Выбрать главу

Кацярына падышла, узяла яго пад руку. Павяла. Сэрца яго забілася-забілася. Ад няёмкасці, збянтэжання.

— Кацярына Юр'еўна! А мы? — дурасліва паскардзіўся Дзяжко.— Ды i Арнольд Апанасавіч раўнаваць будзе!

— Адчапіцеся! Вы мне ўсе надакучылі,— амаль не азіраючыся, адказала ім Кацярына.— У мяне да Вані ёсць адзін інтарэс.

— I мы з табою...— пачуўся спеставаны голас меншай папоўскай дачкі, весялухі Машы. Пакуль Кацярына паспела толькі ўздыхнуць ад незадавальнення, абедзве пападзянкі, як кабылкі, зацокалі да ix. Дагнаўшы, невысокая Маня ўзяла яго пад руку, а старэйшая пападзянка, доўгая, як жэрдзіна, худая Валя — Кацярыну.

— Фу, Янка,— фыркнула Маня.— Ну i смярдзіць твой кажух! Аж нос зносіць.

«А хто цябе, такую пані, прасіў ліпнуць?» — ca злосцю падумаў ён.

— Кажух як кажух,— адказаў.

— Але пад гэтым авечым кажухом рыцарскае сэрца, Машачка,— не то жартам, не то ўсур'ёз прамовіла Кацярына.— Не адна вясковая дзяўчына ўздыхае, моліцца, хоць бы зірнуў на яе Ваня. I не дзіва: такі слаўны хлапчына! За ім жонка любая будзе як за сцяною!

— Маладзец супроць авец, а супроць малайца — сам аўца...— пажартаваў ён.

Маша задаволена хіхікнула.

— Не нагаворвай на сябе, Ваня,— не пагадзілася Кацярына.— Хто-хто, а я вас, Нямкевічаў, ведаю... На цябе, па-другое, i так нагаворваюць. Каб зняславіць. А ты... Ды што казаць! Ты з Нямкевічаў!

Яму была прыемная гэтая пахвала. Каму не радасць, калі цябе i тваю радню так хваляць? Хоць i ведаеш, той, хто хваліць, i не зусім добры чалавек. Толькі было дзіўна: чаму раптоўна так расшчодрылася гордая красуня Кацярына на такія цёплыя словы?

Прамаўчаў. Пазіраў, як у Засценку атухала полымя — спачатку яно спала, толькі памігцела нейкі міг у вачах, пасля раптоўна хлынула на вёску цемната.

Ззаду кавалеры-ганарліўцы ўсё яшчэ ўпрошвалі Кацярыну вярнуцца да ix. Ім не хацелася ісці ў тую кампанію, куды імкнуўся Янка. Самае вялікае — яны калі-нікалі заходзяць на вечарынкі ў Засценак — да шляхты.

«Не дай бог, каб была дома Зося i ўбачыла мяне з акна ў гэтай кумпаніі...— з жалем падумаў Янка.— I блізка тады не падпусціць да сябе. Адгоніць з пагардаю: бяжы да тых, з кім пад ручку шпацыраваў!»

Гаворачы, падышлі да хаты Мішуковых. Яна была перад вялікаю вясковаю лагчынаю, дзе ўвесну i ўвосень заўсёды шмат вады. Процьма яе i ў летнія ліўні. Раней тут, кажуць, i абрываліся Янкавіны. Бо недалёкі, за вярсту, Засценак, дзе асела некалі шляхта, быў ужо хутар. Але пасля паміж лагчынаю i Засценкам — на горцы, на пясочку — пачалі ставіць хаты прышлыя людзі, Супраневічы i Вайтковічы, Чорныя, як на ix гаварылі, i паволі, год за годам, звязалі вёску з Засценкам, a самі апыпуліся ў цэнтры. А гэты цэнтр чамусьці назвалі Сялом.

Яны, Чорныя, людзі тут адметныя. Калі ўсе астатнія мужчыны i кабеты звычайныя, са светлымі, ці з русявымі, ці зрэдзь i з рыжымі валасамі i блакітнымі вачыма, дык Чорныя інакшыя. Руда-цёмныя, нібы цыганы. У ix чорныя, што смоль, валасы, вялікія чарнявыя вочы, абвіслыя ніжнія губы. Калі з ix раднi хто возьме «белую» ці хто з «белых» пойдзе замуж за ix, дык усё роўна павядуцца дзеці цёмныя, у іхнюю гарачую кроў, з іхнім дзёрзкім i смелым характарам.

Чорныя — не тутэйшыя. Кажуць, сюды яны — нібы мешанцы тутэйшай крыві з татарскаю — перабраліся з-за недалёкага Немана, з Чорнай Русі[4] яшчэ за Радзівілам[5], калі ў гэтых мясцінах капалі балотную жалезную руду. Ix i іхніх землякоў яшчэ называюць i інакш — занямоне, ці занямонцы. Канечне ж, іхнія прадзеды ўцяклі сюды ад беззямелля, кінуліся ў заработкі на завод на выплаўцы жалеза ў Налібаках. Але ні тыя, нi гэтыя Чорныя не пабагацелі, засталіся самыя беззямельныя людзі. Век з ix — найміты, парабкі, хадакі ды ездакі па шчасце ў горад i за мяжу. Сёй-той з ix у роспачы выходзіў шукаць лепшую долю i з нажом на вялікую дарогу, употай шастаў уночы на далейшых вёсках па гумнах ды свірнах.

Праўда, не Сяло цяпер захвалявала Янку. Іншае. А што, калі Зося дома i пазірае ў гэтую хвіліну на яго?

— Ваня,— прамовіла Кацярына,— хочацца сказаць табе адно пажаданне. Хлопец ты відны, цябе любяць i будуць любіць дзяўчаты, дык не разбэшчвайся ад такой увагі. Пакахае хто цябе, пакахаеш ты — цані, беражы каханне. Страціш яго — шмат страціш. Калі i не ўсё. Хоць, я веру, ты будзеш добры муж.

— Ды ніхто не хоча за мяне ісці замуж...

— Няпраўда, манюка.

— Ды праўду кажу: адмахваюцца ўсе памялом...

— Ой, які хітры! — здзівілася Кацярына.— Бяры вось Машу. Чым кепская дзяўчына?

«Жонка дык жонка будзе! — падумаў.— I гультайка, i распусніца... Цесць — поп-машока ды мацюжнік...»

— Ды не раўня я ім,— адказаў.— Яны ў горадзе вучыліся, а я тут усяго два класы асіліў. Яны i самі больш на Дзяжко, на Гарбуковіча ды на Петухова глядзяць. Тыя вучаныя, на добрай службе. А я хто? Лапаць. А лапаць боту не пара...

вернуться

4

Чорная Русь — гістарычная вобласць у верхнім i сярэднім цячэнні Немана i яго левых прытоках.

вернуться

5

Маецца на ўвазе час да 1772 года.