнае слова; Гарбацэвіч, пачырванелы i, бадай, упершыню сёлета не нудны, не хмурны, зусім маўчаў, чуючыся са сваімі шаноўнымі ў вёсцы суседзямі, як за сцяною. Здаецца, зусім не баяўся Чорных, што люта апякалі позіркамі яго спіну.

— Пры гэтай, як кажуць, сталыпінскай рэформе можна нажыцца, калі маеш крыху ў кішэні i ў галаве...— гаварыў Дземідовіч.— Можа, i дарэмна мы баяліся зрывацца з месца, ісці на хутары. Хто не мае ніякага запасу, дык, капечне, прападзе там, а вось той, хто мае, не прападзе. Наадварот, пабагацее. Каб іншы які хітрун, дык не баяўся б, а мы, кажу, асцерагаемся ўзяць тое, што нам даюць...

Крутнуўшыся ад стала, дзе сядзелі Дзяжко i Гарбуковіч ды спаў ужо, апусціўшы галаву па рукі, Чарноў, ля ix нечакана паўстаў гаспадар — сёння таксама ў святочнай кашулі, у камізэльцы, вясёлы.

— Вазьміце яшчэ па чарачцы, панове,— ласкава загаварыў.— Сёння ж ваша свята, радасць. Не сушыце галовы, a павесяліцеся. Гарэлачка ж весяліць душу.

— Ці не спаіць нас захацеў? — усміхнуўся Дземідовіч.

— Што вы, пане стараста! — той аж закрыўся рукамі.— Хіба я маю такія паганыя намеры? Мне хочацца ўслужыць вам, каб вы адпачылі.

— Дзякуй табе, але мы больш піць не будзем,— рашуча сказаў Дземідовіч.— Бо атрута гэтая да дабра не давядзе.

— Гэй, Шлёма!— загукаў з далёкага стала Miхайла Чорны.— Нам нясі. Запішы i гэтую бутэльку на чорную кніжку. I селядзец яшчэ падай.

— Можа, паны хочуць паслухаць музыку? — нібы не чуючы Чорных, якія шмат п'юць, але не плоцяць, a толькі бяруць у пазыку, запытаў гаспадар.— Можа, жадаеце, каб вашу душу пацешыла скрыпка?

— Вось музыку паслухаем,— згадзіўся Дземідовіч.— А змеева зелле прыбяры з вачэй. Хопіць. Яно вяселіць, калі яго вып'еш у меру. A калі перабярэш, дык яно абсвіньвае цябе...

— Чуеш ты, злыдзепь, ці не? — зноў закрычаў Міхайла, грукнуў кулаком па стале.— Нясі яшчэ бутэльку! Не дасі — карчму тваю ўверх нагамі пepaвернем.

Гаспадар, прыгнуўшыся, нашыбаваў да Чорных, паставіў на іхні стол пляшку, кіўнуў дачцэ (яна стаяла пры дзвярах), каб падала сюды i селядзец ды паклікала Лейбу.

Неўзабаве той, высокі, з густымі чорнымі валасамі, вусамі ды барадой, у чорным касцюме, нейкі сумны, ды таямнічы, нібы дэман, i выйшаў са скрыпкаю (яе, адкраўшы ад сына, прадаў карчмару Гарбацэвіч). Прыклаў скрыпку да плечука, прыціснуў шчакою i пачаў вадзіць па струнах смыком. Па зале паплыла жаласная, нібы жалобны плач, музыка.

Усе гулякі замоўклі, з павагаю i ўзрушанасцю пазіралі на скрыпача-чараўніка: той, заплюшчыўшы вочы, вадзіў i вадзіў смыком, змушаючы, здавалася б, мёртвае дрэва, струны i смык плакаць, a людскія душы — развярэджвацца, адклікацца сэрцам на найтанчэйшыя музычныя выявы. Нават не верылася, што гаспадароў парабак у гэтыя хвіліны такі боскі, недаступны, а сяляне-слухачы — гэткія чуйныя, падатлівыя да чараў гукаў, мелодыі, што бралі ў палон больш, чым словы.

Сыграўшы, Лейба схіліў галаву. У адказ яму гучна запляскалі. Нават Чарноў прачнуўся, зірнуў на ўсіх няўцямна. З апошняга стала падняўся Сцяпан Чорны. З чаркаю гарэлкі.

— Выпі, братка,— сказаў падышоўшы. Падаў чарку.— Душу ж пераварочваеш. Чыстаю яе робіш.

Той памяркоўна ўсміхнуўся, узяў чарку i выпіў з яе адным махам. Не закусіўшы, зноў зайграў. Ужо не жалобна, але i не зусім весела — неспакойна-адчужана i запытальна.

Сцяпан пастаяў з хвіліну, нібы памыліў вуснамі, а пасля заспяваў. I трапна, не зусім гучна, але прыемна:

Все сверстники мои давно уж па покое, И младшие давно сошли уж на покой, Зачем же я один несу ярмо земное, Забытый каторжник на каторге земной? Не я ли искупил цепой страданий многих Все, чем пред промыслом я быть виновным мог? Иль только для меня своих законов строгих Не властен отменить злопамятливый бог?[15]
вернуться

15

Верш П. Вяземскага.