Выбрать главу

Ляшчук. Харытон Васільевіч, твае планы да сходу?

Харытончык. Хацеў бы агледзець гаспадарку.

Бондар (мякка ўсміхнуўся). Ці не занадта рана?

Вераб’ёў. Рана? Ды за гэты час вы такое наробіце — новы за год не расхлёбае!

Бондар. Есці будзеце?

Вераб’ёў. Ці не збіраешся нас пачаставаць?

Бондар. Клопат пра людзей — асноўны прынцып калгаса.

Вераб’ёў (усміхнуўся Харытончыку). Калі чалавек загаварыў лозунгамі, трэба здымаць… А я па прастаце думаў, што асноўны прынцып — развіццё грамадскай вытворчасці… Таму ў вас каровы, як мухі…

Бондар. Няшчасны выпадак.

Вераб’ёў. У кожнага няшчаснага выпадку, гаворыць пракурор, ёсць аўтар. Дрэнна з людзьмі працуеце! Пойдзем паглядзім, дзе будзе сход.

Ляшчук. І прышлі да нас старшыню!

Бондар сунуў люльку ў кішэню, пайшоў з Вераб’ёвым.

Харытончык. Надвор’е нялётнае. (Пакурчыўся.)

Ляшчук. Надвор’ем таксама настаў час кіраваць.

Харытончык. Як Зязюля стаў старшынёй?

Ляшчук. Працаваў другім сакратаром райкома камсамола. А потым — дайце самы адсталы калгас… Пачынаў нядрэнна. А сёння — рэтраград, кансерватар… Дзе, калі спыніўся? А можа, спалохаўся?

Харытончык. Як вы думаеце — чаму я згадзіўся яго замяніць?

Ляшчук. Вядома, там было спакайней. Але ты даўно здольны на большае. Што такое старшыня калгаса? Фенаменальная фігура! Неяк, яшчэ пры мне, Зязюля паехаў да сваякоў жонкі, далёка… І ўбачыў — развал, п’янства… Прыходзіць да першага… Чакае сорак мінут. Праз гадзіну сакратарка паведамляе — прыняць не зможа. Зязюля: «Зайдзіце і перадайце — праз дзве гадзіны я буду ў абкоме, а праз чатыры ў кабінеце сакратара абкома ён будзе прасіць у мяне прабачэння…» Тая зайшла, далажыла…

Харытончык. І Зязюля быў прыняты.

Ляшчук. Але хто такі Зязюля? Старшыня калгаса. 450 чалавек. Столькі ж у любым цэху фабрыкі. Але ці можа начальнік цэха пайсці да першага сакратара райкома і патрабаваць спаткання? А Зязюля можа. Незвычайная пасада! Чалавек можа мець доступ да генеральнага сакратара, застаючыся на адной і той жа пасадзе дзесяткі гадоў.

Харытончык. У калгасе ў старшыні няма росту.

Ляшчук. Правільна! Калі пойдзе вышэй — раён, вобласць, — то штосьці страціць… Нават калі выскачыць у намеснікі міністра! Адзіная пасада, унікальная. Усё — ад размаху асобы. Можа высокага замежнага госця прымусіць выпіць з піўнога куфля віно — маўляў, аб мужчынскай годнасці ў нас мяркуюць па велічыні бакала… Можа разыграць міністра… Сыходзіць з рук. Гэта значыць, Зязюлю гэта даравалі. Таму дзейнічай! Іншага выпадку…

Харытончык. Вы задаволены сваёй работай?

Ляшчук. Ведаеш, чаго мне часам хочацца? Сабраць усе паперы — што нам пішуць і што мы пішам — і зрабіць на плошчы вялікае вогнішча! А потым махнуць куды-небудзь у вёску…

Харытончык. Кажуць, у Мінску амалоджваюць кадры і вам прапанавалі…

Ляшчук. Ага. Я адмовіўся.

Харытончык. Як?!

Ляшчук (усміхнуўся, адчуваючы асалоду ад зробленага эфекту). Такі ж твар быў у цесця!.. Ёсць у мяне думкі, Харытон… Здолееш укараніць — «зорачку» павесіш!.. Моцна на цябе спадзяюся! Сябрам буду і ў радасці, і ў горы… А вось і былы старшыня. Не верыцца, што калісьці быў арол… Прывітанне, гаспадар!

Падышоў Зязюля, з абодвума прывітаўся за руку.

У гэтым гаі выступаў хор Пятніцкага! Дырэктар фабрыкі — можа гэта дазволіць?

Харытончык (ажывіўся). Сур’ёзна?

Зязюля (усміхнуўся). Было. І цяпер спевакі з гордасцю гавораць: «Парыж і Лондан, Нью-Йорк і Дэлі, Рым і Галынка — усюды выступаў хор Пятніцкага!»

Харытончык. Як вы іх угаварылі?

Ляшчук. Ён каго хочаш угаворыць. А вось дарогу не зрабіў.

Зязюля. Рук не хапае.

Ляшчук. Навошта адмовіўся ад шэфаў?

Зязюля. Печань пачала пабольваць пасля банкетаў.

Харытончык. Хіба не ад вас залежыць, як прымаць шэфаў?

Зязюля (усміхнуўся наіўнасці пытання). А гэта наш адкормачнік.

Ляшчук. Зязюля, ты ж недурны мужык! Ці можна параўноўваць умовы працы тут і на комплексе?

Зязюля (не адразу). Што і казаць — на комплексе лягчэй, утульней. Але мы яшчэ раз прыкінулі — кармавая база…