Выбрать главу

Усміхнуўся. Пачакаў, што скажа Алесь. Той не падымаў галавы, слухаў. Цяпер Васілю спадабалася такая марудлівасць, маўклівасць: яны былі ўжо адзнакаю мудрасці. Але ён ведаў, што неўзабаве распячэ, змусіць запаліцца госця: ведае, дзе яго боль, знае, што зачапіць.

— Я лічу цвёрда: сакрэт той — якраз у сялянскім характары. У ім, выходзіць, вельмі шмат закладзена. Што іменна? Цярплівасць i ўменне прыстасоўвацца да самых жудасных умоў... Успомні: хто толькі не прыходзіў з мячом, лічыў наша дрэўца адросткам свайго вялікага дрэва! Сяляне не пярэчылі, здаваліся на міласць дужэйшага. Чаму? Ды баяліся, каб ix не выразалі! I пасля паводзіліся ціхамірна. Страчвалі волю, імя, лічылі сябе за тых, пад кім былі, але захавалі душу! Выжылі! Дык не мудрыя яны, гэтыя «мужыкі»?.. Але мы загаварыліся. Давай возьмем яшчэ па кроплі.

— Хопіць,— папрасіў Алесь.— Мы ўжо добра выпілі.

— У маладосці ўсе мы, Алесь, фантазёры, бунтары ці шчырыя крыкуны,— зноў загаварыў Васіль.— Амаль ва ўсіх, калі хочаш, тады абвостраныя болевыя пачуцці. Не перастае балець i пазней. Боль ёсць боль. Але ці разумна ўвесь час крычаць, дзе i што табе баліць? Усяму свету?! Сябрам i непрыяцелям?! — Усміхнуўся.— Адчуваю, папікнеш: грэх, сорам, ганьба маўчаць, хітраваць! Можа, i так. Але ці большы толк кідацца Дон-Кіхотам на непрыступную сцяну, быць неабачлівым?

Алесь сам сабе ўсміхнуўся. Васіль аж збянтэжыўся: якія яго словы выклікалі ўсмешку? Замаўчаў.

— Можна, здаецца, апраўдацца, калі захочаш,— прамовіў той.— За ўсё i ва ўсім...

— Лічыш: сваёю тэорыяю я апраўдваю толькі сябе? — запытаў Васіль, адчуваючы, як да галавы лінула кроў.— Не хочаш бачыць, што я рэаліст?!

— Ты нават звышрэаліст,— пажартаваў той,— Здаецца, даўно ўжо не ведаеш, што такое здзіўленне, захапленне, дзёрзкі парыў...

«Ды затое я нешта маю, а вы з Сямёнам — няшчасныя фантазёры i галадранцы»,— падумаў ca злосцю, уголас сказаў:

— Што мне ні гаварылі б іншае, я стаю на сваім: селянін — мудры чалавек. I ад мудрасці, калі захоча жыць, не адмовіцца i не пойдзе за вамі, не кінецца туды, куды вы яго вабіце... Ён не захоча рызыкаваць. Пра геаграфію, гэта значыць стратэгічныя дарогі, i пра ўласны характар я ўжо казаў. Яшчэ. Далека мора... А што без мора? Ніякай сувязі... Зямля бедная... Як кажуць, у ёй няма ні нафты, ні руды, нi вугалю, ні золата... Сялянскі правіцель хадзіў бы ў лапцях, жыў бы ў палацы, накрытым саломаю, сядзеў бы i спаў на лаве... Селянін усё гэта адчувае выдатна, таму i не рызыкуе, хоць, як пісаў Пушкін, часамі i чуюцца ад яго «...и тихие сетованья народа, издревле нам родного...». Але, наракаючы, паўтару, селянін з прагаю жыве, лічыць гаспадаром сваёй гаспадаркі самога сябе...

— Не ведаю: можа, селянін i такі,— прамовіў Алесь.— Але як нам, інтэлігентам, асуджаць сябе на такую ролю? Няўжо не павінны натхняць нас паўстанні Спартака? Пугачова? Касцюшкі? Гарыбальдзі? Каліноўскага? Дзекабрыстаў? 1905-ты?

— Натхняе... — мусіў згадзіцца Васіль.— Нядаўна 1905-ты тое-сёе даў, абнавіў. I нашы не праспалі, нешта ўхапілі ў Мікалая II. Упрасіць ці змусіць зняць забарону з роднай мовы — гэта ўжо ўдача. Але ці надоўга такая адліга?

— Значыць, большых перамен ужо не будзе? — запытаў Алесь, збіваючы ход яго думак i разваг.— Мы, інтэлігенты, асуджаны на лёс Сяргея Палуяна[13]?

— Адліга, лічу, мінулася. 1905-ты больш не паўторыцца,— адказаў Васіль.— I ты зусім дарэмна паляцеў матыльком на святло, бо абпаліў аб агонь крылы... Чаго ты дабіўся? Вызвалілі з пасады, a неўзабаве будуць i судзіць! Думаеш, суд заступіцца за цябе, не будзе аберагаць інтарэсаў «веры, цара i Айчыны»?! Не суцяшайся, суд будзе суровы... Пасадзяць — сапсаваў, лічы, сабе жыццё. Усюды будзе «асадзі назад». Каб ты цяпер, да слова, напісаў куды трэба, пакаяўся, падакляраваў, што будзеш «вернападданы яго імператарскай вялікасці», дык я цябе толькі пахваліў бы. За сялянскую мудрасць.

— Ну, а як тады я жыў бы?

— Як i ўсе.

— A калі ненавідзіш такую «мудрасць»?

— Ну, тады... — Васіль развёў рукі.— Будзь адрынуты.

— Ты вось, Васіль, зпайшоў дзесятак зачэпак, каб сказаць «супраць», i ні адной, каб сказаць «за»... — прамовіў Алесь.— А цяпер ёсць сілы, на якія можна спадзявацца.

вернуться

13

Беларускі пісьменнік Сяргей Палуян ва ўмовах сталыпінскай рэакцыі на дваццаць першьш годзе скончыў жыццё самагубствам.