Выбрать главу

— Дзеці,— прамовіў з хваляваннем,— не апускайце галовы. Няхай вы i забыліся шмат, чаму вучыліся, няхай вы яшчэ шмат чаго i не ведаеце, але верце: i вы здольныя да навукі. Няпраўда, што нехта іншы, «панскі», здольны, а вы, сялянскія дзеці, не! Няпраўда! Здольныя i мы да навукі ды культуры. Вы гэта рана ці позна самі ўбачыце. З месяц мы павучымся па некалькі гадзін вечарам, а потым, як пойдзе работа ў полі, трэба будзе пасвіць каровы, будзем вучыцца i ў полі ці на пашы. Я не буду ні крычаць на вас, ні біць, ні ставіць у кут ці на калені. Не. Я хачу, каб вы хадзілі сюды толькі па сваёй волі, каб вы самі ведалі: вы павінны ведаць i родную мову, культуру. Вот вам алоўкі, папера,— расшпіліў сумку i раздаў, што меў з ранейшых запасаў, што дала яму Кацярына.— А вучыцца мы будзем не па званку, а па вашым жаданні. Я не буду ні ставіць ацэнкі, ні строга правяраць дамашняе заданне. Але спачатку я вось што хачу ў вас запытаць. Як вы думаеце, хто мы з вамі? Як народ?

Усе маўчалі.

— Не бойцеся,— усміхнуўся Алесь.— Гаварыце тое, што думаеце. Я не буду злавацца, караць.

— Мы рускія,— сказаў Язэп Чорны.

— Не,— запярэчыў Ядзін пляменнік.— Мы не рускія. Мы палякі...

— Не,— яму запярэчыў Язэп.— Мы не палякі. Мы ж не гаворым, як у Налібаках гаворыць пан Невядомскі.

— Але ж мы не гаворым, як тут гаворыць Сяргеенка i айцец Феадор,— стаяў на сваім Ядзін пляменнік.

— Ну-ну, дзеці, думайце,— усміхнуўся Алесь.— На пачатку ўжо дваццатага стагоддзя трэба ведаць, хто ты...

— Я ведаю, хто мы...— падняў руку Кастусь Чорны.

— Ну, хто ж мы? — усміхнуўся Алесь.

— Мы ліцвіны.

— Не, Кастусёк.

— Мы тутэйшыя...

— Але ж, Кастусёк, нідзе на свеце няма такой нацыі: тутэйшыя. Ёсць рускія, палякі, англічане, французы, немцы, украінцы, літоўцы, грузіны... Так, мы тутэйшыя. Але не без роду i племені. Ты, Кастусёк, беларус...

Усміхнуўся. Пазіраў на дзяцей: яны пазіралі на яго са здзіўленнем. Ім жа ніхто дагэтуль пра гэта не гаварыў. Калі хто i ўспамінаў гэтае слова, дык з сорамам ці з насмешкаю.

— Я, дзеці, хачу навучыць вас пісаць i чытаць так, як гаварылі вашы дзяды, як гавораць цяпер вашы бацькі i як гаворыце вы,— сказаў Алесь.— Пазней вы даведаецеся, што я нічога не выдумляю... Навучыўшыся пісаць i чытаць, шмат чаго даведаўшыся, вы перастанеце саромецца, адчуеце сябе людзьмі сярод людзей. Хоць гэта не значыць, што пасля вы можаце ўжо i не паважаць іншых. Не. Мы павінны заўсёды ўсіх паважаць, i тады ўсе нас будуць шанаваць... Некалі вялікі рускі пісьменнік Аляксандр Сяргеевіч Пушкін пісаў: «Два чувства дивно близки нам — в них обретает сердце пищу — любовь к родному пепелищу, любовь к отеческим гробам». Мы павінны прыслухацца да гэтых слоў i шанаваць памяць — гісторыю, продкаў, культуру. Чалавек без памяці — не чалавек, толькі нейкая паўразумная істота. Я раскажу вам на нашых уроках пра далёкіх прашчураў — крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, пра гісторыю, культуру, пра гарады. А гарады тут старажытныя: Полацк з 862 года, Віцебск з 974, Тураў з 980, Брэст з 1019, Мінск i Орша з 1067, Пінск з 1097, Гродна з 1128, Гомель з 1142... На жаль, сёння часамі не толькі дзеці, але i сталыя адукаваныя дзядзькі ўсё да драбніц ведаюць пра нейкі далёкі астравок у акіяне, а вось пра гарады, што я назваў, не знаюць амаль нічога... Здзіўляемся, не верым, калі нехта скажа, што, да слова, Полацкае княства з канца дзевятага стагоддзя было ў складзе Кіеўскай Русі, на пачатку адзінаццатага адасобілася, стала моцнаю суполкаю дзяржаўнага тыпу. Праз Полацк ішоў славуты птлях «з варагаў у грэкі», сам Полацк гандляваў з краінамі Усходу, з Паўднёвай Руссю, з блізкімі суседзямі, меў магутныя фінансы, узброеныя сілы, высокаразвітую архітэктуру, жывапіс, прыкладное мастацтва, пісьменнасць...

