Выбрать главу

— Дык ваша веска моліцца на ўсход сонца, a ўсе астатнія вакол — на заход? — усміхнуўся Купала.

— Нe. I ў нас, i ў іншых вёсках амаль усе сяляие лічаць сябе «тутэйшымі»...

— Дзякуй богу, калі так! — прамовіў Купала.— Бо нам з дзядзькам Ігнатам, на жаль, шмат дзе i тут, у Вільні, гэтаксама прыходзілася бачыць якраз адваротнае. Занепакоены, я нават думаю напісаць i надрукаваць пра гэта спецыяльны артыкул... Як, на ваш погляд, вось такія думкі? — Ён узяў са стала лісток i пачаў чытаць з яго: — «Апрача палітычнай i эканамічнай залежнасці, была i другая прычына, асляпіўшая светапогляд беларуса,— гэта рэлігійная нязгода двух хрысціянскіх абрадаў у нашым краі: каталіцтва i праваслаўя. Гэтыя дзве царквы — заходняя i ўсходняя, ведучы вечную спрэчку паміж сабою, раздзяляюць наш ядыны народ на дзве часці, адных i тых жа дзяцей сваёй маткі-зямлі водзяць паміж сабой, даводзячы нават часта да бойкі за святы знак хрысціннства — крыж... Гэта змаганне дзвюх вер не толькі дзеліць беларусаў на дзве часці па рэлігіі, але, самае важнае, забівае ў ix свядомасць i пачуццё нацыянальнай еднасці. Беларусу-католіку ўгаварваюць, што раз ён католік, то ён — паляк, i не павінны братацца з тым, хто іншай веры; беларусу-праваслаўнаму кажуць, што раз ён праваслаўны, то ён — расіец, i католіка-беларуса павінен сцерагчыся, бо ён — паляк. I што з гэтага выходзіць? Расце нязгода, расце нянавісць — рэчы, нікому не патрэбныя, апрача хіба ворагаў нашага народа...»[7]

— Дакладна ўсё i слушна,— як Купала скончыў чытаць, першы загаварыў Сямён.— Такі артыкул, дзядзька Янка, трэба мусова надрукаваць. Ён вельмі своечасовы, патрэбны.

— Добра, Сямён. Надрукуем,— усміхнуўся Купала. Зірнуў на Алеся.— Як жывуць налібачане? Пpa што ix найбольшы клопат?

— Пpa зямлю,— адказаў Алесь.— Як i ўсюды, мусіць.

— Надта не паверылі, што Сталыпін ашчаслівіць?

— Не. У нас мала хто пайшоў на хутар, узяў водруб.[8] Вельмі не асмеліліся лезці ў пятлю пазямельнага банка, браць крэдыты. Як не кінулася-рынулася шмат i ў Сібір.

— Сталыпін хацеў суцішыць вясковы люд, але не суцішыў,— пахітаў галавою Купала.— Багатыя пабагацелі, а бедныя засталіся беднымі. Але вёска разварушылася. Многія ўжо не вераць у салодкія абяцанкі, бачаць несправядлівасць... Нам трэба вельмі пільна сачыць, добра ведаць, што робіцца ў вёсцы, чаго хоча селянін. Во ў вёсках — беларускі люд[9] наш чытач. Горад наш іншамоўны[10]. Чужародны, як кажуць.

— I яшчэ ў апошні час вельмі пра вайну загаварылі...

— Порахам папраўдзе вельмі запахла...— уздыхнуў Купала.— I ў Пецярбурзе, i тут, у Вільні, таксама пра яе шмат гавораць. I калі вайна ўсім страшная, дык нам удвая. Калі нехта можа спадзявацца, што ў ліха будзе ўбаку, дык мы, на жаль, на такое спадзявацца не можам... Зямлі нашай вайна не абміне, як нiколi не абмінала... Бо нам бог чамусьці вызначыў жыць на скрыжаванні ваенных дарог...— замаўчаў, падумаў.— Ну, а «Нашу ніву» ў вас чытаюць? Вераць ёй? Ці абыякавыя?

— Чытаюць, але не ўсе...— прызнаўся Алесь.— Таму...

— Ясна,— усміхнуўся Купала.— Нy што ж, Алесю, памагайце i вы змагацца за розум i душу кожнага нашага чалавека...

Як адыходзіліся, з ветлівасцю зірнуў Алесю ў вочы i Ігнат Буйніцкі, што маўчаў увесь час. Яго з тэатрам i хорам Алесь бачыў у Нясвіжы там пазалетась, але цяпер адразу не пазнаў. Відаць, адразу ж пазнаў бы ў танцы. Буйніцкі танцаваў адмыслова — шпарка, агніста, самааддана. Як i напісана ў Купалавых радках:

Важна рэй Ігнат Буйніцкі У танцах нашых водзіць, Аж здаецца — усё чыста Хадыром з ім ходзіць.
Ці «Мяцеліца», ці «Юрка», «Мельнік» ці «Антошка» — Усё ў яго сыходзіць гладка, Не змыліць ні трошка.
Пад дуду i пад цымбалы Топне, прыспявае... Сцеражыцеся, ўсе людзі: Беларус гуляе!

Алесь i Сямён выйшлі з пакоя.

— «Збіраю аб'язную беларускую трупу,— запыніўшыся, пачаў чытаць Сямён запіску ўголас.— Хто хоча далучыцца да яе, прашу ў беларускую кнігарню (Вільня, Завальная, 7) на мае імя паведаміць. Ад артыстаў вымагаецца, каб мелі добры беларускі акцэнт у мове, зналі ўжо сцэну, маглі спяваць i танцаваць на сцэне. Ігнат Буйніцкі». Во, браце, пан! Паболей бы нам такіх паноў! Маёнтак свой прадаў, у даўгі залез, а свой тэатр i хор падымае! Грошай няма, улады забараняюць гастролі, баючыся папулярнасці гэтага тэатра i хору, a Буйніцкі ўсё роўна не здаецца! Во дзе прыклад для самаахвярнага служэння мастацтву, народу!

вернуться

7

Артыкул Янкі Купалы «Вера i нацыяпальнасць» надрукаваны ў «Нашай ніве», 1914, № 27 пад подпісам: I. Л., а таксама — у Зборы твораў, 1970, т. 7, с. 212.

вернуться

8

Селянін пры водрубным падзеле не пераносіў сядзібу на ўчастак, a жыў у вёсцы.

вернуться

9

На 1.1.1913 года ў Беларусі (у сучасных межах) у гарадах жыло 990,0 тысяч чалавек (14%), па вёсках — 5909,0 (8(5%). «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя». БелСЭ, 1981, т. 4, с. 9.

вернуться

10

Паводле перапісу 1897 года ў Беларусі (у сучасных межах) найбольшы працэнт беларусаў у параўнанні з Мінскам, Гродна, Віцебскам быў у Магілёве i складаў 30 %.