Выбрать главу

"Якіх?.." - пацікавіўся ён, бо ніякіх песень да дэкады не пісаў, і сакратарка сказала: "Народных".

Што ж, з паэмай "На куццю" ў Маскву не паедзеш. Толькі з песнямі.

Ён, можа, і не паехаў бы, калі б не Ганна. "Я не ведаю, што яно такое, адно ведаю, што гэтага не трэба ні табе, ні мне, і нават не таму, што небяспечна, проста ні мне, ні табе не трэба, але я невыносна, нясцерпна хачу цябе ўбачыць, няхай нават праз гэта мяне спаляць, як ведзьму, я гатовая за цябе жывой згарэць…" - напісала яна ў лісце, перададзеным праз "даўняга вернага сябра", рэжысёра, якога паслалі з Масквы ў Мінск "кансультантам па падрыхтоўцы да дэкады беларускага мастацтва", і той кансультант, выпіваючы дома ў Купалы, нахіліўся блізка-блізка да вуха: "Вас арыштаваць могуць… А яна гуляе з агнём. Скажыце ёй пра гэта, напішыце…"

Арыштавалі, як толькі ён вярнуўся ў Маскву, "даўняга вернага сябра".

"На вакзале яго чакалі, знайшлі і забралі твой ліст, - казала Ганна, калі яны сустрэліся. - Што ты там напісаў? Будзеш цяпер на Лубянцы з ім у кампаніі!"

"У Мінску няма Лубянкі".

"Лубянка скрозь…"

- Вось вы ў якой кампаніі! - падала Купалу "Спіс пісьменнікаў, удзельнікаў дэкады беларускага мастацтва ў Маскве", сакратарка старшыні саўнаркама. - Сем чалавек. - І даверліва кіўнула на дзверы кабінета начальніка. - Там сказалі, што квота шэсць. Дык адзін лішні. Вы каго б выкраслілі?

"Мусіць, яна ва ўсіх пра гэта пытае?.." - прабег Купала позіркам па спісе, дзе насупраць кожнага прозвішча было пазначана, хто над чым працуе, хто і што стварае. Колас - п’есу "Вайна", Бядуля - аповесць пра рэвалюцыйную барацьбу гішпанскага народа, Лынькоў - раман "Кастрычнік у Беларусі", Броўка і Глебка - лібрэта оперы "Кветка шчасця", Міронаў, пра якога да таго, што пісьменнік, было дададзена, што ён як чалюскінец узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, рыхтуе да дэкады беларускага мастацтва арктычныя апавяданні, - і Купала сказаў: "Я б выкрасліў Купалу І.Д., аўтара народных песень. Бо такога не ведаю".

"Жартуеце, - уздыхнула сакратарка. - А гэта ж Масква!.." І па яе лыпаючых вачах, па ўздыбленых грудзях, па ўсёй ёй чыталася, што з Масквой не да жартаў.

"Масква, наша доля і воля…"

Так, з Масквой было не да жартаў, а Ганна (Купала зноў успомніў Асеева: "Гэтая актрыска шалёная!") прыйшла, хоць яны дамовіліся спаткацца пазней, на балет "Салавей", якім сканчалася дэкада беларускага мастацтва ў Маскве, і, калі ў фінале балета дзве сотні танцораў і танцорак тапталі "Лявоніху", да Ганны падсеў кінарэжысёр Чыаўрэлі, нешта сказаў ёй, кіўнуўшы на ложу, дзе сядзеў Берыя, і Ганна ўскочыла, села, зноў ускочыла, села - з боку можна было падумаць, што яна таксама "Лявоніху" танцуе. Урэшце яна паднялася і сышла, нічога не сказаўшы Купалу, а пад апладысменты танцорам да яго падышоў строгі малады чалавек: "Товарищ Купала, прошу со мной".

Са службовага ўваходу ў тэатр стаяла машына, з якой Купала, думаючы, што выйдзе на Лубянцы, выйшаў на Цвярской каля рэстарана "Арагві". Яго павезлі, хоць ад тэатра да рэстарана пешшу было дзесяць хвілін.

Не эканомяць у Маскве бензін.

30

Да Дома літаратара найбліжэй было прайсці праз парк Горкага. "Гэта лагічна, - сказаў бы Крыванос. - Да Дома літаратара праз парк Горкага".

Але чаму парк Горкага ў Мінску? Горкі тут не жыў. У парку не гуляў - прычым тут Горкі? Хіба пры тым, што пра беларускіх паэтаў Купалу і Коласа сказаў, што яны файныя хлопцы?..

У-у-у, колькі файных хлопцаў на ганку! Вунь і Барада сярод іх рукой махае. Зараз здароўкацца ўсе будуць. "Які ў цябе файны касцюм!.. "

- Пасля перакусіш, - сказаў Барада, не пусціўшы яго ў кавярню. - У Навума паямо, тут пачалі ўжо. Лугунец выступае. Ты не ведаеш, чаго ён за яйцы трымаецца? Нос крывы, за яйцы трымаецца, а пра Купалу кажа, што той быў п’яніца, таму з лесвіцы зваліўся.

Яны ўвайшлі ў залу, калі Лугунец скончыў выступаць. Убачыў Віктара, павярнуўся і сышоў са сцэны ў бакавыя дзверы.

Вось чаго ён прыпёрся са шпіталя ў жыццёва важнае месца паранены? Мусіць, сказалі, каб выступіў. Гэта таксама жыццёва важна.

Дык і табе ж сказалі. І ты выступіў. Але Лугунец сказаў тое, што хацеў сказаць, а ты - не. Так што яшчэ пытанне, хто каму пад дзягу кіпень мусіў выліць…

- Віктар? Ты чуеш? Што з табой? - тузануў яго за рукаво пінжака Барада і павёў на сцэну - ён, аказалася, быў вядучым вечарыны. - Паслухалі вы малайца Лугунца, - наўмысна змясціў Барада націск у слове, - а цяпер паслухайце малайца Маргера. - Ён толькі-толькі з Масквы, што-кольвечы вызнаў там пра Купалу, зараз распавядзе.

Калі Лугунец - малаец, значыць, не беларус, - вось што азначала наўмысна зробленае Барадой змяшчэнне націску. Па пашпарце, магчыма, беларус, але па сутнасці - не. Малаец.