Алесь зірнуў на дзяцей: тыя слухалі ўважліва, лічы, не міргаючы, пазіралі на яго. Яму хацелася заплакаць: здаецца, дзеці думалі, што ён расказвае ім не нра блізкі Полацк, а пра далёкі Марс.

— У 1044-1161 гадах быў пабудаваны славуты Полацкі Сафійскі сабор, у 1152-1161 — Полацкая Спаса-Ефрасіньеўская царква, мясцовы таленавіты майстра Лазар Богша для асветніцы Ефрасінні Полацкай зрабіў славуты крыж — шэдэўр тагачаснага мастацтва. У 14 стагоддзі — дарэчы, як кажуць, у гэтую эпоху заявілася назва Белая Русь у дачыненні да нашых зямель — створана вядомае Друцкае Евангелле. Продкі мелі высокі ўзровень яшчэ ў ліцейнай справе, апрацоўцы металаў, ганчарным i сталярным рамястве, вырабе адзення, у ювелірным мастацтве, мастацкай разьбе па касці, камені i дрэве... Калі яны па пэўных прычынах у 13-14 стагоддзях злучыліся з Літвою, дык займелі ў новай дзяржаве, Вялікім княстве Літоўскім, добрую павагу. Першая сталіца яе была ў Новагародку, тагачасная беларуская мова стала афіцыйнай у Вялікім княстве Літоўскім[16], на ёй вялося справаводства i судаводства, пісаліся статуты, граматы, сеймавыя пастановы, летапісы i хронікі, а таксама мастацкія i царкоўныя творы...[17] Былі вялікія бібліятэкі ў Полацку, Слуцку, Супраслі, Гродне, Новагародку, Брэсце, выдатнае выяўленчае мастацтва, свецкія хоры i капэлы, аркестры... I як узлёт, як лебядзіная песня культуры таго часу — кнігі палачаніна Францішка Скарыны. Ён першы з усходніх славян у 1517 годзе пачаў кнігадрукаванне, пры гэтым на роднай мове... Пасля былі яшчэ творы Гусоўскага, Полацкага, першы на Беларусі i на Украіне буквар Лаўрэнція Зізанія i яго ж слоўнік роднай мовы, кнігі Стэфана Зізанія, Буднага, Цяпінскага, Собаля... Вялікае княства Літоўскае памагло запыніць нашэсце тэўтонаў i татара-манголаў... Пазней, пасля злучэння Вялікага княства Літоўскага з Польшчай, наша культура пачала занепадаць: у 1696 годзе Рэч Паспалітая забараніла ўжыванне беларускай мовы, i яна, гэтая забарона, на жаль, цягнулася аж да 1905 года... У 1772, 1793 i 1795 гадах пашы землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі...

вернуться

16

«Руская» (беларуская) мова абвешчапа афіцыйнай мовай дзяржавы артыкулам Статута Вялікага княства Літоўскага 1588. БелСЭ. Кароткая энцыклапедыя, 1978, т. 1, с. 168.

вернуться

17

Там жа, с. 171.