Пасля, калі ўжо ішлі па начной ціхай, амаль без святла вуліцы, ён зноў пачаў расказваць, як Лядзяш змушаў яго даносіць на ix, але ён адмовіўся, бо ён сумленны чалавек i не хоча служыць Айчыне гэткім чынам, як ён любіць ix, Алеся i свайго земляка Казлова, як Лядзяш ганьбіць Айчыну, кляўся, што яны ідуць да Казлова i Лядзяш туды прыйдзе — пад вокны, каб усё выслухаць. Гаварыў, што добра кажа Казлоў: калі рэжым пачынае больш траціць на палідыю, чым на настаўнікаў ды культуру, дык будучыні ў такога рэжыму няма...
Перад Собалішынай хатай Чарноў акрыяў. Сам зайшоў, распрануўся i яшчэ ў парозе закамандаваў Собалісе:
— Вады, цётка Франя. У доктара заўсёды павінны быць чыстыя рукі!
Амаль не хістаючыся, пайшоў з сакваяжыкам да Казлова, сеў, зняў ручнік, прыклаў руку хвораму да лоба.
— О, Юры Васільевіч! Ды вы як у пекле! — пашкадаваў.— Чаму ж вы, дружок, такі сціплы? Чаму вы раней не паклікалі мяне? — паклаў на калені сакваяжык, адчыніўшы яго, дастаў трубку. Выслухаў ёю грудзі, плечы Казлова.— Двухбаковае запаленне лёгкіх, дружок. Не ставілі банечкі? Тады давайце, цётка Франя, лучыну, пакулле, першачок.
Собаліха хутка ўсё падрыхтавала. Чарноў змусіў Казлова перавярнуцца ніцма, задраў кашулю i пачаў спрытна на худыя плечы ставіць банькі — тыцне агнём у баньку i хлоп яе, памутнелую, на лапаткі ці пад лапаткі. Каторыя банькі адразу ж уцягвалі ў сябе цела, абчырвоньвалі яго, іншыя адпадалі: плечы Казлова был i вельмі худыя, здаецца, нават без тлушчу, дык за ix цяжка было ўхапіцца.
— Праз хвілінак пятнаццаць здымем, i вам, дружок, павінна палягчэць,— сказаў Чарноў, аддаў Франі яе начынне, сам падняўся, схадзіў, памыў рукі i зноў сеў паблізу Казлова. Прыхінуўся да біла ложка. Пасядзеў ціха з хвіліну-другую, а пасля нечакана засоп.
Алесь асцярожна перавёў яго на тапчан, уклаў, накрыўшы Франіным кажухом. Сам пасядзеў ля Казлова, каб неўзабаве зняць банькі. Ледзь толькі зняў, пакінуўшы на целе аж сінія кружочкі, i сабраўся ісці дадому, як у хату пастукалі i зайшлі госці — сябры Казлова па высылцы, Якаў Агуркоў i Аркадзь Кіеўскі, што гэтаксама ад каляд жылі ў Івянцы. Алесь, каб не замінаць сябрам,— a ім, відаць, трэба было пагаварыць пра свае партыйныя клопаты — пайшоў дадому. Выходзячы на двор, заўважыў, што ад плота мільганула постаць, пабегла ў цемень. Няйначай, нехта —Лядзяш ці шпік урадніка Петухова, як i пeрасцерагаў Чарноў,— падкрадваўся тут над вокны.
2.
Алесь які ўжо год прызвычаіўся класціся спаць позна. Дык i сёння, вярнуўшыся ад Казлова, рашыў яшчэ пасядзець.
Маці з бацькам ці ўжо спалі, ці ціха ляжалі ў першай, як казалі ў Янкавінах, цёмнай хаце; Янка з Кастусяю былі яшчэ ў вёсцы, на вячорках; Ядзя з дзецьмі спала ўжо ў лепшай, чыстай, альбо, як яшчэ называюць, белай хаце. Дарэчы, тут быў i яго пакойчык, адгароджаны ад Ядзінага шафаю (Ядзя, як i ўсе дзяўчаты з Засценка, мела ў пасаг не куфар, а шафу). Янка атабарваўся там, з бацькамі; тут з Ядзіным сынам спала на вольным Гіполевым ложку Кастуся. Алесь у сваім пакоі меў канапку.
Распрануўшыся, ён ціхенька, стараючыся не пабудзіць нi братавай, нi яе дзяцей, зайшоў у свой пакойчык, запаліў лямпу з абажурам. Зняў яе з дроту i паставіў на стале — каб сабе было больш святла, а каб Ядзі яно не надакучала.
Як i заўсёды, калі заходзіў сюды, не мог, каб спачатку не зірнуць з замілаваннем на дзве паліцы з кнігамі – самы вялікі яго скарб, які ён сабраў за сваю вучобу ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, за гады настаўніцкай работы на Віцебшчыне i тут, на радзіме — тое-сёе са старых выданняў перадаў яму матчын брат, які цяпер жыве ў Маскве. На паліцах стаялі i старажытныя кнігі — Скарыны, Буднага, Полацкага, i прыжыццёвыя выданні — Пушкіна, Лepмантава, Талстога, Дастаеўскага, Чэхава, Міцкевіча, Сянкевіча, Шаўчэнкі, i перакладныя — Гётэ, Бёрнса, Бальзака, Мапасана, а таксама фальклорна-этнаграфічныя зборнікі — Насовіча, Раманава, Шэйна, Нікіфароўскага, Дабравольскага, Федароўскага, i радок тоненькіх беларускіх кніжачак Багушэвіча, Купалы, Коласа, Багдановіча. На ніжніх паліцах — календары, камплекты «Нашай нівы», што ён выпісваў не на сябе, а на бацьку[6].
Яго сябры, Лямбовіч i Кірыковіч, бывае, i цяпер здзіўляюцца, дапытваюцца: ну, прызнайся, як ты, сялянскі сын, сабраў такую бібліятэку? У гэтых пытаннях, мусіць, не толькі ўражанне, але i іншае: хіба трэба селяніну кнігі? Хіба ён здатны для ix? Няўжо не аддасць ix за гарэлку?
На ніжэйшых паліцах — звязаныя аборамі старыя, пацёртыя папкі. Там былі сабраныя ім народныя словы да будучых слоўнікаў беларускай мовы — тлумачальнага, фразеалагічнага, сінонімаў i блізказначных слоў, да слоўнікаў руска-беларускай, беларуска-рускай, польска-беларускай i беларуска-польскай моў. Словам, тут было звыш дзесяці гадоў яго, лічы, штодзённай працы. Работы дарагой i любімай. Без яе ён ужо не мог. Праўда, сёе-тое з гэтых папак — прадмовы да слоўнікаў, гістарычны нарыс роднай мовы — забрала з сабою паліцыя, калі рабіла вобыск.
6
Маецца на ўвазе тое, што царскія ўлады не дазвалялі выпісваць «Нашу ніву» чыноўнікам, настаўнікам, вайскоўцам, студэнтам, вучням.