Купала не думаў пра тое, чаму раптам Берыя стаў строіць з сябе нацыяналіста? У краіне, дзе, прачнуўшыся ранкам, ніхто не ведаў, ці ляжа ў свой ложак вечарам, кожны з сябе некага строіў, ніхто не быў самім сабой. Кожнаму здавалася, што ў іншага, не такога, які ён ёсць, шанец выжыць большы.
А вось пра пастку Купала думаў. І адчуваў, што патрапіў у яе так, што наўрад ці ўдасца вырвацца. Хіба толькі па-звярынаму лапу сабе адгрызці.
- Ты маленькі, дробнабуржуазны нацыяналіст! - раптам рэзка падняўся Берыя. - І мысліш дробнабуржуазна, па-маленькаму! Вось так... - склаў ён два пальцы ў дзюбку, паказваючы, як дробязна, па-маленькаму мысліць Купала. Пастаяў гэтак, гледзячы ўверх і любуючыся эфектам. Сеў, засмяяўся двума кароткімі смяшкамі. - Гэта не я кажу вам, гэта Сталін мне так казаў, калі з Тбілісі ў Маскву паклікаў. А трэба, сказаў, калі некім быць, няхай сабе нацыяналістам, дык вялікім. А як ім быць, як ім стаць?.. Вы не думалі… гэта я ўжо да вас, Іван Дамінікавіч. што такое вялікі палітык, палкаводзец, паэт? Чым вымяраецца веліч? Самім палітыкам, палкаводцам? Самім паэтам, ягоным талентам? Вядома, не без таго, але ведаеце, колькі таленавітых у якім-небудзь Ліхтэнштэйне? - з цяжкасцю вымавіў Берыя назву маленькага еўрапейскага княства, і Купала падумаў, што назву Манака, княства, не большага за Ліхтэнштэйн, вымавіць яму было б лягчэй. - Дзяржавай, Іван Дамінікавіч, веліч вымяраецца! Краінай, якая стаіць, якая высіцца за палітыкам, палкаводцам, паэтам! Вось адкуль веліч! Параўнайце: што такое Купала, за якім Беларусь, і што такое Купала, за якім Савецкі Саюз?.. Вы падыходзіце для Савецкага Саюза, вы яму адпавядаеце, таму мы вас і цягнем! Перад вамі гара, узыходзьце! На ёй кедры, дубы, над ёй сокалы, арлы - я вам потым, калі дазволіце, легенду пра арла распавяду… А вы ў беларускія кусты, у хмызняк, дзе ўсялякая драбяза пасецца. Нацыянальныя мышы ды тхары. Толькі піск ды смурод…
Берыя ўзяўся за бутэльку, віна наліць хацеў, але не наліў. Можа, не прыдумаў, за што выпіць? Не за мышэй жа з тхарамі.
- Сталін папрасіў мяне прыгледзецца да Хацкевіча: можна яго на гару, у Маскву, ці ён тхор? Толькі смярдзець будзе… Мне здалося, што не тхор. І можна падняць… Калі не на гару, дык на пагорак. Але яго забілі. Мы ў горы ездзілі, ён горы захацеў паглядзець. Вярталіся, калі ўжо звечарэла. На Каўказе хутка вечарэе. Вельмі хутка. Вось яшчэ нібыта дзень - і ўжо ноч. Месяц то з хмары, то ў хмару. І зырка так. А ў гэтага Хацкевіча, як і ў мяне, пенснэ было. У месячным святле паблісквала… І раптам стрэлы. 3 ночы, з цемры. А ў машыне жонка мая з намі, сын. Сасо мне пасля гэтага браніраваную машыну прыслаў. Такі самы "Пакард", на якім сам ездзіў. Але тады, у гарах на ваенна-грузінскай дарозе зратавала мяне не браня. У Хацкевіча пенснэ бліснула - у яго і стрэлілі. Пераблыталі мяне з ім. Выйшла, што ён мяне ўратаваў. Беларус грузіна. Хіба не так?.. Выпадкова, але так. І я не тое каб пакляўся, не, проста сказаў сабе... мы, грузіны, мегрэлы, а я яшчэ й мегрэл, удзячныя людзі і ўмеем трымаць слова... дык вось я сказаў сабе, што пры выпадку ўратую некага з беларусаў. І ўспомніў, як Хацкевіч распавядаў пра вас. Вось вы й жывы.
Берыя ўстаў, пайшоў па зале. Дакрочыў да дзвярэй, прыадчыніў іх і, пакінуўшы прыадчыненымі, рушыў назад.
- Але часова. Пакуль жывы. Бо ўсё можа памяняцца... Вось зараз нехта падыдзе і штурхне вас у спіну. І вы ўніз на скрут галавы. Мне пад ногі... - спыніўся Берыя. - А я вось так. - выцер ён ногі аб дыван на тым месцы, дзе мог ляжаць са скручанай галавой Купала. - І пайду далей. Да стала з віном. Можа быць, налью віна і вып’ю за вечную, так бы мовіць, памяць, а, можа, і не. Бо нічога вечнага няма. Нічога, апроч аднаго. Вечнай адсутнасці. Уяўляеце? Вы ўніз сторч галавой - і вас няма, няма і няма. Вечна. Гэта ж страшней за смерць. Таму думаць трэба, Іван Дамінікавіч, не пра тое, як у вечным застацца, а як у імгненным пражыць.
Берыя пастаяў яшчэ, гледзячы пад ногі, уздыхнуў і падняў галаву.
- Толькі тут, дзе імгненнае, ёсць у нас магчымасць пра вечнае думаць. Вершы пра вечнае пісаць. Сесці за стол, абняць сябра, выпіць... - зірнуў ён на дзверы. - Сустрэць жанчыну. - І працягнуў без ніякага пераходу. - Я спытаў неяк: "Сасо, што ты ўсё дома сядзіш? У Крамлі ды на лецішчы. Людзей не бачыш…" І прывёў яго сюды. Угаварыў прыйсці. Ён стаяў там, дзе цяпер вы, і глядзеў. Без асаблівай цікавасці. Нават раздражняўся: "Ты для чаго мяне сюды прывёў?.." Злаваць пачаў, але тут адчыніліся дзверы - і ўвайшла яна. З ягоным сынам і... Зрэшты, не важна, з кім яшчэ. Важна, што гэтак увайшла, што... - Берыя вярнуўся да стала, сеў, закінуў нагу на нагу і гукнуў у прыадчыненыя дзверы. - Пакажы, як ты ўвайшла!..