Скончыўшы расказваць, Сямён прыгледзеўся да Алесевых вачэй, да ўсмешкі, а пасля i сам з няёмкасцю ўсміхнуўся:
— Ды я ж табе, змей, расказваў ужо пра гэта! А ты маўчыш...
— Пра такое прыемна i яшчэ пачуць...
— Ладна,— крышку сумеўся Васілевіч.— Да працы прыступіш заўтра, будзеш на першым часе апрацоўваць лісты, карэспапдэнцыі нашых аўтараў. А сёння хадзем пагуляем па Вільні. Пасля паедзем да мяне. Будзеш жыць у нас.
— Табе самому няма дзе павярнуцца, а ты яшчэ i мяне хочаш уціснуць у свой церам-церамок...— усміхнуўся Алесь.
— Памесцімся. У мяне табе будзе ўтульней, чым у Мухавых пакоях...
— Як ён цяпер жыве? — усміхнуўся Алесь.
— Анічога. Круглее i шчаслівее.
— Сварыцеся ўсё па-ранейшаму?
— A пайшоў ён к чорту са сваімі хітрыкамі! — Сямён зноў узбудзіўся. Толькі цяпер ужо загневаўся.— З усімі хоча быць добры. I з уладаю, i з бунтарамі. Ca мною i з Лідскім.
Неўзабаве, калі апрануліся i выйшлі з рэдакцыі на сонечны цёплы, са шчодрым капяжом двор, Сямён раззлаваўся яшчэ болей i на Муху, i на Лідскага. Мусіць, яму добра ад тых за нешта дасталося. Тыя — вялікія хітруны. Умеюць паслухаць, памаўчаць, выбраць спрыяльную хвіліну i ўзяць верх адным словам.
— Ну, скажы, за што не паладзілі? — зноў усміхнуўся Алесь.
— Ды з-за вёскі...— страсна адказаў Сямён.— Скажу табе шчыра. З усіх вас мне некалі найбольш падабаўся Лідскі. Нават больш — я любіў яго. Вясёлы, разумны, разважлівы, смелы... Мы тут з ім шмат перагаварылі. Пра жыццё, пра гісторыю, пра вялікія i малыя народы, пра найвышэйшую мэту чалавецтва, пра ролю культуры, літаратуры ўрэшце... Але гаварылі-гаварылі i, як ты кажаш, не паладзілі. Я лічу: нам трэба найперш трымацца за вёску. Там — наша душа, моц. Праўда, за вёску трымаюцца i сацыялісты-рэвалюцыянеры. Я не за ix (не прымаю іхняй цягі да тэрору, поглядаў на нацыянальнае пытанне). Я — грамадовец[12] Я — за сваю праграму. Я, паутару, веру найбольш у пашых сялян i ў іхніх сыноў-інтэлігентаў. А Юры смяецца з мяне: мужык ёсць мужык, на нешта высакароднае, самаахвярнае, вялікае не здатны. Ён — усяго толькі цяглавая жывёліна...
— Няўжо ў яго заявілася такая фанабэрыя? — здзівіўся Алесь.— Ён жа сам з мястэчка! З пашанаю раней гаварыў пра сялян!
— Ён хітры. У яго i цяпер па вуснах мёд: братэрства, роўнасць, воля...
— Нічога не разумею... — прызнаўся Алесь.
— I я доўга не разумеў,— пацішэў, але не перастаў гневацца Сямён.— A нядаўна здагадаўся. Ён вяшчае святыя пачуцці не шчыра, а з хітрыкаю. Ён усыпляе імі. Хоча, каб мы сталі рахманыя. Для чаго? Ды каб узяць нас у свае рукі...
— Перабольшваеш ты штосьці, Сямён,— не згадзіўся Алесь.
— Наадварот, яшчэ мала адчуваю ўсёй небяспекі... — запаліста адказаў той.— Лідскі хоча таго, чаго мы не ведаем. Ён нібы за ўсіх, за ўвесь чалавечы род. Але на самай справе ён толькі за сябе.
— Ды што ў яго за мара? — усміхнуўся Алесь.— З якою ён партыяй?
— Ён — нібы беспартыйны. Ён — агульначалавек, агульназвер з лісы, ваўка i зайца. «Што ж,— гаварыў яму,— дбаць пра ўсіхнае шчасце — высакародна. Але як яго дабіцца?» — «Трэба,— адказвае,— адна для ўсіх рэлігія, культура, мова, эпаноміка».— «Добра,— адказваю.— Цяпер у чалавечым родзе ёсць бедныя i багатыя, светлыя душы i цемрашалы, тыраны i заняволеныя. Як служыць усім? Як ix усіх зрабіць шчаслівымі. Багацеям i тыранам адмаўляюся спрыяць. Хачу служыць толькі бедным, заняволеным. Да такой службы мяне ўпаўнаважваюць тыя ж веска, сяляне, бацькі. А хто даручае табе выступаць ад усіхнага імя? I селянін, i пан, i цар? Дык адкажы, будзь ласкавы: ці не дабіваешся ты, каб нейкі тыран стаў усіхным тыранам, а нас меў за сваіх парабкаў?» Думаеш, толкам мне адказаў на гэта? Не. Напускаў туману, папікаў мяне ў цемнаце, а пасля зларадна засмяяўся: ну, ідзі-ідзі са сваімі мужычкамі — мужыком i застанешся...
— Такой бяды,— прамовіў Алесь.— Няхай ён прапаведуе сваё, а мы будзем рабіць сваё. Час сам пакажа, што будзе з гэтага...
— Дзівак ты, далібог!— Сямён хітнуў галавою, аж адчайна ўсміхнуўся.— Ды ён жа ганьбіць нас, вёску i сялян. Не дае ўзрасці нашай справе. Дык мы што — дзякаваць за гэта яму павінны? Разам з чарнасоценцамі? За тое, што яны не хочуць, каб абудзіліся здаровыя народныя сілы?
12
Маецца на ўвазе Беларуская сацыялістычная грамада — «дробнабуржуазная нацыянальная партыя леванародніцкага кірунку ў 1902-1918 гадах». («Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя», т. 1, с. 102.)